Выбрать главу

Апрача таго, пан строга загадаў усёй чэлядзі ў палацы, каб ніхто са студыйцаў не ведаў, што сюды прыходзіў Каспар прасіць сваю дачку на развітанне з маткай перад смерцю. А то як Марыля даведаецца, дык не зможа граць і сапсуе ўсё тэатральнае прадстаўленне.

У часе такой суматохі на Салаўя ніхто ніякай увагі не зварочваў.

Была тады месячная ноч.

Сіняватыя водсветы месяца гралі па снежнай паляне змруднымі іскрамі.

Панскі парк цягнуўся аж да гэтай паляны. Высокія, аснежаныя стаялі дрэвы. У марознай цішыні дрэвы застылі і вершалінамі паказвалі на буйныя яскравыя зоркі, якія віселі ў цёмна-сінім бяздонні.

Мароз трашчэў.

Непрытульнасцю аддавала ад снежнай паляны. Яна слалася сіне-белым палатном да самага хвойніка.

Яшчэ ўдзень таўставусы войт пана Вашамірскага агледзеў гэтае месца.

— Тут і трэба пакараць Каспара, — сказаў ён гайдукам.

— А можа, што-небудзь лягчэйшае прыдумаеш? Каспар не вытрымае, — папрасіў адзін з гайдукоў.

— Вытрымае чорная костка! — сказаў аканом. — Пан Вашамірскі ледзь не панамі хоча зрабіць іхніх дзяцей у сваім тэатры, а яны яшчэ бунтуюцца! Мы ім пакажам!

Войт задаволена гладзіў вусы. Мышыныя вочкі яго жвава бегалі ва ўсе бакі.

— Уначы, як мароз павялічыцца, прывяжаце Каспара да гэтага дрэва. Да пояса каб ён быў голы!

Войтавы вочы па-воўчаму засвяціліся.

Так было зроблена.

Шчуплы і тонкі быў Каспар.

Пад голай жоўтай скурай рэбры хадыром хадзілі. На спіне, нібы рад гузікаў, тырчэлі хрыбетныя косткі.

Ціха брыла па панскіх абшарах у снежнай спадніцы марозная сіняя ноч. Не чуваць было яе крокаў у бязветранай шліфаванай пустэчы. Было так ціха, ажно вогнішча на крокаў дваццаць ад дрэва, да якога быў прывязаны да пояса голы Каспар, гарэла, як у печы. Жоўтае полымя ад сухіх бярозавых пален не калыхалася туды і сюды разнастайнымі залатымі язычкамі, а гарэла роўнай агнёвай шапкай. Трашчэлі драўлянымі галасамі сухія палены, шыпелі тым бокам, які ляжаў на снезе. Снег пад вогнішчам таяў і пачарнеў ад вуголляў. Агонь злізаў яго да голай зямлі.

Над агнём грэў рукі пан войт і гайдук Макар. Абодва былі апрануты ў цёплыя кажухі.

— Злітуйцеся, людзі… — лямантаваў Каспар.

Рагаталі каля вогнішча пан войт і гайдук Макар. Звярынай радасцю блішчэлі іхнія вочы, цёмныя пры вогнішчы.

— Што, вушы адмарозіў? — пытаўся войт.

— Злітуйцеся…

— Як табе падабаецца генеральная рэпетыцыя? — крыкнуў Макар Каспару.

— Зліт…

Якраз супроць Каспара блішчэў халодны жоўты месяц. Ён здаваўся Каспару рыжым чалавечым тварам без носа, з цёмнымі ямінамі замест вачэй. Месяц глядзіць на Каспара і дзьмухае на яго нястрыманым марозам, страшнай, ціхай, як смерць, сцюжай. Каспар адчувае, што ў яго кроў у жылках стыне, слёзы на твары цвярдзеюць ад марозу. Спачатку ён ляскатаў зубамі, але хутка супакоіўся. Толькі вушы і нос як бы нехта адрэзаў. Каб рукі ў яго не былі прывязаны да дрэва, ён памацаў бы нос і вушы.

Смяецца рыжы твар месяца. Чуе Каспар яго смех, дзікі рогат, але не бачыць яго. Перад вачыма сіне-снежны туман. Голкі вострыя, шчокатныя, колюць голыя грудзі. Дрыжыць Каспар і гудзе працягла і тоненька, нібы камар:

— Гу-у-у… з-з-з-з…

І забывае Каспар пра жонку, якая канае ў курнай хаце, пра дачку, якая грае «свенту матку», і пра генеральную рэпетыцыю. Іх ніколі не было. Не было і самога Каспара. Ёсць толькі ціхі страшны мароз, які закаваў у сталёвыя панцыры сінія начныя абшары.

У аксамітнай спадніцы брыдзе ноч па абшарах. Крокі яе ціхія.

Набожны быў пан войт. Часта слухаў духоўныя настаўленні ксяндза Марцэвіча. Яму надакучыла стаяць у валёнках. Ногі стаміліся. Як на падушках, ён разлёгся па пухкім снезе супроць вогнішча. Доўга маліўся. Як прагаварыў адну і тую самую малітву трыццаць разоў (гайдук Макар акуратна лічыў), ён падняўся з месца і сказаў:

— Годзе.

Пан войт і гайдук Макар падышлі да дрэва, дзе быў прывязаны Каспар.

Гэткай прыемнасці Каспар ніколі ў жыцці не адчуваў. Зноў ва ўсе жылы льецца прыемнае, як подых летняга ветрыку, цяпло. Рукі развязаны. Хтосьці снегам трэ моцна грудзі, вушы, твар. Ледзь да яго даходзіць цяпло ад вогнішча, а ў вочы глядзіць той самы твар жоўтага круглага месяца. Толькі на гэты раз ён цёплы і прыемны як ніколі.

— Эх, вечна так ляжаў бы, — думае Каспар. Ён адчувае пад спіною цёплую шэрсць мяккага кажуха.

— Каб так шчыра не маліўся, дык, можа, і не выжыў бы… псякосць гэта… — чуе Каспар знаёмы голас.

Плыве да яго гэты голас з нейкіх невядомых далячынь.

— Цяпер ён будзе добрым чалавекам. Усё кепскае ў ім мы вымаразілі, — чуе Каспар другі знаёмы голас.