— Тут па вясне, калі Ніл разлівае свае воды, адзначалі свята вяртання з падземнага царства Асірыса, свята адраджэння прыроды. Аменхатэп Ш быў як заўжды Асірысам. А Ісідаю тым разам выбралі мяне. Я не быа галоўнаю жонкай, але Аменхатэп Ш настояў, каб жрацы менавіта мяне апранулі Ісідай. Я стаяла на каленях, на гарачым пяску і аплаквала свайго мужа Асірыса, я чакала, калі наш сын — светлы сокал Гор аддасць сваё вока бацьку, і Асірыс паўстане з мёртвых. Горам быў юны Аменхатэп ІУ. Ён назіраў за ўсім, што адбывалася з вышыні, разам са жрацамі. А жрацы, быццам наўмысна, не выпускалі Асірыса. Я стаяла ўкленчыўшы на гарачым пяску. І колкія гарачыя пясчынкі праз гэтую вось танюткую белую сукенку апякалі мае калені, мае ногі. І сонца сляпіла вочы. Пякло нясцерпна. Я зірнула ўверх. Малады Аменхатэп стаяў між жрацоў, якраз на фоне сонечнага дыска і ягоны сілуэт, чорны, рэзкі, сапраўды нагадваў сілуэт сокала Гора. Ён быў без вока. Ён даўно аддаў сваё вока. Каб вызваліць свайго бацьку Асірыса. Каб высушыць мае слёзы. Каб зямля адрадзілася ад зімовага сну. Чорны птушыны сілуэт на фоне пякучага, нясцерпна пякучага сонца. Гэта апошняе, што я памятаю. Страціла прытомнасць. Мая служанка, мая верная Ія потым расказала мне, што Аменхатэп Ш вырваўся з рук жрацоў, усхапіў мяне на рукі і панёс у цень. Я памятаю ягоныя моцныя цёплыя рукі, так бацька калісьці люляў мяне. І яшчэ памятаю прахалоду, паўзмрок храма, зараснікі папіруса, зорнае неба над галавой, смак дажджу. Потым я зразумела, што гэта не папірус, а калоны, і неба не сапраўднае, намаляванае. А ваду ліе на мяне мая служанка... І толькі рукі. Ягоныя моцныя рукі былі праўдай. Ведаеш, што ён сказаў мне тады? “Ты лёгкая, як пёрка...” Як пёрка...
— Археолагі расказвалі мне, — перабіла я споведзь царыцы, — што ў Старажытным Егіпце верылі ў тое, што пасля смерці Анубіс, бог падземнага царства, узважвае чалавечую душу. Каб лічыцца бязгрэшным, трэба, каб яна, душа, была лягчэйшаю за пёрка. Анубіса так і малявалі, з шалямі ў руках. На адно йчашы — душа, а на другой — пёрка...
— Аменхатэп Ш пасля смерці не набыў вечнага жыцця. Ягоная душа пераважыла пёрка, — задумліва прамовіла Неферціці, — Ён шмат грашыў. Ён быў воін. Ён забіваў. Ён вымушаны быў забіваць. Але ў яго былі такія моцныя і пяшчотныя рукі...
— А ягоны сын, Аменхатэп ІV? — спыталася я. — Цябе ж усе ведаюць, як ягоную жонку.
— Аменхатэп ІV быў зусім іншы... Ён менш ваяваў, менш забіваў. Але ён знявечыў, растаптаў маю душу... І я, хоць нарадзіла яму дочак, выхоўваю зяця, наўрад ці змагу дараваць яму...
Неферціці ўзняла галаву. І я пазнала, цяпер вось зусім пазнала яе профіль, высакародны профіль царыцы...
— Але ж у гісторыі вы з Аменхатэпам ІV засталіся адною з самых гарманічных пар. Кажуць, што ў многім і дзякуючы табе, Неферціці, фараон Аменхатэп ІV увайшоў у гісторыю...
— Ён закахаўся ў мяне з першага погляду... А може гэта мне толькі падалося. Яго не пускалі на піры, і ён цішком падглядаў за тым, як я танцую... Я гэта ведала. Гэта ён першым сказаў мне, што мае танцы нясуць прахалоду... Ён быў чуйным тады. А на тым свяце, калі мяне апаліла сонца, ён, як і я, страціў прытомнасць. І назаўжды затаіў крыўду на жрацоў. Потым, калі пасля смерці бацькі Аменхатэп ІУ стаў паўнаўладным уладаром, ён раздарыў свой гарэм, і пакінуў сабе толькі мяне. Ён казаў, што я даю яму прахалоду, раблю ўпэўненым, натхняю на вялікія справы. Я дапамагала яму ва ўсім. А ў гарачыя, душныя ночы мы ўзляталі і патаналі адно ў адным, мы блукалі ў глыбінях кахання. Мой фараон здолеў здзейсніць найвялікшыя пераўтварэнні. Ён аддаліў жрацоў і наблізіў да нас сонца. Сам наблізіўся да яго. І яно наблізілася да нас. Цяпер, каб дазнацца волю нябёсаў, можна наўпрост звяртацца да Сонца. Ён стаў Эхнатонам. А я Неферт-Неферт-Атон. Мы пераехалі ў новы горад. Мы пачалі новае жыццё. Эхнатон не быў такім моцным, як ягоны бацька. Але ў яго была воля. І мне прыемна было падначальвацца ёй, гэтай волі. У нас нарадзілася дзве дачкі. А Эхнатон хацеў сына. Але не ў тым была трагедыя. У адну з начэй я зразумела, што яму не трэба ні майго цяпла, ні маёй прахалоды. У яго з’явілася Кія. Смуглявая, скуластая, нахабная. Яна ўмела глядзець так зняважліва, што хацелася збегчы куды падалей. І я пачала наведваць майстэрню юнага скульптара Тутмаса. Яму Эхнатон даручыў выбіць з каменю нашыя партэты. І там, у ахутаным дрыготкімі ценямі вогненных блікаў змрочным падвале я моўчкі назірала, як пяшчотна кранае ён мой лоб, мае шчокі, вусны... І разумела, што ніхто ніколі не ахіне мяне гэткім цяплом і пяшчотай. Мы практычна не гаварылі, нават вачыма не сустракаліся. Але аднойчы Тутмас так зірнуў на мяне... У ягоных цёмных вачах было столькі шчасця і столькі роспачы. І я ў тое адно-адзінае імгненне зразумела, што ён ведае пра ўсё, пра мой боль, пра Эхнатона, Кію. І я аддалася таму ягонаму гарачаму, палкаму позірку. Мне падалося, што калі я не адвяду вачэй, то зменшу ягоную роспач. І хоць на імгненне зраблю яго шчаслівым. І мы ўзляцім, туды, да зораў. Я ўсхапілася, узяла і сціснула ягоную руку. Але ён зараз жа адвёў вочы, і я адчула... Я адчула, што ён... не, нават не сумеўся. Ён не ведае, што яму рабіць. Ён хоча вызваліцца ад маіх рук. Ад майго поціску. Ад майго цяпла. І маёй прахалоды.