Прыгонніцтва — гэта лёс-доля чалавека, гэта немінуча, няўхільна, як радзіны, як смерць. Гэта ідзе ад самога Бога.
Так гавораць у цэрквах і касцёлах.
Пайсці супроць волі пана — нават грэх. Так яно спакон вякоў.
Але Зоська пайшла на гэты раз супроць Бога і нават грэху баяцца перастала.
Разам з такім пераломам у думках, у агні бязмернай злосці ўсё перад Зоськай навокал прыняло інакшы выгляд, больш прыязны.
Хоць злосць расла, але адпала роспач і схавалася далёка ў глыбіні істоты. Нешта яе хмяліла, трывожыла: яна знайшла для сябе новае ў злосці — гэта дало ёй апору і сілу.
Зоська з імпэтам гаспадарыла ў хаце, працавала з такім спрытам, ажно старая маці дзівілася. Ніколі з дачкою гэтага не было.
Пад вечар з вёскі пачуўся гуд, суматоха.
Зоська выбегла на двор.
Па вёсцы раз'язджалі конныя панскія ганцы, ляскалі бізунамі і лаяліся брыдкімі словамі.
Мітусіліся каля хат спалоханыя, устрывожаныя сяляне. Кабеты лямантавалі-галасілі, аб нечым упрашвалі ганцоў.
Здалёку выглядала, нібы войска варожае напала на вёску. Коннікі насіліся туды і сюды, як бы збіраліся разбурыць усю ваколіцу.
— Што гэта? Што гэта? — запыталася ў суседкі здзіўленая Зоська.
— Уцякай хутчэй, дзеўка, а то забяруць на панскі баль! — шапнула ёй кабета.
Зоська не думала ўцякаць, ды і не паспела б, бо да яе падскочыў на кані Макар, той самы, што ўлетку быў выгнаны з яе хаткі, калі да яе сватаўся; той самы, што тады Сымона забраў на кару ў панскі маёнтак.
— А, зноў панскі сабака з'явіўся! — прашыпела пабляднеўшая Зоська.
— Ты не лайся так. Будзь трохі далікатнейшай! — прагаварыў робленым смехам Макар. — Цябе пан па баль запрашае! Го-го-го!
Макар голасна смяяўся, расчырванеўся, тросся на кані, прыпадаў грудзьмі да сядла і не ведаў, што з сабою рабіць ад вялікага напору смеху, які корчыў яго і душыў.
— Го-го-го, паненка! Прыбірайся! На папскі баль ідзі! Там шмат гожых панічоў наехала. Ой весела будзе! Го-го-го!
Зоська спачатку акамянела на месцы, потым схапілася за галаву і пусцілася наўцёкі да хаты, пакідаючы за сабою людскі гоман, крык і плач. Усё нутро яе пахаладзела, і сэрца біцца перастала. Перад яе вачыма кружылася зямля, хаткі перасоўваліся з месца на месца.
— Нікуды не дзенешся! — крычаў ёй удагонку Макар.
Зоська ўскочыла ў хату, як бы хаваючыся ад лютага звера, аглядалася па баках, нечага шукаючы, знайшла сякеру і стала чакаць.
— Дачушка, дачушка, што з табою? — енчыла маці.
Вочы ў Зоські гарэлі непрытомна. У моцных руках дзяўчына трымала нагатове сякеру, каб секануць, хто б ні паказаўся ў дзверы…
Павольна злез Макар з каня і скрыпнуў дзвярмі ў сенцы, адчыніў дзверы ў хатку, ледзь сагнуўшыся, каб не ўдарыцца галавой аб нізкі касяк.
— Зоська! — крыкнула маці не сваім голасам і падскочыла да яе, каб стрымаць за руку.
Але было ўжо позна. З страшным стогнам Макар паваліўся праз парог.
Сонца ўжо стаяла нізка над лесам. Па дарозе ішоў гурт дзяўчат, каля пятнаццаці. За імі конна ехалі ганцы.
Дзяўчаты былі ўбраны па-святочнаму — ішлі на панскі баль…
Ганцы жартавалі, падбадрываючы часам каго-колечы з дзяўчат бізуном.
Здалёк чуваць былі ляманты вясковых кабет… Галошанне перайшло ў выццё.
Ганцы не зварочвалі на гэта ніякай увагі. Яны гутарылі між сабою аб тым, што яшчэ Макара няма.
— Мабыць, з Зоськай там загуляўся. Яшчэ да панскага балю набалюецца!
Войканне з кожым разам цішэла. Здавалася, што гэта енчыць і стогне зямля ад невядомага вялікага болю…
З заходам сонца паціснуў мароз. Пачаў падаць снег.
9. Фантастычная ноч
Над маёнткам пана Вашамірскага ўваскрослі змрокі. Яны вандравалі з кута ў кут каля сцен муроў, гойдаліся, нібы чорны туман, напалоханыя рознакаляровымі агнямі з вокнаў панскіх палацаў. Цёмна-сінімі зданямі змрокі плылі з далёкіх палёў, з дрымотнага лесу. Пух лёгкіх сняжынак абсыпаў зімовы вечар сівымі кроплямі. Снежныя камары падалі ўніз крыху наўскось заільдзянелымі хвілінамі вячэрняга часу. У светла-яркіх прарэзах, што свяціліся з акон панскіх палацаў, сняжынкі мільгалі асляпляючым блескам. Іхні казачны вэлюм цягнуўся аднамерна зверху і сцяліўся па зямлі без канца, нібы разгортваючыся недзе высока-высока з воблачных кроснаў.
Урачыстасць адчувалася ў паветры, у снежнай цішы, атуленай каляднаю ноччу.
Шум людзей льецца разам з хвалямі святла праз вокны. Няма дзе дзецца, цесна галасам унутры, у пакоях — і яны гвалтам ірвуцца на прастор, на волю. А муры, строгія і грозныя, вызначаюцца грамадзінамі высокіх сцен, хрыбтамі дахаў, выкрутасамі вежаў, скручаным стадам дагістарычных звяроў.