Выбрать главу

Быў такі дзень, калі Андрэй занёс дырэктару напісанае.

— Прапаную, пан дырэктар, некаторыя змены ў параўнанні з першым варыянтам прадстаўленага вам плана... — гаварыў нібы ў кадушку, раскоціста.

— Што гэта? Ах, так, я пачытаю. Потым. У мяне цяпер занятак...

— Гэта не тэрмінова, — Андрэй: «Не папрасіў мяне нават сесці!»

— Ага, добра, што вы зайшлі: думаў званіць вам, — напісанае паклаў у папку, у сінюю, малаважную. — ёсць справа: трэба пракантраляваць тэхнічную секцыю. Там балаган. Некалі я гаварыў загадчыку, але той, самі ведаеце, чым ён займаўся... — жэст, які запрашае да шчырасці.

— У тэхнічнай секцыі трэба прасушыць немалое багенца, — Андрэй прыкінуўся, што гэты жэст застаўся па-за ягонай увагай: «Такую мне ролю прызначаеш, дырэктар? Ролю тваіх вушэй! Гэта сапраўды знамянальнае. Зробіш з мяне даносчыка, і я ўжо нікуды не падымуся. А мне трэба быць тваім партнёрам!»

Аднак Андрэй не дабіўся задуманага. Я, пан дырэктар, загадаў купіць блакітныя шторы на вокны, гаварыў яму. Колер падыходзіць, хваліў дырэктар. Думаю, пан дырэктар, што нельга дапускаць, каб машыністкі пісалі нашы пісьмы на нізкаякаснай паперы. Павінны ж быць бланкі з фірменным знакам, цёпла адказаў Андрэю, быццам камусьці, з кім ужо дайшоў да бясслоўнага разумення. Я не ведаў аб тым, пан дырэктар...

У бары «Падляшша» прадавалі чэшскае піва.

— Два, — заказаў сабе Андрэй: «Пасвяткую!»

У застуджаную вуліцу свяціла сонца. Сваім з'яўленнем яно многіх здзівіла. Нехта, прысеўшы да століка Андрэя, усклікнуў:

— Ля, якая яснота! — як дзіця. Або як ціха памешаны.

— Будзе мароз, — адказаў яму.

— У такую пагоду грэх сядзець у будынку. Трэба хадзіць, дыхаць, глядзець на свет... — гаварыў той, нібы аб хатняй худобе, якую ў ясныя дні гаспадары выпускаюць у загарадкі ля хлявоў: задуменныя каровы, тупыя свінні, бяздумныя авечкі, ганарыстыя коні, што абкідаюцца снегам з-пад капытоў...

— Вы — на пенсіі? — запытаў яго.

— А чаму вы, спыталі?

— Неяк падумалася...

Ледзьве той пайшоў, як Андрэю зашчымела ў галаве: дырэктар клапоціцца пра тое, каб у яго, Андрэя, павялічвалася колькасць ворагаў! Пасля строгага кантролю тэхнічнай секцыі, яе кіраўнік прыбяжыць з гнеўнай прэтэнзіяй, чаму вы, пан дырэктар, аб'явілі мне вымову? А ён на тое: як гэта, чаму? Пан Андрэй Антошка, які часова выконвае абавязкі загадчыка аддзела, праверыў вашу секцыю і, на жаль, сцвердзіў недапушчальныя недацяжкі. Запрапанаваў накласці на вас служборае пакаранне, даючы для таго падставы, з якімі нельга не пагадзіцца...

Не ісці на кантроль? Няўжо існуюць бязвыйсці? «Зробім так, як калісьці зрабілі мне», — успомнілася Андрэю. «Пры складанні акта праверкі буду задаваць кіраўніку секцыі пытанні і прасіць яго, каб дыктаваў мне адказы на іх. Пан кіраўнік, мне прыкра, што гэта менавіта я атрымаў загад пракантраляваць вашу секцыю. Разумею ўсе цяжкасці, з якімі вы змагаецеся, але гэта не звальняе мяне ад складання акта. Самі ведаеце, як гэта... Прапаную, каб вы самі прадыктавалі мне тое, што, па-вашаму, я павінен напісаць. Дакладней — прадыктуйце мне адказы на пытанні. Згодны? Дзякую! Скажыце, калі ласка, чаму брыгады па некалькі разоў перарабляюць даручаныя ім работы? Або: чаму цэмент экстра якасці прызначаеце на будоўлю сметніка? Чаму аздобную тынкоўку зрабілі так, што яна ўжо абсыпаецца? Калі ласка, прадыктуйце мне адказы на гэтыя пытанні, я ўпішу іх у акт... Або: навошта было выдаткаваць сто тысяч на закупку новага катла, які ўжо трэці год. Стаіць на дзядзінцы, пад. дажджом? Чаму плата за дадатковыя работы, выкананыя вамі асабіста, удвая, а нават і ўтрая вышэй, чым тая, якую выплацілі іншым работнікам падначаленай вам секцыі? Я гатовы пісаць, калі ласка... А кіраўнік на тое: пан загадчык, яшчэ нё пішыце, прашу вас пакінуць гэта на пасля. Спачатку... А Андрэй: пан кіраўнік, я задаю вам толькі тыя пытанні, якія вынікаюць з захаванай у секцыі дакументацыі. Больш нічым не магу вам дапамагчы, паверце!..»

I Андрэй застанецца добразычліўцам!

Пайшоў на кантроль тэхнічнай секцыі.

Яе кіраўнік прыняў Андрэя з падкрэсленай афіцыйнасцю. Раз-пораз прасіў у яго прабачэння, што мала мае часу на гутарку, прапанаваў размову то з тым, то з другім супрацоўнікам. У вушах ажно гудзела ад безгалосага: «Чаго прылез?! Панюхаць?!»

На істотныя пытанні Андрэй атрымоўваў адказы канкрэтныя, але з агаворкамі: «Я дакладваў аб гэтым дырэктару ў пісьмовай форме. Без згоды дырэктара мы не кампетэнтны давесці гэту справу да канца. Вы ж разумееце, што якраз гэта справа і знаходзіцца па-за межамі дзейнасці нашай секцыі...»