Выбрать главу

— Чалавек прагне дасканаласці, гармоніі, сіметрыі і паўнаты. Дзяўчынка з самага нараджэння бачыць свой люстэркавы адбітак, сваё адлюстраванне ў бацьку, бачыць, якою б яна была, каб нарадзілася мужчынам. А хлапчук — у маці. Я не памятаю, амаль зусім не памятаю сваю маці. Таму маё жыццё — вечнае блуканне ў залюстроўі. У пошуках майго другога “я”, у пошуках жанчыны, якая б магла ўвабраць у сябе маю беспрытульную душу...

Калісьці я ўжо чула гэты голас. І гэтае перарывістае дыханне... Так гаворыць мой вучань, той, які сказаў, што я падобная на Джаконду...

— Я быў вельмі паслухмяным, паверце, я быў самым паслухмяным з усіх маіх братоў і сясцёр. Адзінае... Надта не любіў есці тварог... І мама, мая мама будавала мне з тварагу замкі... А потым яна пайшла і не вярнулася...

Я глядзела ў ягоныя вочы. Сумныя, самотныя зеленаватыя вочы... Цяпер я разумела, гэта былі вочы Леанарда. А ў памяць наплывалі новыя загадкі, якія сама сёння загадвала вучням. І якія так хутка разгадваў той мой вучань. І новыя, яшчэ нідзе не зафіксаваныя...

... І бачу я, як вадзяныя жывёлы паміраюць у кіпені...

— Чаму ўсе Вашыя загадкі нагадваюць сцэны страшнага суда? — спыталася я ў Леанарда.

— Які Страшны суд? — ён не ўсміхнуўся, пасміхнуўся мне з Залюстроўя... — Гэта ж рыба. Вы што ніколі не варылі з яе, як там па-вашаму... юшку?

— Як проста...

— Усё складанае наяве проста. Толькі трэба дакладна ведаць, з якога боку да яго падступіцца...

— Вы, Леанарда, пэўна, таму так шмат паспелі ў жыцці. Паспелі, таму што ведалі, як складанае пераўтварыць у простае, а ў простым угледзець цэлы космас. Сусвет... Усе вашыя творы — гэта сама...

—Недасканаласць. Вы хацелі сказаць дасканаласць, але ўсе мае творы — сама недасканаласць. І мелі рацыю тыя, хто здзекваўся з мяне, смяяўся.

— Гэта, пэўна, былі вельмі недалёкія, тупыя людзі.

— Ды не... Сярод тых, хто смяяўся з мяне, былі нават геніі.

Леанарда адвёў, апусціў вочы. Адыйшоў убок. І скрозь люстэркавую смугу я ўбачыла вуліцу... На лавачцы сядзелі, нешта абмяркоўвалі некалькі маладых італьянцаў. Па іхнім адзенні я здагадалася, што яны жывуць у эпоху Леанарда. Прыслухалася.

— ... Так казаў Дантэ. Але што гэта значыць...

— Спытаемся ў Леанарда. Вунь ён кіруе сюды ад царквы Санта-Трыніта.

Лёгкаю хадою той якраз праходзіў паўз іх. Ад просьбы сумеўся, разгубіўся. Але тут з ім параўняўся і, злёгку кіўнуўшы, пайшоў далей не хто іншы, як Мікеланджэла. Леанарда з хваляваннем гукнуў яго:

— Можа, ты патлумачыш гэтым людзям адзін урывак з Дантэ?

Мікеланджэла рэзка павярнуўся і груба кіўнуў:

— Не-не. Растлумач лепш ты, ты, які зрабіў праект бронзавага каня, але не змог адліць яго і, да сораму свайго, пакінуў яго недаробленым.

Леанарда пачырванеў. Мікеланджэла ж кіўнуў яму здаля:

— І гэтыя тупагаловыя міланцы маглі паверыць табе!

Леанарда, счырванелы, разгублены, падняў да мяне свае вочы. Я ўсё зразумела, і паспрабавала суцешыць яго:

— Не трэба, не трэба нічога тлумачыць. Гісторыя ўсё расставіць на свае месцы. Я ведаю, шаноўны, дарагі Леанарда, чытала пра тое, што сталася. На ваш час, як, зрэшты, і сёння, мастакі не маглі абыйсціся без багатых заказчыкаў. А фларэнтыйскія банкіры Медычы любілі надуманыя творы і занадта вытанчаную, далёкую ад рэальнасці манеру. Не для Вас. І Вы вырашылі перабрацца з фларэнцыі ў Мілан, дзе цараваў герцаг Ладавіка Мора, які даў Вам магчымасць выявіць сябе ва ўсім.

— Перш чым паехаць у Мілан, - усміхнуўся з залюстроўя Леанарда, — я напісаў герцагу ліст, у якім падрабязна пералічыў усё, што ўмею... І найперш пра тое, што датычыць ваенных вынаходніцтваў. Усе ўладары ў наш час любілі ваяваць. “Я ведаю спосаб рабіць надзвычай лёгкія масты, — пісаў я, — якія да таго ж лёгка пераносіць і іх можна выкарыстоўваць для праследвання ворагаў і для ўцёкаў ад іх...” А пра свае мастацкія здольнасці толькі ў канцы: “У мірны час я спадзяюся вытрымаць спаборніцтва з кожным у архітэктуры, у пабудове дамоў... Я таксама бяруся ў скульптуры, у мармуры, бронзе або гліне, як і ў жывапісу, выкнаць усё, што магчыма, не горш за кожнага, хто жадае памерыцца са мною.” Але для багатых людзей нашага часу важней былі ваенныя вынаходніцтвы...

— І Вы прыдумалі танк, падводную лодку, парашут...

— Людзям у будучым давялося ўсё вынаходзіць і называць нанова. Але для мяне гэта былі вымушаныя вынаходніцтвы. Я іх рабіў дзеля таго, каб мець магчымасць займацца мастацтвам. Кожная краіна мусіць мець моцную армію, каб пад яе аховаю мастакі і паэты маглі спакойна ствараць шэдэўры. І мне давялося выстройваць сваю лінію абароны.