Выбрать главу

Нельга маладым і прыгожым са старымі жаніцца. Ня любіць гэтага андартальскі лес, злуецца, пачынае яго касабочыць ды хістаць. Нават ду­маць пра такое нельга, а калі ўсё ж падумаеш, трэба замерці, сэрца спыніць і трымаць, колькі здолееш, а потым выдыхнуць і зноў сэрца пусьціць, прыгаворваючы: ідзі, лішняе, куды ішло, а мяне не чапай, гіпсакардон і сьцеклавата, у мяне лішняга й так багата. Нельга маладым са старымі жаніцца, бо такі закон: бяда будзе. Бяда будзе, калі старыя са сьмерцю чаі п’юць у сьне, а маладыя ім цукар у кружкі кладуць. Такую карцінку Бянігна бачыла, калі думала пра тых, хто гэты закон парушае.

Але жаніх у яе зьявіўся. Настойлівы, назольны, насаты хлопец з фатакарткі, што пералівалася сінімі і чырвонымі агнямі. Кучаравы, як баранчык. І чаго яму было ад яе трэба, яна ня ведала. Ма­быць, занадта часта ты хадзіла ў неандартальскі лес, старая шаптуха. Зблыталіся ўсе сьцежкі ў тваёй галаве на схіле гадоў, і нешта ты зрабіла ня так. Нешта лішняе ты прыдбала, чужое ў неандартальскі лес носячы. Мо забыла пакінуць у запаветным месцы, мо выпусьціла з рук ня там і ня ў той час.

Тры — гэта цыфра харошая. Правільная цыфра. Калі ў жыцьці ўсяго па тры здарылася — гэта па-чалавечаму. Адзін, ды два, ды тры — быццам лічыць хто, а чалавек жыве ды прыслухоўваецца. Тры — сыгнал нам, што пара месца вызваліць. Пасьля трох можна і пайсьці з гэтага сьвету. А вось хто чатырох чакае — нічога з гэтага чаканьня добрага ня выйдзе. Чатыры — цыфра цотная, ня можа чалавечае жыцьцё на яе дзяліцца. Баяцца трэба чалавеку чацьвёрак. Як бабе жаніхоў у такім веку.

Жаніх быў нетутэйшы, зь нядобрым тварам — дарма што пісаны прыгажун. Жаніх быў нябачны і нецярплівы. Жаніх чакаў ад яе адказу.

2.

А адбылося ўсё так.

Неяк ураньні да хаты старой Бянігны пад’ехала машына, падобная да вялікай чорнай сьвіньні. Бянігна глядзела з акна, як з машыны выйшлі двое дужых хлопцаў, агледзеліся, паплявалі ў лужыны і падышлі да дзьвярэй. Трэба было ісьці насустрач, лячыць, ратаваць, бо чорнай сьвіньнёй патыхала ад тых чыста вымытых, стрыжаных хлопцаў. Зараз будуць сарамліва стаяць перад ёй, груба жартаваць, каб схаваць сорам, а ў вачах будзе мальба, мальба. Навошта? Яна сходзіць, сходзіць куды трэба, і грошай ня возьме. “Ніскока”. Нельга за такое грошы браць, яна і так мае дастаткова. Бянігна сядзела на сваім высокім ложку, цягнула ногі ўніз, а яны ня слухаліся. Чулі яе, але ня слухаліся. Нічога, нічога, думала Бянігна, адчуваючы, як прырасла за ноч да ложка, нагам ейным час трэба, каб апамятацца, яны ўжо ўлавілі яе голас кончыкамі вечна халодных пальцаў, зараз голас дойдзе да костачак, потым да каленяў, і ногі прачнуцца, ачуняюць, заварушацца. Ногі мае ногі, ідзіце ўжо ў сьвет, бедакі з андартальскага лесу прыехалі, помачы ждуць.

“Ёсьць хто ў хаце?” — спытаўся адзін.

“Бабка, мы па тваю душу”, — весела сказаў другі.

“Не пужай старую, — строга адгукнуўся першы. — Па тваю душу... Зараз бабка пачуе і яе кандрашка схопіць, будзеш тады ёй дыханьне штучнае рабіць. Рот у рот”.

“Урот, урот, — прымірэнча прамармытаў другі і ўвай­шоў. — Бабка, прымай гасьцей!”

Яны бязладна, быццам бяз мэты пахадзілі па хаце, натыкаючыся на куты, абуджаючы паўсюль звон і скрыпы.

“О, кашак. Худы, як з канцлягера. Замарыла цябе бабка...”

Было чуваць, як смурна мяўкнуў Гофман. Падсьлепавата хапаючыся рукамі за сьцены, яны рухаліся ўсё бліжэй і бліжэй, пакуль не падышлі ўсутыч да ложка, на якім яна сядзела, склаўшы рукі на коўдры. Але і тады не адразу заўважылі Бяніг­ну ў паўзмроку цеснай неацепленай хаты, у стракатай гары коўдраў, між казачных фігураў на танным дыванку, што вісеў за яе сьпінай. Пабачыўшы яе, яны міжволі адхіснуліся, адзін выдыхнуў дзелавіта, другі з агідай адвярнуўся.

“Вось ты дзе. Ну і смурод”.

Ногі Бянігніны ўжо амаль гатовыя былі яе паслухацца. Засталося зусім нядоўга пачакаць. Зусім нядоўга. Яна сядзела, маленькая, сагнутая, як лялька, і глядзела ім проста ў вочы.

“Зараз, зараз, — казала яна ім. — Чакайце, сынкі”.

“Ну ты, бабка, нас і прымаеш. Як царэўна. З ложка нават ня ўстанеш”.

“Можа, яна хадзіць ня можа. Будзе зь ёй кло­пату”.

“Яна хоць чуе? Можа, глухая”.

Яны падышлі зусім блізка, адзін нахіліўся да яе і закрычаў:

“Ты нас чуеш? А, бабка? Міргні два разы, калі так. Маем табе нешта важнае сказаць!”

Нічога ня зробіш, давялося міргнуць. Бянігна ўжо разумела, што да яе прыехалі па важнай справе. Трэба было спусьціцца з ложка, але нельга такога кабеце пры двух мужыках сабе дазваляць, каб у споднім ды перад імі. Таму яна сядзела і чакала.