Выбрать главу

Ляснік Булава неяк сказаў мне:

— Ты гэта ці не ты, а ў суд дзеўка на цябе падасць.

— Няхай, калі яна гэткая дурная! — адрэзаў я п'яніцы.

— Хто тут з вас разумнейшы, час пакажа. — I Булава павалокся сабе, азіраючыся ў мой бок разоў колькі, быццам пакепліваючы з мяне.

Я не браў усяго таго ў галаву і, як ні ў чым не бывала, спакойна капаўся ў гаспадарцы. Столькі і падумаў быў: «Удаве, дык і вецер спадніцу задзірае. Не паспела Бубніха мужыка пахаваць, як прыблуды Маньку ёй зматлашылі...»

У панядзелак жа, на кірмашы на Сабачынцы ў Саколцы, — я падсвінка добра збыў варшаўскім спекулянтам, — неспадзеўна перапыняе мяне сама старая.

— Ты, што з маёю Маняю будзе? — гэтак яна да мяне.

— А я тут-ка пры чым? Не чапаў жа вашае Мані! — I, памятаю, набіраюся поўныя грудзі злосці.

— Эх ты, узяў і апісаў, адпомсціў ёй за тое, што на танцы ў Бабылёў Луг не хадзіла яна з табою, гэтакай брыдотаю, што жонку родную звёў на той свет, каб чужыя дубасіць. Абняславіў Маню, жыццё завязаў ёй, бедненькай...

— Не я гэта пісаў, і не я ёй завязваў! — выпаліў сухой бабе.

Бубніха ад таго ажно падскочыла, бы гумовая. Засакатала:

— Ага, не ты?!. А людзі што кажуць? Ты! I кожны тое скажа. Перастань мне выкручвацца задам дапераду, табе нічога не паможа, калі суддзя на вачах людскіх за справу возьмецца!..

— Ну чаго вам ад мяне трэба? — спрабаваў я спакайней, як з мацеркаю Манькі.

— Чаго? — і Бубніха ўсё роўна што спатыкнулася. — Яшчэ і пытае, чаго!

— Ну, дык чаго? — ухапіўся я за слова, трохі разлічваючы на яе розум і сумленне. — Засудзяць, не засудзяць, і што далей? — як здавалася, выблытваўся я.

— Дочанька мая, а няшчасная ты!.. — тут плакнула Бубніха, умомант натоўп вакол сябе гэтым збіраючы.

«Калі ў радзіне бяда, дык аднае мала: трэба, каб была і другая», — смутна вяртаўся я дахаты. Па дарозе зайшоў быў дагледзець магілу нябожчыцы жонкі свае на цвінтары, што ўзбоч ад гасцінца і перад вёскаю.

Аднак жа нешта прадчувала мая душа.

Сені, калі я ўжо ўехаў на падворышча хаты і, урэшце, выпраг каня, аказаліся адамкнёнымі. Сабака, гэты ліслівы Рэксік, разваліўшыся, ляжаў нажорты, як падла якая, і нават хвастом дзеля прывету мне не варухнуў. У кухні, за сталом, а як жа, я ўгледзеў раскрасаваную святочным адзеннем Маньку. Яна адразу і ўселася на мяне, і то неяк па-жончынаму:

— Бачу, закарэў ты адзін, на Яна парадкі навядзем

— Ты — гэта сюды як? — пралапатаў я.

— А, во, так! — I яна тыцнула мне ў рукі здымак з леташніх хрэсьбінаў у Булавы, на якім я, хоць і жартаўліва. ніштавата прыціскаў быў Маньку да вушака (была кумою). — Можаш рваць гэту фотку, — дадала, калі збольшага прасвятлілася ў маіх мазгах. — У мяне ёсць іх больш, а сведкі чаго горшага, на выпадак якой патрэбы, знойдуцца... Ну, беларусок, пара падумаць пра наша вяселле, пакуль нічога па маім стане не пазнаць!

Пагляд у Манькі, не на смех, шалёна пабліскваў.

Я так і не вылаяўся... Адумаўшыся потым, прыкінуў быў сам сабе: няважна, чые бычкі, абы цяляткі мае, а Манька, як-ніяк, працавітая, і не модніца, і не будзе лішняй, вось, яшчэ пара рук на маёй гаспадарцы, таксама і Бубніха спраўная ды і ў пасаг апіша мне сёе-тое...

Цяпер іншы раз засмяюся сабе ў кутку, каб яна, крый Божа, не згледзела таго або не ўчула: Маня, слухайце вы, прыхілілася чытаць «Ніву»!

У Кашэчай Лапцы празвалі яе Беларусіхаю, а блізнятаў — Ніўняткі.

НЯЗДЗЕЙСНЕНАЯ РАЗМОВА

Я хацеў пагаварыць з ім, гэтак без паспешкі, але ён не даў мне дайсці да слова і то зусім не таму, што гаварлівы. У яго, звычайна, было шмат чаго сказаць мне, і ён усё гаварыў, а я слухаў.

Стаяў ясны, з маразком дзень, што спрыяе добраму самаадчуванню і дакладнасці думкі.

— Каб гэта чалавек ведаў тое, што яго яшчэ чакае дык, мабыць, без асаблівага страху, ну, павесіўся б, — пачаў ён з, па-застольнаму тандэтных, нараканняў. — Можна, халера, толькі здзіўляцца той радасцю бацькоў, з якою яны вітаюць дзіця, сваю малечу. Я, як сын селяніна, ведаю, што мае дзяды не надта скакалі ад уцехі пры нагодзе нарадзінаў у іх доме... Ведаеш, халера, пра што я іншы раз падумваю? Вось пра фармулёўку згвалтаванае жанчыны! Магчымая тут дакладнасць?..

Мы трохі памаўчалі.

— Ведаеш, тэлефон ад яго, ад колішняга майго прыяцеля, ад таго Алёшкі быў мне настолькі нечаканым, што, халера, одум мяне ўзяў: нармальны я ці ўжо не?! — загаварыў ён пра сваё канкрэтнае. — Справа ў тым, бачыш, што ён, гэты Алёшка, якіх-небудзь дзесяць гадоў назад дапусціўся ў зносінах са мною аж такое недыскрэтнасці, ад якой я і па сёння знаходжуся ў бес-стабільным становішчы як асобень, так сказаць, з пахіснутаю псіхікай, крайнасцямі ў настроі і тэдэ. Аднак жа, у тую тэлефонную трубку, я нагаварыў яму ветлівасцяў: «Добры дзень вам. Я буду вельмі рады бачыць вас...» — і нават нейкіх ліслівасцяў. Скончыўшы, я пакутліва перажоўваў тое сваё, менавіта, дзеля чаго гэта рэагаваў з дрыготкаю надзеяй на ягонае запрашэнне мяне?! Значыць, на якую халеру я прыкідваўся ўсцешаным?.. Відавочна ўва мне было, блізкае ўсведамлення самому сабе, даўняе жаданне паразумецца з ім, з безумоўнай шчырасцю выгаварыцца да самога тла! Гэта не іначай. Я пабег на сустрэчу з ім у дамоўленым месцы, чамусьці злуючыся на халадок у сваіх грудзях, які, памятаю, з'явіўся тады неўпрыкмет, як быццам нейкі цьмяны боль зуба... А ўсё тое вынырнула наверх з пачуццяў маіх потым, ужо пасля тае стрэчнае гутаркі, калі стала мне зразумелым, што за гады, якія прамінулі ад таго жахлівага здарэння, па сутнасці нічога не змянілася ў нашых суадносінах, бадай толькі адно, як гэта зараз бачу: у мяне не знайшлося сілаў ні запалу, каб змагчы перапаўтарыць яму ўсянюткія свае доказы, столькі ж разоў перашэптваныя мною ў сваю абарону.