Караневіч яшчэ вадзіў алоўкам на другой старонцы разлінеенага тоненькімі рысачкамі сіняватага аркуша, а Баталаў ужо склаў свой трохкутнічак. Устаў з-за стала, лёг на лаўцы каля сцяны. Заплюшчыў вочы.
…Праз мінуту ён быў у траншэі. Спіной адчуў чыйсьці позірк, доўгі, дапытлівы, заклапочаны. Павярнуўся — да іх набліжаўся камкор Пятроўскі. Падышоў, падаў яму руку, сказаў знаёмым прыемным голасам цёпла і молада: «Шчырае дзякуй батальёну». Ён аддаў Пятроўскаму чэсць і горача выпаліў: «Я, таварыш камкор, у бінокль ужо бачыў Бабруйск. Не, Берлін бачыў, Берлін». Пятроўскі сказаў яму: «Трэба дайсці…»
На Баталава мякка легла прыемная цеплыня. Караневіч асцярожна накрыў яго шынялём.
У начным небе цягуча загулі самалёты. Караневіч патушыў газнік, падышоў да акна, адгарнуў край коўдры. I першае, што яму кінулася ў вочы, было неба. У душы палыхнула здзіўленне: ясныя, чыстыя зоркі! Столькі зор!
Трасіруючыя кулі некалькіх чэргаў выгнутымі вогненнымі лініямі прачарцілі цемру. Узляцелі бела-аранжавыя ракеты. Калі яны патухлі, ноч стала яшчэ больш трывожная.
X
Пацягнуліся дні і ночы атак і контратак. Батальён Баталава наступаў уздоўж чыгункі Жлобін — Бабруйск. Выйшаў на подступы да вёскі Заграддзе.
…Праціўнік зрэдку абстрэльваў пярэдні край батальёна з мінамётаў. Можна было падумаць, што ён не збіраецца контратакаваць, вырашыў перадыхнуць. Аднак неўзабаве грымнула артылерыйская кананада. Паўгадзіны грукатала, стагнала і трэслася ўсё наўкола. Страляніна і выбухі зліваліся ў суцэльны гулкі раскат, які нібы слаўся па ўчарнелай ад гары няскошанай пожні.
Неўзабаве немцы рушылі ў контратаку.
Шостая рота, на якую ішлі гітлераўцы, сустрэла іх шчыльным агнём, прымусіла залегчы. Толькі ненадоўга. Зноў быў шалёны абстрэл з гармат і мінамётаў, і зноў зялёна-шэрыя фігуры ўзняліся з долу.
3 левага фланга роты доўгімі чэргамі сек па фашыстах станковы кулямёт. Але неўзабаве ён змоўк: там ускінуліся стаўбуры выбухаў.
Гітлераўцы пасмялелі. Ва ўвесь рост беглі ўжо не асцерагаючыся.
3-за перакуленай нямецкай кухні выскачыў чырвонаармеец, прыгнуўшыся, кінуўся да кулямёта. Доўгія ногі прытка сігалі па перакапанай, паразварочанай выбухамі затравелай глебе. Баталаў пазнаў Гарнагу.
Лейтэнант крыху не дабег да станкача, паваліўся ў варонку. «Забілі?!» Камбат замёр у чаканні.
Паветра ўспароў пранізлівы свіст, які раздзіраў душу. Снарад быў настолькі нечаканым, што Баталаў плюхнуўся ў акоп амаль адначасова з выбухам. А калі падняўся, побач з акопам курыўся празрысты дымок.
3 варонкі, куды ўпаў Гарнага, паказалася каска. Адразу затым выкульнуўся ён сам. На гэты раз лейтэнант не ўскочыў на ногі, не пабег. Падбіраўся паўзком, шпарка працуючы каленямі і локцямі.
Ён дапоўз. Прыпаў да кулямёта. Даў доўгую чаргу. На момант перапынак — і зноў, перапынак — і зноў… I тады, калі парадзелы ланцуг гітлераўцаў павярнуў назад…
Бой нарэшце заціх.
Баталаў закурыў. Разважаў: гітлераўцы, безумоўна, будуць старацца выматаць сілы батальёна, каб ні ў якім разе не даць захапіць Заграддзе, бо паўз вёску праходзіць чыгунка Жлобін — Бабруйск… Значыць, менавіта гэта і трэба выкарыстаць цяпер як след. Вылезуць зноў са сваіх грунтоўна абсталяваных акопаў і бліндажоў, пойдуць у атаку — бліжэй падпусціць іх і добра «апрацаваць» мінамётным і кулямётным агнём. Пасля сустрэцца грудзі ў грудзі. Вось тут, на полі.
Ён перадаў загад у падраздзяленні: па сігналу «тры чырвоныя ракеты» — усім контратакаваць.
Зара гарэла над абшарамі, параненая, насцярожаная зямля быццам слухала свой боль.
Прайшло чвэрць гадзіны. Немцы зноў падняліся ў атаку. Але ішлі яны неяк вяла, як бы з аглядкай, нехаця. Што здарылася? Дзе іхні той ваяўнічы імпэт, з якім яны кідаліся, ляцелі, навальваліся як без памяці? Стаміліся, выдыхліся ці фанабэрыю сваю растрэслі?.. Не, тут, відаць, хаваецца нешта… Баталаў апусціў бінокль, нецярпліва зноў паднёс яго да вачэй. А што, калі?.. Падобна было, што яны здагадваліся пра яго план.
Сустрэцца з ворагам грудзі ў грудзі на гэты раз не давялося. Як толькі чырвонаармейцы рушылі насустрач, спачатку на правым флангу, потым на левым гітлераўцы павярнулі назад. I зноў заўважыў камбат: без мітусні і панікі.
«A-а, вось што!.. Рыхтуюць пастку!»
— Атаманчука! — гукнуў Баталаў сувязісту.
Цяпер ён зразумеў: яны наважыліся выманіць батальён на адкрытую мясцовасць і падвесці пад мінамётны агонь… «Ну-ну, паглядзім!..»
— Не дай ім у сваю траншэю заскочыць, чуеш? — кінуў камбат Атаманчуку.— Адсячы іх загараджальным!