Выбрать главу

Ён лакомліва закурыў. Зрабіў гэта ў вялікім забыцці, праз добрую хвіліну схамянуўшыся, што трэба ж яму пачаставаць папяросаю і мяне.

Далей гаварыў ён усё роўна як не пра тое самае:

— Мы, ведаеш, з'ездзілі кудысьці ў вёску; ён ехаў па сваіх справах, глядзець такую паўзабытую цэркаўку недзе на ўскраіне Крынскай пушчы. Я і сам цяпер катэгарычна не цямлю: дзеля чаго гэта я пусціўся з ім туды, пад тую цэрквіну, заімшэлую ўжо, наконадні руіны? Але тая паездка, ты ўяві сабе, дала мне салідны пярэдых, халера, хоць і не адбылося без, звычнае ў такіх акалічнасцях, балбатлівае гамонкі ў падарожнай, легкавой, машыне. Прытым — рагаталі мы, распасцёршы рукі, ажно слупянелі!.. Я ратаваўся ад дурману ціхімі здогадамі наконт таго, што жыццё нельга пражыць кавалкамі і што ўяўляе яно сабою нейкую цэласць, а этапы яго — не больш як усяго якасныя памеры, набрыняласці або сохані, паміж якімі не можа быць межаў, ну, абрыўкаў. I, адначасна, шкода, халера, што яно ёсць, менавіта, гэткае цэласнае. Вельмі, вельмі шкада, што, ну... Разумееш ты мяне, хацелася б, жывучы адзін жа раз, каб было магчымым пакарыстацца гэтым цудам у найбольшай колькасці варыянтаў яго, вось цэлых, во, са сваімі пачаткамі ды канцамі, — ён паморшчыўся, непрыгожа, ад сканцэнтраванасці. — Ну, як табе тое растлумачыць? Скажам так: на падабенства, вось, папкі з крымінальнаю справаю, якая, зазвычай, пачынаецца вопісам першага здарэння, выпадку, паступова таўсцеючы ад дакументацыі наступных фактаў, і закончваецца яна нечым фінальным, напрыклад, у выглядзе аналізу прычынаў ды іх паслядоўнасцяў, дэфініцыі...

— I так, я звалачыўся з ім у адлеглую глухамань... У гэтае, папраўдзе дурное, падарожжа было ў мяне незабыўнае імгненне. Мы даязджалі да моста, драўлянага, бачнага здалёку, пачарнелага, самотнага мастка на рачулцы, перад Талькоўшчынаю... Рабілася да таго ж пуста ўнутры, што адно вочы, адны яны прыдавалі сэнсу існаванню. Гэта, скажу табе, агідны настрой, які нагадвае, як кажуць, перадшыбенічны. Людзі, наогул, не ўсведамляюць сабе, як важна пабыць, час ад часу нікамуткі не патрэбным! Тады — перспектыва, ведаеш, стаецца чысцейшаю... Мы пасталі на тым мосціку і, непрыстойна, адцадзіліся ў цёмную пад ім стромань, і — здавалася мне — пад намі дымела пара, як над якімі коньмі, угрэтымі ў вазіску з лесу, з калодаю, цяжорнаю падрубаю. У сцюдзёнай выссі пераклікаліся журавы, спяшаючы, неяк па-прывакзальнаму; нявідныя анёлы суму.

I павесялелым голасам:

— Мы, ведаеш, счапіліся спрэчкамі наконт танца, ну, ягонай існасці і да таго падобных сафізматаў. Танец... Танец, а ці не, узяўся з забавы, гульні. Не думаю, што ў гэтым уся праўда, такая, якую мы разумеем... Ведаеш, што я падумаў, халера, забаўляючыся з ім у дыспут? Найгусцей падумваў я пра тое, што, вось, далеч перад намі сіпее холадам, усё роўна бы там выпаў першы снег і што ў ваконцах лясунскае Сакалды свеціцца неяк па-каплічнаму, бяздомна, во. Ну, але танец... Ты таксама, ведаеш, прыглядзіся да будзённых людзікаў: яны паўтараюць паводзіны, рухі! I кожны з нас выконвае, халера, танец, сам не спадзеючыся таго. Так, братоха, — усе танцуем дзень у дзень, ад рання да ночы, а нярэдка, хэ-хэ-хэ, і поначы... Значыць: танец як з'ява мастацтва і самое мастацтва заключаецца, відаць, у згушчанасці... ну у працярэбліванні лішняга, бы у дагледжаным садзе, ачышчаным ад сухастоінаў, дзічак, беспатрабноцця заморанікаў... Гэтае самае мастацтва ўражвае нас, чым, га? Выразнасцю, братка! Яснасцю дагэтуль няяснага і нязвыклым бачаннем бачанага, нават штодзень бачанага або і таму менавіта; беспрадчуванай цэльнасцю, во, новай патрэбнасцю, як прыгожа пабудаваны дом на пустэчы.