Я доўга блукала па Парыжы ў пошуках старой брукаванкі. Мне хацелася прайсціся не па сучасных плітках ці асфальце, а менавіта па брукаванцы. Як адчувала. Шукала старое, з’езджанае, стаптанае каменне, каб спатыкнуцца, упасці, пабіць, параніць калена. Парваць новую шаўковую спадніцу. У якой увечары збіралася танцаваць развітаьнае танга. І параніць калена, ды не чым-небудзь, а гліняным аскепкам. Які немаведама як ушчыміўся ўбрук. Я выцягнула яго, акрываўлены, са спрасаванага часам пылу. І вырашыла ўзяць на памяць. Паклала на далонь, і аглухла ад цішыні. Яшчэ некалькі імгненняў назад вушы закладала ад звыклага гарадскога шуму, а цяпер — ад цішыні. Зелянелі каштаны, трава прабівалася скрозь брук. І мне здавалася, што я чую, як яна прарастае. Недзе далёка-далёка гучала надрыўная мелодыя вечаровага танга. Якое, аздабляючы музыку арэхавым французскім “r”незнаёмы палкі мужчынскі голас. Мне хацелася пайсці на яго, гэты голас, але я разумела, што не магу. Што мушу чакаць кагосьці, тут, у гэтай глухой цішыні, ля гэтай старой майстэрні, дзе калісьці працаваў сам Радэн.
Рыпнула дзверы. Я ўвайшла. І толькі тут зразумела. Чаму так ціха. Радэн забраў адсюль усе свае творы. І адсюль забраў усе свае творы. І гэтая майстэрня цяпер будзе як помнік, магільня аднаго-адзінага ягонага тварэння, якое загінула тут, на гэтай брукаванцы. Я цяпер разумею, што разам з тым тварэннем, палкаю глінянаю “Вакханкай” загінула і нашае з ім каханне. Нешае з ім. Чаму я так падумала? Няўжо зноў заблукала ў часе? І гэты акрываўлены гліняны аскепак ператварыў мяне ў Мары-роз Бёрэ? Знойдзеную і кінутую Радэнам Мары-роз? Роза, ружа, агучаная святлом рознакаляровых шкельцаў, вітражовая ружа, а ў ёй вобраз вечнай пакутніцы Марыі. Яна нарадзіла свайго сына на пакуты... На пакуты...
А як лёгка крочыла яна. Я, па гэтай брукванцы, калі мы сустрэліся ўпершыню. Тады Радэн працаваў у ішай майстэрні, да яе адсюль недалёка. Але сустрэліся мы тут. Пэўна, яго ўразіла мая фігура, плынь аіх валасоў, мой сілуэт. Ён кепска бачыў, і, каб разгледзець жанчыну, яму проста неабходна было яе абдымаць, лашчыць, доўга, упарта, як гліну. Усе жанчыны, якіх ён знаў пасля мяне, чакалі ад яго разумення, падтрымкі, хацелі, каб ён выслухаў іх, дапамог хоць чым-небудзь. А ў яго жывымі, чуйнымі былі толькі рукі, далоні. Пальцы. Гэта і была ягоная душа. І да мяне ён дакранаўся сваёю душою. Тады, даўно, пасля першай нашай сустрэчы.
Ён марыў вучыцца. Але акадэмікі яго не прызналі. Такіх непрызнаных тады было шмат у Парыжы. І ўсе яны едалі мяне, таму што мяне ляпіў Радэн. Словы не могуць перадаць таго, што здольнае сказаць цела. Я была вельмі. Занадта сціплай, я зусім не ўмела гаварыць і рухалася, як падлетак... Але. Калі Радэн глядзеў на мяне, кранаў мяне сваімі рукамі, цела, маё цела, я сама не ведала, што з ім адбывалася. Гэта быў сапраўдны танец агню, гэта было неўтаймоўнае полымя, мае рудаватыя, сонечныя валасы пераўтвараліся ў іскры. А рукі, мае рукі, пальцы спляталіся ўвышыні... Я танцавала без музыкі. Я сама пераўтваралася ў музыку. І ён зляпіў, сам ане веру, але ён узяў вільготную, мяккую гліну і зляпіў гэты мой танец, маю музыку. І ў той скульптуры, у той вогненнай Вакханцы жыў, пульсаваў кожны дотык ягоных пальцаў. Не паверыце, гліна дыхала. І Манэ, і Дэга былі ў захапленні. Яны паабяцалі, што гэтая скульптура будзе абавязкова экспанавацца на выстаўцы, і што яна будзе мець шалёны поспех.
Радэн быў шчаслівы, упершыню за ўсё сваё жыццё ён адчуваў сябе абсалютна шчаслівым. Ён быў прызнаны, і я, нічога не патрабуючы, была побач. І ў нас мусіла нарадзіцца дзіця. Тады я ўпершыню адчула, што жаночае цела, па-сутнасці, проста прыгожая пасудзіна, якая хавае ў сабе жывую мужчынскую плоць і можа вынасіць, нарадзіць дзіця. Я выношвала нашага сына, а мой танец агню застаўся Вакханцы. Яна забрала маю душу, дакладней, Радэн перадаў ёй маю душу і голас майго цела. Потым. Калі ягоныя жанчыны прыходзілі да мяне высвятляць адносіны, я спрабавала растлумачыць ім, што Радэн ад іх вяртаецца да мяне не таму, што я яго трымаю, а таму што ён у кожнай з іх забірае душу, голас цела і перадае іх мармуру, гіпсу, бронзе. Ён любіць, кахае тыя свае тварэнні значна больш за жывых жанчын, але яны не верылі мне. Кожная думала, што здолее стаць для яго адзінай.
А я ні на вошта не спадзявалася. Ні цяпер, ні тады. Калі мая душа. І мой голас засталіся Вакханцы. Яна стаяла ў кутку, ля дзвярэй, ахутаная лёгкім вільготным покрывам, а я сядзела ля вакна і прыслухоўвалася да свайго, нашага з Радэнам яшчэ не народжанага сына. Мы абедзьве чакалі Радэна. Цёмнаблакітны, сіні, потым ліловы паўзмрок наталяў смагу восеньскім сутоннем. Змяркалася. А Радэна ўсё не было. Я ў адрозненні ад Вакханкі была жывою. Я мела насалоду задрамаць. І я задрамала. А калі прахапілася, сын зсярэдзіны пабудзіў мяне, на стале трымцела, разганяючы вакол святло і даўгія, блытаныя цені, свечка.