Выбрать главу

Па голасу, па вачах Зоські, па ўсіх яе рухах Салавей адчуваў, што яна бачыць у ім гэту змену.

Жаль да Зоські агарнуў яго.

Сінь ночы атуляла яго з усіх бакоў. Сінім колерам была афарбавана і вёска Вашаміршчына, што ўпіралася сценамі ў густы хмызняк, і лес цёмна-сінім мурам маўкліва-грозна глядзеў у закуранае хмарамі неба.

Снег быў пругкі і хрусцеў задушаным стогнам пад кожным крокам, хоць Салавей стараўся ступаць асцярожна і нячутна.

У Салаўя было спачатку такое ўражанне, нібы нешта ўкраў у Зоські, украў самае лепшае і дарагое ў яе жыцці. Украў сваімі ўласнымі рукамі. Але ў цішыні як пачаў болей глыбока думаць аб гэтым, — як гэта выйшла і чаму так здарылася, што Зоська па яго пакрыўджанымі вачыма паглядае, — ён пачаў адчуваць, што ў гэтым сам мала вінават: панскія пакоі яго перарабілі. Ён сам сабе чужым стаў… Цяперашні Салавей зусім не той чалавек, што ранейшы Сымонка.

Чаму гэтак сталася, ён як бы не разумеў, але адчуваў, што разам з агідай да панскай няволі, да панскіх палацаў гэтыя палацы і вабілі да сябе; цягнула яго да іх, як матылька да агню.

Разам з агідай да паноў, да іхніх учынкаў і здзекаў над прыгоннымі ён не можа цяпер глядзець на сваіх ранейшых сяброў і нават на Зоську так, як глядзеў раней, — нечым ён ад іх адрозніўся і заўважаў у іх тое, непрыемнае для сябе, чаго раней не бачыў…

Салавей часта ўваходзіў і хутка выходзіў адтуль.

Зоська сядзела на лаве пры стале, і слёзы капалі з яе вачэй.

— Ты, Сымонка, не то пан, не то паўпанак, не то панскі слуга! — скардзілася Зоська.

Яна аглядала яго з ног да галавы, прабуючы пальцамі яго чыстую, добрую вопратку.

— Ды я такі самы, якім быў раней! — апраўдваўся Салавей з няпэўнасцю ў голасе.

— Ты чужы, чужы… — строга, праз слёзы гаварыла Зоська.

Салавей верыў больш яе словам, чымся сваім. Як ні стараўся ўгаварыць сябе, што не змяніўся — не памагло.

— Чужы, чужы…

У душы Салавей лаяў сам сябе за тое, што пайшоў сюды. Не думаў, што так прыкра будзе тут…

Зоська часта мяняла лучыну, папраўляла яе з такім выглядам, нібы яна, Зоська, адна ў хаце.

Салавей прыслухоўваўся да кожнага шолаха, да малейшага скрыпу. Яго трывожыла тое, што Зоськіна матка ляжыць на печы і, пэўна, не спіць.

Як бы ў адказ на яго думкі, з печы пачуўся кашаль і спынілася сапенне спячай кабеціны.

Мабыць, старая прыслухоўваецца да таго, што робіцца ў хаце.

І Зоська і Салавей змянілі тон гутаркі на звычайны. Гаварылі аб розных рэчах, толькі не аб саміх сабе. Ім абодвум прыкра было, што іхняя гутарка не абыходзіцца без сведак; хаця Салаўю як бы зрабілася лягчэй ад гэтага, бо лепш было гаварыць аб пабочных рэчах, чымся аб сваіх уласных.

Словы Зоські: «чужы, чужы…», сказаныя з балючай скаргай, увесь час звінелі ў яго вушах.

Гэтыя словы, адбіваючыся на розныя лады рэхамі ў сэрцы, псавалі яму настрой, труцілі кроў і набывалі той глыбокі трагічны сэнс, якога ён не зразумеў спачатку. Нешта падсвядомае, чаго ён не мог бы словамі сказаць, дыктавала яму, што ён зрабіўся чужым не толькі Зосьцы, але і самому сабе. Яго нянавісць да ўсяго панскага была цяпер мацней, чымся раней, аднак, нягледзячы на гэта, яго цягнула назад да панскіх палацаў, да іх роскашы з тым самым імпэтам, з якім ён некалькі гадзін таму назад, крадучыся адтуль, пайшоў, праклінаючы паноў і ўсё панскае.

Яго цягнула да палацаў, як часам цягне чалавека ў глыбокі вір.

Салавей стараўся рассейваць сваю ўвагу на ўсякія вакольныя рэчы ў хаце: то заглядаўся на сіняватыя аганёчкі лучыны, на горкі дым, што віўся над ёю, то кідаў вачыма ў кут, дзе ў загародцы на саломе ляжала цялушка, скручаная ў абаранак.

Цялушка стрыгла вушамі, утаропіўшы круглыя, нібы задумённыя, вочы на агонь лучыны. Белы круглячок на лобе цялушкі блішчэў, як снег, і выглядаў прышытай латачкай з белага кужалю.

Салавей пацягнуў носам пах горкага дыму, цяжкі пах цялушкі, кур з падпечку і, не хочучы, зморшчыўся.

А Зоська наглядала за ім і ўгадвала ўсе яго думкі і адчуванні.

— Нашто плот гарадзіць, Сымонка! Ідзі ўжо да «сваіх» палацаў. Табе тут цяжка ў нас… Ідзі сабе на генеральныя рэпетыцыі!

— А што? — усхапіўся Салавей.

Зоська расказала яму пра тое, як не пусцілі са студыі Марыльку да паміраючай маці, як Каспара, бацьку Марылькі, забралі ў двор на кару.

У Салаўя загарэліся вочы. Ён стукнуў кулаком аб стол.

— Няхай прападзе панскі маёнтак! Жыць не буду, калі не адпомшчу за здзекі! Не вярнуся ў тэатр!

Старая прачнулася і зірнула з печы спалоханымі вачыма.

Зоська абняла Салаўя.