Выбрать главу

— Пан Андрэй? — амаль фамільярна. Пасядалі. — Пан Андрэй, — гэта чарнявейшы. — Мы прыйшлі ўпрасіць вас, пане Андрэй, каб вы, пакуль часова, выконвалі абавязкі загадчыка аддзела. Дырэктар, як вам папэўна вядома, нешта захварэў... — у недаказанасці выкалошвалася кпіначка.

— А што з загадчыкам? — Андрэю падалося. што вымавіў ён гэта з належнай цвёрдасцю. «Вось, я яшчэ і лаяльны!»

Адказвалі:

— Пажар пачаўся ад яго кабінета, і, на шчасце, там яго і пагасілі. Аднак жа ёсць пэўныя дапушчэнні, для нас надта ж непрыемныя, праверка якіх зацягнецца... — яны аказаліся непадрыхтаванымі да такога, і Андрэй быў бы рады, калі б яно ўвогуле засталося невыказаным. — Загадчык, па аб'ектыўных прычынах, праз некаторы час — цяжка тут вызначыць які — не зможа вярнуцца да сваіх абавязкаў... — круціў чарнявейшы. — Ну, вам самім ясна, — ён не меў права тлумачыць.

Андрэю выйсцем са зблытанага ім становішча было прыкінуцца незацікаўленым. Разгублена паглядзеў ён на ўзорысты дыван ды наўмысна нуднеў: глядзіце, во, мяне гэта наводзіць на сумоту. Але пазяхнуў ён ад хвалявання. «Загадчыку капец, — лікаваў ціхмяна. — Яму ўжо не бываць ім! Ён падпаліў? Які бачыў у гэтым сэнс? А мо гэта самы бязвінны з бязвінных выпадак, выпадковасць...»

— Пане Андрэй, — гаварылі яны, адказваючы на яго чарговае, больш на месцы пытанне. — Справа ў тым, каб пакіраваць бягучымі... — не дадалі: справамі. Атрымалася б нязграбна, а ў іх было адчуванне мовы. — Менавіта бягучымі. Тымі, якія налятаюць з дня ў дзень. Вы здолееце. Мы не сумняваемся, — зазірнулі яму пад вейкі, быццам запітай нарачонай. — Толькі такімі. Згодны?

— Згодзен, — адказаў, слабеючы ад задаволенасці.

— Дасканала! Жадаем вам удачы, — яны ўсталі, каб паціснуць яму руку. — Калі ў чым спатрэбіцца наша дапамога, смела звяртайцеся да нас. Усё будзе добра.

Чарнявейшы:

— Падпісвайцеся: па даверанасці. Загад на вашу новую функцыю прышлём, павядомім кіраўнікоў секцый...

«Вось табе, Андрэй, і ўлада: лёганькая, гожая, даўганогая каза. Гон яе адбыўся прасцютка да мяне, адно не зявай схапіць яе ды надзейна заціснуць. Прыгналі двое, з вярхоў... Гэта яны па ўласнай ініцыятыве?»

— Нічога страшнага: гадавыя справаздачы закончаны... — знаходзілі яны суцяшэнне.

Прапацеў ён да сухой ніткі. Ведаў, што не пакінуў у іх добрае ўражанне. Занадта неспадзеўна яму адбылася гэта перадача кіраўніцтва, няхай сабе і часовага.

Галаўны боль.

Апрануў паліто. У кішэні намацаў з трыццаць злотых.

У «Мядовай» надавалі неблагое віно.

Андрэй заказаў чаю з ромам і з асалодаю закурыў.

У покуце цалаваліся маладыя. У белдзень, у будзень, кахаюцца, не дураць галовы службай, звалкамі слоў, паржавелым ламаччам думкі...

Панадзіўся і на чарку каньяку.

...Скрыпануў воз на пыльнай ростані...

Што і казаць: убачыў сябе ён чагосьці вартым. Значыць, ён пакуль загадчык, а нават пакуль дырэктар! Адно з гэтых двух пакуль ператворыцна ж, чорт вазьмі, у напэўна. Застанецца загадчыкам! Іронія лёсу? О не! Аднак жа лёс трэба падштурхнуць: нельга абмежавацца выкананнем прынятай ролі загадчыка, дублёрскай!

«Будуць глядзець мне, халеры, на рукі!» — ён, каб разлічыцца за каньяк, дастаў банкноты з — капшука, Як пакепліваў.

Вяртаўся на работу, ох як паіншэлым.

Парцье зняў перад Андрэем шапку:

— Добры дзень вам, пан загадчык.

Калі распранаўся ў кабінеце дырэктара ды сядаў за ягоным блішчучым сталом, заявілася тая.

— Пан загадчык, мне трэба на тры дні ў Варшаву,—-сакратарка. Ад яе цяплела пярынаю і падушкаю. А тое, што хоча яна адлучыцца, якраз у Варшаву, прыдавала ўсяму нейкі размах, важнасць, як і тое, што была адной з першых асоб, якая звярнулася да Андрэя: пан загадчык! — У панядзелак я ўжо буду ізноў на месцы, пан загадчык, — ах, яе позірк, яе фігура! Яна як быццам і прывяла сябе менавіта да Андрэя.

Да жанчын мы прыглядаемся тады, калі можна працягнуць па іх рукі або нам здаецца, што такія шанцы існуюць. Жанчына, калі яна не патрывожаная, уладкаваная трохі дрэмле. Трэба яе разбудзіць — дадумваў Андрэй, стараючыся акуратна зразумець, з чым зайшла да яго сакратарка. Прыемна, што вось стаіць перад ім, Андрэем Антошкам, яна, ужо залежная ад яго, чалавек і адначасна красуня. I яшчэ па-людску сорамна ад таго, што хтосьці раптам зусім падпарадкаваны табе, з чаго сам жа цудам вылузаўся! I злосць на гэткі сорам.

— Вам — дазвольце, чаго ў Варшаву? — выдыхнуў з сябе, нібы прачнуўшыся.

— Я ж вучуся там, — адказала яна з мілай крыўдаю, што вось ён толькі дазнаецца аб тым.

— Завочна?

— Так, пане загадчык. На трэцім курсе.