Пяцідзесяцігадовая закруцілася.
— Час дахаты, людзі добрыя, — загаварыла, дзякуючы за пачастунак. — Ідзі глянь, ці конь не замёрз?— штурхнула свайго мужа, ап'янелага целяпня, які быў задрамаў. Рабіў ён уражанне людца, якому вечна спалася б.
Бацька таксама заснуў, як толькі перасеў на канапу.
Маці мыла пасуду. Яна заўзята аддзірала прыгарак у рондліку і па гэтай зацятасці, такой кухоннай, у нечым да яе быў якраз падобны лысеючы сябра дзяцінства. Ён не сунімаўся ў сваім пляванні на бландзіначку, да якой Андрэй пачынаў, наадварот, адчуваць ужо нешта накшталт сімпатыі.
Сябру, відаць, упадабалася быць ахвярай лёсу.
— Будзеш жаніцца з ёю? — запытаў яго Андрэй.
— Ці, хочаш, буду? — пахістаўся лысы з бутэліцай у далоні. — А што мне рабіць, што чыніць, ці сабаку зарэзаць? Вазьму гэту, хочаш, к...! Я — нішто; магістр фізікі ды столькі ўсяго мяне. А за ёю — хочаш — сотні тысяч, буйны камбінатар у выглядзе бацькі, грошы дзвярыма і вокнамі лезуць, віла, «Рэно» ў пасагу!.. Разумееш, адзін подпіс у акце аб шлюбе — і я, хочаш, захапачу ўсё гэта! Як бачыш, хочаш, б... у цане, — ён разявіўся на келіх з рыслінгам і ўліваў у сябе конскімі глыткамі. Як не сваё!
Заліваў ён слепнякі, хлябтаў розныя віны ўперамешку, ажно дзіўна было, што яшчэ — стаіць! Піў як бы баючыся, што яму нехта адбярэ, і ў гэтым быў падобны да Язэпкі-Парабка, якога Андрэй, вядома, не памятаў, але аб якім бабуля расказвала, як сканаў ён, дапаўшы да панскага стала ў двары, калі панства паехалі на паляванне ў Клябанаўскі бор... Даўным-даўно, пры паншчыне.
Андрэй, цераз акенца ў туалеце, выслізнуўся ад яго і беластоцкай шашою адбегся ладны кавалак.
У Беласток уваходзіў ён, калі на Выгодзе адчынялі крамы і сучасныя ратаі ў гумовых ботах джгалі сваё ранішняе піва. «Напушчу ў ванну вады, гарачай. Вылежуся ў ёй, абмыюся першакласным мылам, французскім», — пастанавіў.
Ішоў да свайго жытла. Каля рэстарана «Гродна», аўтобуснага вакзала, прыватнай будкі гандлярскай з гароднінаю, будынка Лігі абароны краіны, магазіна «1001 дробязь», дэвізнага гандлёвага прадпрыемства «Пэвэкс», кнігарні з безгустоўнай вітрынай, краўцоўскай майстэрні. Паўз сядзібу спажывецкай арцелі «Разам», забягалаўку «Сонейка», клуб міжнароднай кніжкі і друку, школьную кураторыю і акруговы музей, універмаг і фотаатэлье. Праходзіў Андрэй каля аптэкі і рэдакцыі беларускага тыднёвіка «Ніва», павятовай пракуратуры і ваяводскага суда, Дома тэхніка і крамы «Сувэніры», бістра «Экспрэс» і выкінутага кімсьці на квятнік здохлага ката.
Паміж людзьмі.
Да свайго ішоў.
Паволі, але і помкліва.
I разлегчыся — спаць, спаць... Забыцца!
Яго разбудзіў смех у суседа. Па-вар'яцку весялісты. Так, мабыць, гагаталі першабытныя: без паўстрымання. Зараз і малыя не гэтак рагочуць. — Усё нядзеля.
Сусед у настроі. У яго нешта добрае здарылася. I ён, напэўна, дапамагае жонцы мыць пасуду, выціраць яе да сухасці ды ўстаўляць у крэдэнс. Не, яны гэта ладзяць застолле. Вось расскрыпеўся рассоўны стол і прабубніў суседаў голасіска:
— Дай настольнік, бу-бу-бу-бу-бу... Выбачай, сам вазьму... бу-бу-бу... Скажы, дзе яго шукаць, бу-бу-бу-бу-бу... Ага, ведаю... Ведаю, ве-еда-аю-ю-у-у, ха-ха-ха-ха-го-го-го-га-га-га-га-а-а-а-а
Галасуюць. хлопчыкі, б'юцца.
— Ціха! Ці-а-ааа! — да іх. — Га-га-га-га, — неяк так цешыўся дзед Андрэя, калі меў багаты ўмалот.
— Ужо нясу, — сказаў ля самюткай сцяны.
— Дзеці! — агаласіла жонка. Яе ж голас поўніўся навіной. — Дзеці, прашу вас: будзьце цішэй... Крэслаў даставіць?..
— Пяць, не, шэсць! — адказаў ёй. — Ха-ха-ха-ха... А малыя як бы мацней затупацелі.
I сусед пачаў біць іх, аплявушыць.
— Вам сказана: ціха, дык будзьце ціха, кузакі няшчасныя! — крычаў ён крыкам нявыкрычаным, з якога, здавалася, з жалем асыпалася задаволенасць. — Халеры вы, а не нашы дзеці! — пераходзіў на енк электрычнай пілы, прарэзлівы. Яго глушыў усё болей шчыры плач хлопчыкаў, які — праз малую хвілю — вышыбаваў у віск, роўны і працяглы. — Я навучу вас, як прыстойна весці сябе! — ягоны выкрык расцяў гэты віск, ссек. — Сораму ў вас і на грош няма! Марш за ўрокі!
Гусцела пацішэласцю.
Там рыхтаваліся прымаць гасцей,
— Ха-ха-ха-ха-га-га-га!..
— Просім, проша... — маўляла суседка, смакавіта, бы псычэнне каўбасы ў накрытай патэльні. Яе цалуюць у руку.
— Віншуем! Віншуем! Ві-іншу-уе-ем! — крухмалелі госці, — Віншуем, пане дырэктар!
— Ха-ха-ха... Га-га-га... Дзя-нку-ую, ха-ха-ха...
— Як гэта міла ў вас, — загаварыў якісьці госць, ужо нецвярозы,
Загула гамонка, але нядоўгая. Пасядалі.