Мы неўзабаве дагаварыліся і да тато, што ненайзначным дасягненнем нашага чачу з'яўляецца пашырэнне пачуцця панства — на мільёны людзей, на ўсякае прасталюддзе, без чаго не можа быць папулярным імкненне да культурнасці!..
Першым, як памятаю, зваліўся пад стол, вуаля, Сыльвусь!..
Хаты вясковыя — гнёзды пакінутыя, якім не пачуць ужо галасоў маладых. Пад кашаль старэчы слухаць вам байкі пра лёс залаты сыноў, што ў чыноўніках ходзяць, і пра дочак замужжы панскія. А яны ж — не тыя птушкі, каб у старонне роднае вярнуцца. Пагінуць па свеце шырокім, паразлятаўшыся хто куды і нават туды, дзе ніхто не чакаў іх. Ім, аднак, хлебна ёсць там, на спадчыне той чужой, хоць — бывае — і зусім зязюльчынай. Куюць галасіста песню сваю шчасця ад сытасці безайчыннай, здаволеныя над здаволенымі.
А вёску тваю няхай яна заваліць разам з мінулым яе нялюдскім ды працаю гаротнаю, з доляй горкаю і сварнёю без сціхання, з усімі зайздрасцямі яе ды праўдамі тымі і няпраўдамі!..
Унукі твае, хаціна ты хілая, кажуць і казаць будуць: не дай Бог пад страхою тваёю нарадзіцца!
I твае дзеці ўвойдуць у сумоту даросласці, бы вандроўнікі даўнія ў лес стараялінавы. Калі будзеш яшчэ жыць, дык паглядзіш за імі і нічога ўжо ім не скажаш. А яны ўсяго пачнуць здагадвацца ў тым, што і тваё жыццё не было надарэмным. I што апошнія наогул не бываюць першымі.
Успрымацьмуць, а ці мала хто, свет белы так, быццам створаны ён упярэдадзень іхніх нарадзінаў, і, вядома, досыць неразумна. Ажно прыйдзе і да іх той дзень і час, у які ціха скемяць пра паўторнасць сваю, як дачка пра замужжа ўласнае, зазвычай гэтак жа легкадумнае... А і пра тое, што — беларусам трываць, бяды ды паніжэння паспытаць трэба і ў гэту эпоху абяцаную, каб хоць чалавекам і цяпер застацца.
I, як лета цяплынь, узмацняе ў нас адчуванне свайго існавання, і нам добра тады апынуцца на рэчцы ў лузе, калі яна якраз цямнее ад буры, што валачэцца ды грыміць над лясамі, — так супакой жа нейкі блаславёны сыходзіць з вышыняў нават ад думкі аб тым, што, відаць, у даўніну таксама найбольш купаліся ў плыткаводдзі менавіта малыя, гэтыя стварэнні шчаслівасці, пры якіх абнаўляемся ж, праўда, усё часцей успамінамі, аднак жа.
Яны, ці бачыце, чужэюць, бо ёсць жа самі навіною, сутнасць якое ў змене чагосьці істотнага. Каб толькі да лепшага — вось няўпэўнеянсць век-вечная.
Новы дом бацькі, хоць і гмахам здаваўся тады, галеў беднасцю. Пабудаваны быў, як і ўсе ў нас, майстраватай бесталаччу. Асядаў гадоў дзесяць, з поскрыпамі бэлек і тарарахам у вуглах; чарапіцу на яго рабіў зусім прыдурак, затое танна. У пакоях, з панскімі — для завідлівых — вокнамі і з вышынёй як бы палацавай патыхала запушчанасцю: шпалеры, наклееныя ў самым вялікім з іх, трэскалі ды маршчыніліся накшталт дыдактычнай мініяцюры альпійскіх гор — бачаных бацькам у нямецкую няволю, з якой гэта ён прынёс заядласць у сабе зажыць не па-тутэйшаму, прасторна і ў паўгарадской выгодзе.
Такой будовы людзі нам не даравалі. Бацька так нічога і не закончыў у ёй.
Ён старэў, як свечка гасне (трохі і распіўся быў). А я, шчабятлівы характарам, па-ластаўчынаму выпырхнуў у бяспечны Беласток. Там сваіх ужо дзяцей гадаваў, і мора мне было па калені. I пасля смерці бацькі спатрэбілася гадоў і гадоў, і глыбокай старасці маці трэба было, каб уцяміць, што няскончаным домам нашым я павінен заняцца. Магчыма, і таму таксама, што ў мяне завяліся большыя грошы ды і сынам маім выраслым ніадкуль мець кватэру ў трэці польскі крызіс...
Насамперад апланаваў я зграбны плот. Гаварылася мне з майстрам, маладым, лёгка і прыемна (як з кожным, хто пабываў далёка і ў чужых). У прызабытай глушы бацькаўшчыны я мілаваў яго, бы героя нашага часу: малайчына, ён першым вярнуўся да сваіх! Мы прыгожа сказалі і пра беларускі патрыятызм, напаследак адзін аднаму. А плот ставіў ён потым, рыхтык як той Бязбожнікавы Франак калісьці ксяндзу, аж ксёндз пачаў дурыць галаву самому Богу малітвамі аб канцы гэтай работы.
Дубападобную панэль і мэблю я абачліва заказаў у былым павятовым горадзе ў хвацкага столяра. «Будзе, проша пану», — адказваў ён мне праз цэлы божы год і ў другую вясну. Усякае наадбывалася паміж намі, і я — бяссоння нажыўшы — прызнаў: з плотам як-ніяк пашанцавала. Я дапамагаў столярысе дзяцей ёй няньчыць і агарод праполваць, каб толькі не было яму чым выкручвацца перада мною, бракам спакою ад бяздарнасці бабы (знаёмцы не ўпаткалі мяне тут, то і ганьбы мне, лічы, няма). Столяр — ён дбайна не выдаваў сябе халопам — кінуў усенька і зрабіў нават больш усяго таго, за чым я заходзіў, але тады, калі западозрыў мяне, што я дабіраюся да ягонай жонкі, зіркастай і рагатлівай гультайкі, гэтым ён як бы падказаў спосаб, якога я і спрабаваў у гешэфтах сваіх паслейшых з гідраўлікам ды дастаў у морду. Я мацней і мацней здзіўляўся мноству тае мэблі ўсюды, шыкоўнай не па-фабрычнаму! Хто ж гэта яе вырабляе?