Выбрать главу

«Куды — цябе?!»

Абражана маўчаў.

«Ну, хто там цябе не бачыў?»

Упарта не адзываўся.

«Сопца асядае, заедзь...»

Андрэй паазіраўся і, каб не блукаць, адступіўся. Вужакаватая сцяжынка выправадзіла яго на ўзбочыну. Пры памяці.

Аднекуль прыкульгала да Андрэя пагалоска аб тым, што ён прыдурэў! Разносіла: «Прыду-урэў-урэў-у, пррры-ыыы-ду-у-у-у-урэ-э-э-эў-у-у-ууу...» Адмахнуўся: «Не, не-э-э-эээ-ээээ!,.»

Выбіўшыся на дарогу, якая аказалася алеяй на могільніку, па падобнай да неглыбокага яра, плоскай і без згібаў, Андрэй памкнуўся ісці да брамы, але там, за ёю, імглілася звычайнота, (адкульсці ехацеў воз). І паскрыпвала тая звычайнасць, так бяздушна, зусім (воз цяжка ўгружаны). I дыхцела ад пазяханняў.

Пайшоў ён ля гары, на якой гібела драўляная капліца, абрабаваная з даўніх іконаў. (З маленства памятаўся Андрэю Хрыстос, не Хрыстос, а старэйшы брат сябра: малы — не ведаў, што старыя моляцца да маладых.) У прагаліне перасыпалася гарачым калоссем піва. У плечы дыхала прахалоддзю. Андрэй дакрануўся да каменнай агароджы і, апёршыся далонямі, сігануў цераз яе. Ля падмурка буяла зелле. На ўзмежку жыта дзяўчыніліся васількі, быццам параскіданыя згусткі блакіту.

Прываблены, ён рваў валошкі-васількі, кветкі — белыя, жоўтыя, карычняватыя. Выпадалі яны з бярэмя, у зельішча. Абцёрся, угрэўся. За ўзвышынкай — дзічка гуляла ў схованкі, увачавідкі высадзіўшы чуб, выдаючыся за дурненькую. Недарослая.

Квецце занёс на магілу Юркі.

Юрка ўтапіўся ў Балтыйскім моры. Прах яго, дасланы з Усткі, хавалі з прычытаннямі, якіх яшчэ не чулі тут... Пра яго пагібель апавядалі Андрэю пасля з сялянскай дзелавітасцю.

На надмагільнай фатаграфіі местачковай работы воблік Юркі па-велікасвецку падрэтушаваны; хаця ён не заслужыў на такую банальнасць. Пачуваў гэта Андрэй з той выразнасцю, якая бывае пры заціханні болю. Адчуванне тое гнездавала — так, гнездавала яно — у нечым вялізным. Велізарным, што аж не ўстаяць ад таго!

Ад хутара Стоцкага падзьмула выспелай збажынаю. «Авёс! Я лаўлю шолах ягоны, попахі, сушыню і лёгкасць. I колер мацаты!»

— Бывай, Юрка, ну, бывай, — прамовіў Андрэй па-дзівацку. А ва ўспамінах: «У іх садзе раслі грушы, у якіх павуцінілася баб'е лета ды бурштынелі плады накшталт школьнага званка. Юрка прыносіў іх у клас, цямкаў тыя грушыскі на перапынку, зазвычай паміж арыфметыкай і гісторыяй Польшчы. Штодзень аднолькава гожыя, як блізнюкі... Хваліў — і даваў пакаштаваць мне. Аднаму мне, мёдасмачныя ды меднатрывалыя. Я ўжо не ў сілах быў не марыць аб сваім садку, з ігрушамі і яблынямі. З ігрушамі!.. Ад другога чалавека застаецца тое, што ўзялі ад яго, каб скарыстаць...» — Андрэй крануўся.

Напрасткі.

...Саступіў у пыльнасць. Запякло ў назе, і ён схамянуўся: учапіў за шыпшыну. Да лесу, што рукою падаць, валокся мо з гадзіну, з бярозавым кіём (хоць — дзеля чаго?).

Камічны — з ім.

Час ад часу падпіраўся кіём.

Выламаў яго з бярозкі, доўгавалосай харашуні, да якой ён прытуляўся некалі, шукаючы паглядам хату дзяўчыны, у як жа далёкія ўжо гады... Паломіць гэты кій, на кавалачкі патрушыць яго ды складзе з іх такую жа хату, з прасторнымі сенямі (маляваў яе ў юнацкім дзённіку). Падпаліць! Спаліць каля Супраслі ўжо... А каб гарэла яна, назбірае сухоцця, моху і ўкіне ў яе полымя ад цэлага карабка запалак. Попел — растопча, утопча, разграбе, распыліць ды затанцуе!.. Не, не польку, якой не ўмеў, і не вальс, які любіў, уяўляючы сябе афіцэрам з залатымі пагонамі, што абымаў стан Наташы Растовай. Заскача Андрэй першабытнымі скокамі, ўсцехі, не ўсцехі — забыцця! (Не зрабіў, аднак, таго, да знямогі шэпчучы: «Ні душы вакол, ні брэху сабак. Ох ты, страшэнная ціш! Ці гэта нуда? Ці гэта праклён, што даводзіць да шаленства мазгі?.. Ці дойдзе да цябе калі-небудзь даўняя роспач мая... Роспач мая... Роспач» —-ізноў псаваўся ён. Выскоквалі прачытаныя карткі дзён-ніка: «Я з лёгкай усмешкай сказаў ім, выняўшы адну руку з кішэні і пакланіўшыся: «Добры вечар». Яны мне,. яна і яе сяброўка, разам адказалі: «Добры вечар». I прайшлі. Я ўпершыню звярнуў на сябе ўвагу Кіры! Гэта найважнае: яна ўжо ведае, даведалася, што існуе гэтакі — я!!! Здарылася гэта ў 20 гадзін 10 хвілін 2 жніўня 1952 года». I іншая картка: «Дня 24-га жніўня, у свята дажынкаў, пратанцаваў з Кіраю. Тры разы. Крыху не надта выходзіла, бо яна не ўмее круціцца з правага ў левы бок, як усе, але — з левага ў правы... Вялікая падзея!» I картка: «Добры дзень Вам! Пішу да Вас ужо другі ліст і ўсё думаю, чаму не атрымаў я адказу на першы? Мабыць, абразіў я Вас чым-небудзь, а калі так, дык прашу ласкавага прабачэння. Калі ж не, дык не бачу я перашкод у нашай узаемнай перапісцы. Моцна прашу, дайце мне адказ! На гэтым канчаю. Да пабачэння, Андрэй». Картка: «Толік прачытаў той адказ з ліста ад сваёй нарачонай, што вучыцца супольна з ёю, дзе напісала: «К. просіць, каб гэты Андрэй не пісаў да яе». Запісана 3 лютага 1953 года: «Аб нічым ужо не думаецца».)