Выбрать главу

Пазней нічога не ўчулі пра яе.

Валаводзіліся размоўкі:

— Учора праходзіла я каля судоў, ведаеце, па чысценькім ад снегу тратуары...

— Суды, дарагая, гэта табе не хіханькі -— закон! Перад імі падмятаюць старажы, крымінальнікі ўсякія...

— А сядзіць тых гвалтаўнікоў, ой, сядзіць іх па турмах...

— Ах-ах-ах...

ПЕТРЫКАЎ ДАБРАБЫТ

Петрык, ажаніўшыся з Кухарцовай дачкою, абмяк і змаркоціўся. Кухарцы, вядома ж, не тая радзіна, якой хацелася б пазайздраваць Петрыку, і некаторыя з нас лічылі, што ён, звычайна, зразумеў свой промах. Успрымалі мы гэта па-свойму спакойна, каб не сказаць: з яхіднай задаволенасцю.

Конскае прыгажосці фізіяномія Петрыка яшчэ болей павыразнела. Флегматычны, ён зусім апусціў рукі так, што нехта пачуў нават пра блізкае звальненне яго з работы, (усё аказалася плёткаю па іншай, сапраўднай, прычыне). Як зазвычай, шкадоба чаргавалася ў нас са здогадамі наконт таго, хто зойме па ім месца. Гаварылася аб Сляпым Лёніку, угадованым гультаіску з сектара рэвізіі...

І хоць уласных бедаў кожнаму хапала, былі час ды ахвота трапаць языкамі і пра Петрыка. У нашай, невялікай, установе няхай толькі дрэнны настрой у шэфа ўжо з'яўляўся надзеяй, а ў выпадку ж Петрыка — жарты вам! — узважваўся лёс чалавека. Таму мы са здзіўленнем над здзіўленнямі, ад якога ажно мазгі стыгнуць, выслухалі звестку пра тое, што ён, Петрык, папрасіў у начальства аб тры месяцы бясплатнага водпуску; заскочыў з гэтым, менавіта, Сляпы Лёнік.

— Ці ён здурэў, гэты Петрычыска?! — войкнулі ўсе ў адзін голас. — Авёс закалоў яму ў зад, сам жа пазбываецца, целяпень, працы!..

Гармідар асеў, і Сляпы падсумаваў: — Калі Бог каго хоча згубіць, дык напачатак розум яму адбірае.

Лёнікава яснасць нагнала на нас нуду. Мы павярнулі да тэмы сакратаркі: спіць яна зноў з шэфікам ці пакуль не наважылася пасля вылячэння трыпера ад кагосьці? Набралася яна тае поскудзі, — што было па-вясковаму добра вядома, — на імянінах Сляпога Лёніка, на якіх, да белага дня, пілі ў цёплым падваліку, дзе знаходзіцца кацельня. (— Няхай жыве клуб Сляпога Лёніка! — расплёсквалі тосты, а імяніннік хмялеў, аж заснуў быў у шмацці пад трўбою цэнтральнага абагравання. Сакратарку ж дубасілі цваныя інспектары з Варшавы, у рагатлівай чарзе і ў вашывай каморцы кацельшчыка-абібока.)

У другі раз Сляпы Лёнік забег неяк пад канец тыдня, сапсаваўшы нам нядзельны адпачынак.

— Ведаеце, хлопцы? — прапяяў ён пеўнікам. — Петрык узяў той водпуск, каб паехаць у Амерыку, зарабіць там зялёных...

— На легкавушку «форд», хітрунец! — енкнуў я, ад чаго зрабілася мне брыдка, але трохі.

— Ах во які нумар!

Мы ажылі.

Узнікла пытанне: адзін ён туды падасца ці з жонкаю?

Петрык, тым часам, кануў бы ў ваду. Неўзабаўку выявілася, што ягоны выезд адбыўся ў самюткі Новы год, у завею з маразамі. — Казалі: выбраўся ў Каліфорнію, гарачую краіну.

Білет на самалёт з Варшавы ў Чыкага каштаваў Петрыку суму гадавога заробку. Жонку сваю, натуральна, пакінуў ён дома. А тут мяцеліца снегу накрушнявала на дарогі столькі, што цягнікі і тыя суткамі нерухома сіпацелі на беластоцкім вакзале («хуткая дапамога» давозіла хворых здаля ў бальніцу — падумаць! — верталётамі). Петрыка ж паратаваў быў нарачоны швагеркі яго, які — пранырлівы, падла! — уночы і тайна вывеў снегачыста з базы ўправы шляхоў і, не гледзячы ні вока ні бока, папёр на ім нашага амерыканца да варшаўскага аэрапорта, за цэлых паўтары сотняў вёрстаў, пры нагодзе адкопваючы з сумётаў на аўтастрадзе, як сам пасля хваліўся, з паўтысячы грузавікоў... — Бракавала пятнаццаці хвілінаў, каб мы запазніліся, — казаў ён. — Валокся назад праз дзень і да вечара, пакінуўшы машыністу, уехаўшы ў Беласток ад Выгоды, пад нейкім камісарыятам міліцыі, каб доўга не шукалі яе, бо, заразы, узялі б і выкрылі б мяне! Гэ-гэ-гэ...

Петрыка не было з Амерыкі роўна два гады, як абрэзаў. Аб ім перасталі і згадваць, быццам пра нявартага ўспаміну нябожчыка. Счаўплося крыху балбатні, калі Петрычыха нарадзіла брывістае дзіця, сына (але ад каго?!). — Таксама папрацавала, каб не з пустымі рукамі сустракаць мужа, гі-гі-гі... — за аборты, тады, страшэнна каралі лекараў.

Ён прывёз, а як жа, ашаламляльнага «форда».

У Брацкім завулку зараз жа купіў аднапавярховую вілу.

Адшукаў хабеля жонкі і зрабіў яму нешта такое, што той перабраўся жыць у далёкі Шчэцін, дзе, як пайшлі потым чуткі, павесіўся, ці што, на кватэры прастытуткі каля порта...

Разводу не было.

Петрычыха адчыніла галантарэйную крамку ў канцы Купецкай і выхадзіла мужу даходную пасаду дыспетчара на бензакалонцы, што ля Баброўніцкае шашы.