— Заўтра закончу, пан загадчык! — Андрэю чамусьці прыкра: «Зноў я яму — пан Андрэй. Усё-такі не можа быць, каб ніхто не ўсадзіў языка на мяне!»
— Гэта добра, — хруснуў пальцамі. Падняў твар, скрыўлены не то ўсмешкай, не то кпінай. — Справаздача, як самі ведаеце, гэта не пратакол. Дакладнасць у ёй патрэбна не ў запісе, але ў фактах. Хаця словы таксама з'яўляюцца фактамі, ды не будзем зараз забаўляцца ў філасофію, — ён дастаў аднекуль пачак дарагіх папяросаў. — Вы, пан Андрэй, здаецца, курыце? Частуйцеся, калі ласка. Гэта ад імянінаў заваляліся яны ў мяне, англійскія. Я не дымаю; часам, калі не забуду, прапаную тыя папяросы сваім гасцям...
Андрэй выцягнуў, доўгую, пахучую:
— Дзякую, пане загадчык. З прыемнасцю. Я пакідаў курыць ды дарма: воля ў мяне слабая.
— Мяркуючы па тым, як вы дзейнічаеце, нельга сказаць, што ў вас слабаволле... Так. Я, ведаеце, буду прасіць у вас, пан Андрэй, падмогі ў апрацоўцы справаздачы ўсяго нашага аддзела. Вырашыў, што вы самы лепшы кандыдат на майго супрацоўніка, блізкага, хачу тут дадаць... Так. Салідна падыходзіце да абавязкаў і заданняў, якія ставяцца перад вамі, і выконваеце нават звыш таго, што ад вас чакаецца... Так. Люблю я такіх працаўнікоў. Дык вось: ведаеце, падрыхтуйце поўную версію справаздачы аддзела, гадавой. Вы арыентуецеся ў рабоце менавіта ўсяго аддзела, у яго спецыфічнасці... Так. Я тым часам дакончу праекты распараджэн-няў... Ну, як? Згодны вы? — загадчык нібы не прыкмячаў узрадаванасці Андрэя. — Умовы для напісання такой працы ў вас, пан Андрэй, будуць. Скажу, каб вам далі асобны пакой, побач з сакратарыятам. Сакратарка паслужыць вам ва ўсім неабходным... Так... Я гэта ўзгодню з самім дырэктарам.
— Згодзен, — Андрэй, яшчэ трохі а сказаў бы: «Мне дастаткова вашага слова, пан загадчык». — Дазвольце, пачну заўтра.
— Можаце і паслязаўтра. Паспееце.
Ад нечаканасці Андрэй не знайшоў больш тэмы, імпэту для гутаркі і намерыўся выйсці, каб хуценька прыняцца за вось даверанае яму.
— Я ўпэўнены ў тым, што вы, пане Андрэй, зробіце ўсё тое лепш, чым вашы папярэднікі!..
«Во ў чым корань: не ён піша справаздачы!»
— ...Я не ведаў, што з вас гэтакі Гогаль! — загадчык выпусціў іскрачкі дасціпнасці. — Вы дасканала працытавалі тлумачэнні дырэктара, — меў ён на ўвазе пратакол.
Андрэй здзівіўся мацней: «Ён чытаў той пратакол?! Хто ж яму гэта даў?»
— Ну, а так, наогул, што чуваць у НАС?
Пытанне, якое можа прагучэць як звычаёвае, Андрэй успрыняў яго канкрэтна. Ён хацеў, аднак, каб звярнуліся да яго з ім не цяпер, але праз які-небудзь тыдзень, месяц або і паўгода. Хоць яно было і непазбежнае.
— Нічога істотнага, пан загадчык, — Андрэю — якая няўдача! — трэба было раптоўна абдумаць становішча. Маланкава! — Дырэктар мо і злуецца на мяне за тую цытату. — Загадчык змоўчаў, нібы адгадаўшы жаданне Андрэя адхіліць размову пра весці, ім абодвум вядомыя. — Што ж, факт нікуды не ўхаваеш: можаш прыкрыць яго, але не знішчыць, Факт ёсць з'ява, так сказаць, векавечная. Незнішчальная! — загадчык і тут маўчаў. — Між намі кажучы, я не шкадую таго.... Шкада мне першага намесніка старшыні Дарадчага гурту, — загадчык чакаў, і Андрэй не вельмі каб мог далей манеўраваць: — Кадравік разносіць, што вы, пан загадчык, нібы якіясьці, ну, чорныя спіскі... завялі ў сябе... чорны сшытак, во! — Андрэй ажно ўпрэў.
— От, зараза! — гыркнуў ён. — Гэты збалвень усё яшчэ бушуе! Паганец! Так, — загадчык сеў за стол і зноў устаў. — А што яшчэ — ён?
— Каб што больш такога... Ну, значыць, вы супраць. дырэктара... Так, агульна, што — супраць!..
— Ага. Так.
— I гэта, фактычна, усё... Ну, рэферэнт кадравіка за ім цягне... Дробязь.
— А гэты абадранец — чаго?
— Эт, дурань, ды годзе! — Андрэй: «На пачатак. бадай, хопіць». — А кадравік...
— А рэфсрэнт — ён што: нюхае? Так?
— Так. Пакуль па нюхаўцы не дастане, гэ-гэ-гэ...
— Хэ-хэ-хэ-хэ...
Не адпускаў Андрэя, пакуль ён не пераказаў яму ўсё.. (Пра почут, што ён, сам загадчык, п'е, расказаў пад канец.)
Пасядзелі сабе, не шкадуючы часу.
— Што вы так думаеце пра... — загадчык сказаў, пра каго.
Андрэю прысох язык.
— Нічога такога...
— Я няясна выказаўся: мяне не цікавяць падрабязнасці, так. — Але як жа Андрэю абысціся без іх?! — Між намі так кажучы, пан Андрэй, ён мне не падабаецца...
Сцены, як заўсёды ў такіх выпадках, слухалі музыку з радыёпрыёмніка. Усё роўна, як бы радыёстанцыі пабудавалі толькі дзеля таго, каб кіруючыя работнікі ва ўстановах змаглі праводзіць у сваіх кабінетах гэтакія размоўкі.