Выбрать главу

Ды яшчэ жаніх гэты. Можа, зусім з галавой у яе ўсё блага стала? Можа, і не было ніякага жаніха, не было машыны, падобнай да чорнай сьвіньні? Можа, гэта нейкі чужы дзень быў, ня ейны? З тымі, хто ў неандартальскі лес ходзіць, такое бывае. Пераблытаюцца сьцежкі — і канец. Трэба наноў шукаць. І калі яна хапалася за гэтую думку і ў душы ў Бянігны зьяўлялася такая цёплая, такая лёгкая надзея, перад вачыма яе зноў і зноў пачынаў пералівацца зьмяінымі, рыбінымі, зыркімі фарбамі твар яе маладога жаніха з фатакартачкі. Твар, які глядзеў ёй у самое сэрца, нядобры, гожы, малады твар з вачыма такімі глыбокімі, што Бянігна адчувала млосьць.

Доктар ні пра што такое не здагадваўся. Перад ім была старая бабка — не жанчына нават, а прос­та арганізм, бясполы і, як усе старыя бабулькі, неспакойны.

“Вас бы в Минск отправить, бабушка, — казаў доктар, чухаючы жывую, бухматую, як той кот, бараду. — В республиканскую больницу, у нас здесь возможности ограничены. Нельзя вам одной в лесу жить. В таком возрасте. И в санаторий потом, там уход, питание, и вообще веселей. Хорошо, в этот раз добрые люди рядом оказались, но это же случайно. Вам с людьми нужно жить, чтобы родные рядом, внуки... А вы на хуторе, одна. Как ни странно. Стыдно, бабушка!”

“Ладно бы вы одинокая пенсионерка были, так у вас же внуки есть, насколько я знаю, — падтрымлівала доктара ўрачыха. — Заходили ко мне вчера, вас искали. Хорошие такие хлопцы. Вдвоем приехали, одеты культурно, вежливые... Что ж они, бабушку старенькую к себе забрать не могут? Надо поговорить с вашими ребятами, а то что это такое, в конце концов...”

“Значит, так, — сур’ёзна казаў доктар. — Недели через две вас выпишу, но с условием, что к внукам переедете. Договорились?”

І, не чакаючы адказу, доктар адварочваўся да іншай бабкі. Маладых у іхнай палаце не было. Калі, вядома, не лічыць сястрычак тых галаногіх, што забягалі да іх у палату, насілі, калолі, прыбіралі, ды ўсё стракаталі між сабою — не зьвяртаючы ўвагі на сухіх, зморшчаных бабак, так, быццам ніхто іх тут не разумеў. Бянігна назірала за імі, прымружыўшы вочы, слухала іхныя галасы — і часам галасы падаваліся ёй знаёмымі, быццам яна іх ужо чула, на беразе возера, на ўскрайку халоднага лесу.

Калі Бянігне дазволілі ўставаць, яна ўзрадавалася так, што ў першы ж дзень пакацілася ажно да ліфта. Ніхто не зьвяртаў на яе ўвагі, ні маладыя, ні старыя, толькі нейкі дзед-кашлюн, раптам выйшаўшы з жалезных дзьвярэй, сказаў ёй сярдзіта:

“Што ты тут усё ходзіш? Вынюхваеш? НАТА сваё ждзёш? Будзе табе НАТА! Вось пазваню, куды сьледует!”

Старая Бянігна спужалася і схавалася ў сваёй палаце. Ёй хацелася вярнуцца ў хату, яна думала пра тое, колькі машын пабывала каля яе гародчыка за той час, покуль яна тутака валяецца. І пакрысе перад яе вачыма намалявалася цэлая чарада аўтамабіляў — самых розных колераў і памераў. Аўтамабілі штурхалі адзін аднаго ў сьпіну, цягнуліся па вузкай дарозе, налазілі ззаду, як кабялі на сучак. Увесь андартальскі лес ждаў ад яе помачы. Якая ж яна няўдзячная. Замест таго, каб людзей лячыць, у бальніцы час марнуе. Неўпрыкмет яна заснула, а калі на другі бок перавярнулася, праз сон пачула:

“Бабушка! Бабушка! Вы спите?”

Адплюшчыла вочы — а на яе мэдсястрычка глядзіць. Прысела каля яе ложка, каленкі голыя выставіла, вострыя, з пушком пад імі. Ня холадна ж ім без калготак.

“Бабушка! А помогите мне. Я знаю, кто вы. Вы шептуха из леса”.

Палата была пустая. Сонца заходзіла, старыя распаўзьліся па бальніцы — хто тэлевізар глядзець, хто на лаўцы пасядзець, да каго дзеці прыйшлі. Вось сястрычка момант і прычакала. Хто ёй сказаў? Няўжо так цесна ў андартальскім лесе, што ўсе пра ўсіх знаюць... Бянігна заўсьміхалася, яна хацела, каб усьмешка выглядала добрай — а мэдсястрычка бачыла перад сабою чорны качан, сьпе­раду якога варушыліся чарвякі вуснаў, бачыла дзіркі ў качане і нарост, які ўцягваў у сябе паветра. Але дзеўка была не з пужлівых. У раённай бальніцы пужлівыя доўга не затрымаюцца.

“Помогите, бабушка. Я вам за это денежек дам. У вас же пенсия маленькая. Вот как так нашептать, чтобы парень, который к другой ушел, эту другую бросил...”

Бянігна працягнула да яе руку. Мэдсястрычка глынула сьліну і цярпліва пачакала, пакуль Бяніг­ніна рука схопіць яе за калена, пагладзіць і перастане дрыжаць.

“Вы ж можете, бабушка. Чтоб он вернулся, навсегда. Ну, или не навсегда, — задумалася мэдсяст­рычка. — Пошепчете, бабушка? Я вам его имя скажу. Или вещь какая-нибудь нужна? У меня журнал есть, “Магия и красота”, я читала, разные способы есть... С полотенцем я пробовала, на узел завязала и что надо прочитала. Вот, у меня с собой. Может, неправильно что? Вы скажите...”