Страшным дзеля таго, што ўсё гэта ўбівалася ім у галовы бізунамі. Бадай кожны з іх рад быў бы вырвацца з гэтага пекла, каб вярнуцда да свайго ранейшага ладу жыцця…
Каб ачысціцца ад свайго «хамства» і «мужычых» характараў, каб выкшталцаваць сябе, як артыстаў, да таго, каб усё вакольнае, людзей рознага рангу, стану і характару мець здольнасць адлюстроўваць у сваёй ігры, перавыасабляць сябе ў зусім новыя істоты, — французскія педагогі гаварылі ім:
— Выкіньце з сябе, як бульбу з мяшка, усё мужычае, простае і думайце, што вы новыя, іншыя людзі. Вы не тыя, якімі былі раней! А самае лепшае ў такіх выпадках, калі нешта мужычае, простае лезе ў мазгі, старацца зусім нічога не думаць…
Вочы на лоб вылазілі ў студыйцаў. Як наўмысне ў галаву лезлі думкі аб сваіх.
Чым больш студыйцы не мелі магчымасці бачыцца з сваімі, тым больш аб іх думалі.
Езуіт Марцэвіч і тут знайшоў спосаб кантролю над студыйцамі.
Уночы, у час сну, ён хадзіў ціханька па іхніх спальнях і прыслухоўваўся, аб чым праз сон яны гавораць.
Яны, мабыць, бачылі страшныя сны, і вельмі часта дзікія крыкі вырываліся з іх грудзей, яны часта ўздрыгвалі, як у нейкай трасцы.
Часам хтось праснецца з дзікімі, крывёй налітымі вачыма, нічога перад сабою не бачыць, а паўтарае сваю ролю.
Такія праявіны ксяндзу вельмі падабаліся: доказ таму, што студыйцы пранікаліся новым.
Але здаралася часам яму падслухаць у «хамаў» гутарку з бацькамі праз сон ці так словы аб хатніх, мужычых справах.
Вінавайцы назаўтра атрымлівалі сваю кару.
Салавей, як цяпер усе называлі Сымона, знаходзіўся пры мякчэйшых варунках. Ён павінен быў пану спяваць салаўём, калі таму ўздумаецца, і пакуль што, апроч агульнага рэжыму ў студыі, ніякіх уціскаў не меў.
Яго ні разу яшчэ не пакаралі.
Але ад гэтага Салаўю не было лягчэй. Ён сумаваў па сваёй Зосьцы… Ён ніяк не мог аб ёй не думаць…
Яе постаць ён бадай пастаянна бачыў перад сабой.
Галоўка якой-колечы дзяўчыпы пакажацца перад ім з валасамі або вачыма падобнымі да Зоські — ён аб ёй успомніць. Голас падобны, смех, песня, — яна перад ім уваскрэсне ў выабражэнні.
Пойдзе на гулянку з таварышамі, пад наглядам настаўнікаў, — думае аб ёй.
Калі трапіць на якую мясціну, дзе раней, часам выпадкова Зоську сустракаў — нешта кальне ў сэрцы.
Надвор'е, падобнае да таго, у якое ён з Зоськай гуляў, — выклікае перад ім яе вобраз.
Самы малы намёк, ледзь прыкметнае падабенства вопратак, тканіны да тых, што бачыў у Зоські, — і яна з'яўлялася перад ім ва ўсёй прываблівай для яго красе.
Гэта яго вельмі мучыла. Колькі ён ні змагаўся сам з сабою — нічога не памагала. Бачыцца з ёю не было ніякай магчымасці.
Тэатральныя клопаты ў маёнтку павялічваліся.
Усе дваровыя былі вельмі ўзбуджаны і зацікаўлены. У вакольных маёнтках ужо рыхтаваліся да зімовага балю ў пана Вашамірскага, хаця пасля замарозкаў выпаў толькі першы снег.
Снег быў яшчэ не глыбокі, але панскі парк пабялеў ужо. Лісці даўно абсыпаліся з дрэў, і праз сеткі галін відаць была даль, яркая, сіне-блакітная, нібы намаляваная на паперы.
Каменныя львы з гладкай плошчы тэрасы паглядалі ў абснежаныя бязбрэжжы мёртвымі задумёнымі вачыма.
9. Певень і курыца
Што гэта?
Лябяжы пух рассеяўся па зямлі?
Дзіва дзіўнае з бялюткай белі рассцілалася пярынамі па шырокаму полю?
Хвоі белыя цветам цвітуць?
Гэта снег — чысты, як белае воблака — апусціўся на нямыя абшары; спачывае, нібы вялізнае стада белых гусей.
Рэчка абцягнута плевай-лёдам, як застылым жывым срэбрам. Яна дрэмле паміж абрывістых стромкіх берагоў, нібы ў выгабляванай з сыру аправе. Бліскучая вада не адбівае ў сабе неба з хмаркамі і двух хатак, якія прытуліліся да самага берага. У рэчцы свет не люстрыцца, перавернуты галавой уніз.
Як дзве старыя гаспадыні ў белых хустках, стаяць адна супроць адной дзве хаткі; яны падобны адна на адну, як дзве сястры, як спарышы. Дзверы хатак, замурзаныя, пільна сочаць адна за адной. Можна падумаць, што тут толькі адна хатка, а супроць яе пастаўлена вялізнае люстэрка, у якім яе відаць усю ад шурпатай саламянай страхі да абтрушанай снегам прызбы.
Сонечны дзень.
— Кт-кт-кт-кт-кт! — чуваць з адной хаткі.
— Кдах-кдах-кдах-кдах! — адказвае нехта з суседняй хаткі.
Дзве рукі адчыняюць двое дзвярэй.
З адной хаткі выскаквае стройны певень.
З другой — высоўваецца плаўна, як пава, павольная і паважная курыца.