Андрэй папярэдне, калі не меў права вырашаць, глядзеў цалкам цьмяна. Па-каровінаму перажоўваў загадчыку справу за справай ды спазіраў на гадзіннік, ці не пара ўжо дамоў... Купля зубной пасты хвалявала яго мацней, чым афармленне шматтысячнага заказу для фірмы, ад якога залежала і частка яго ўласнага лёсу. Але гэта быў лёс прададзены, і Андрэй з яго ратаваў сабе хоць эмоцыі — тое, што абмінута ў рабочым дагаворы.
Ён назваў гэта парабкоўскім раздваеннем асабовасці.
Цяпер, наадварот, стаў Андрэй пакупніком таго ж.
З акружэння ён не бярогся нікога (дырэктара ўсё не было). Працаваў у пышным дырэктарскім кабінеце (пакой загадчыка стаяў апячатаны). Вырашыў у максімальна кароткі тэрмін дабіцца ад калектыву пашаны!
Пошту падавалі Андрэю каля дзевятай.
Службовая пісаніна — як хатнія сачыненні вучняў, стэрэатыпная і неахайная. Прытым нельга ўдумвацца ў яе, бо тады нічога не зразумееш. Яна быццам прасцірадла, пра якое даволі ведаць, што на ім трэба спаць.
Думкі Андрэя выгнуліся на дзіўны матыў: «Дапусцім, што ў мяне ўжо ёсць сын і што яму шаснаццаць гадоў. Ён прыносіць дахаты двойкі. На лаянку адказвае запытам, што бацьку важней: заканчэнне сынам школы ці ягонае пачуццё шчаслівасці. Я — шчаслівы, кажа ён, і гэта самае што ні ёсць галоўнае. А двойкі — дробязь. Ці ты, сынок, кеміш, што гэта такое шчасце? Шчасце за-ключаецца ў няведанні, адказаў ён начытаным. Той, хто глыбока ведае, перастае быць шчаслівым. А мо такое безупыннае пераставанне быць ім якраз і з'яўляецца шчасцем? Гэтак спытаў у сына, і той прыбянтэжыўся...»
Андрэй на картцы машынальна пісаў:
мгр інж. Андрэй Антошка
ДЫРЭКТАР
Дырэкцыя мясцовай
прамысловасці Беласток-Выгода
вул. Кароткая 13
Пацелі далоні, спіна, патыліца. Ён сапатліва ўдыхваў паветра ў тручаныя тытунём лёгкія. Смярдзела ад забензіненай вуліцы. Андрэй дапісаў на той картцы хатні адрас і абрысаваў напісанае роўненькай рамкай.
Добрую хвіліну спазіраў на яе, быццам п'яніца на гарэлку вышэйшага гатунку, і парваў драбнюсенька, потым усыпаў сабе ў кішэню пінжака.
Прысеў, каб разгледзець карэспандэнцыю.
Андрэя — бацьку пачаў зверху павучаць голас настаўніка: «За двойкі — лаяць, біць? Біць? Біць, каб прасіўся і прысягаўся, што болей... Гэта ж без сэнсу, пан Антошка. Такое спародзіць у вашага сынка страх, які расчэпіцца на нянавісць, боязь, подласць... Баязлівасць, я сказаў бы, з'яўляецца формай нянавісці. Гэта так! Нянавісць і баязлівасць — родныя сёстры. А раскаянне, калі яно шчырае, не фармальнае, заўсёды ідзе ўслед за зразуменнем...»
У Андрэя ніхто не дабіваўся прыёму. Ён не ў гуморы. Прайшоўся па кабінеце. Па-сышчыцку прыадхіліў фіранку: па дзядзінцы клопатна снавалі служачыя з секцыяў, скарачаючы сабе пераходы, паміж грузавікамі, што пад'язджалі да рампы складаў. Шафёры вылазілі, саступалі на зямлю: прыкурвалі (пад вецер) і плявалі, а іх пляўкі выскоквалі, быццам жабкі з берага.
Андрэй сышоў уніз.
Наважыўся на нешта трапнае!
Неабходна, менавіта яму, паставіць некага ў непасрэдную залежнасць ад сябе і навідавоку ўсіх. Такім чынам ён намацае тую першую штыкеціну ў плоце, уздоўж якога пойдзе па-свойму. У гэту заўсёдную цемень далейшай актыўнасці.
Пракантраляваў грузавікі, як левай нагою ўстаўшы.
У задрыпанага шафярнякі знайшоў чвэртку гарэлкі —таннай, празыванай байстручком.
— А пану дырэктару чаго трэба ад мяне?! — не даў той забраць бутэльку. Андрэй, быццам пахваленая дзяўчына («пан дырэктар!»), занадта не ўпарціўся.
Чарнамазы засунуў бутэльку назад, пад кажух, і гідліва адвярнуўся. Гэтага было дастаткова; Андрэй ускіпеў:
— Вам здаецца, што вы на вяселлі?! — ён хапіў за «байстручка».
— Пусці-і-і!! — вывіснуў на яго шафёр.