Выбрать главу

Ці не здаецца табе, што злосць маці на мяне пачынаецца ад вялікапанскіх або купецкіх пакояў? Ці нельга ёй, гэтай злосці, стварыць наступны дэсігнат: мой сын, Андрэй Антошка, можа быць, як вялікі пан Дзерма-Дзермакавецкі, у раскошных пакоях, але, дурань, чамусьці не хоча таго? Пан Дзерма-Дзермакавецкі быў, несумненна, разумным чалавекам, бо смачна еў і мякка спаў. Толькі дурань жыве, як бедныя людзі!

Калі ажанюся, у нас будзе дачка, і ахрысцім яе Ёля. Па-панску! У адказ на твае зласлівыя заўвагі наконт гэтага імя, мая жонка вытлумачыць, растлумачыць: вясковыя імёны цяжка вымаўляць у Беластоку, не будзем жа дзіця марнаваць імем, з якога ўсе смяяліся б. Звярні ўвагу — усе, з вёскі — таксама. Потым наша Ёля, будучы ў шостым класе, прыгожа намалюе ружу. Зробіць гэта на нас ашаламляючае ўражанне. Расхваляваная жонка прыбяжыць да мяне і пачне гаварыць: паглядзі, Андрэюню, як наша дачка цудоўна малюе — зрабі захады, каб падрыхтаваць ёй месца ў Мастацкім ліцэі, у Супраслі. Факт, у яе ўзросце я нават каровы не мог намаляваць. Не ведаю, як жонка... Словам, ружа — гэта табе не карова! А ў дзень майго нараджэння Ёля прытэпае да мяне ранютка. I з гваздзікай, купленай увечары папярэдняга дня жонкай, ды скажа: шчашча табе і здароўя, міленькі папанька! Не татанька — папанька! Так называюць сваіх бацькоў дочкі і сыны ў кінафільмах пра даўняе жыццё ў дварах і салонах... Так міла: пан бацька, пані маці, вельмі прашу цябе, матуленька, прабачыць мне... Праўда, што слёзы коцяцца з вачэй.

Ёля на трэцім годзіку жыцця будзе ўжо ведаць, што бацьку трэба віншаваць з днём нараджэння, што трэба быць удзячным, што... Ды паогул, разумееш, я так сабе падумаў у гэту хвілю, што вялікае пачынаецца ад малога. Я б сказаў, ад начнога гаршчка. Не жартую! Разумееш? Усё-такі мы самасеі...

АПАВЯДАННІ

ТАНЯ

І.

Вясна, як толькі памятаў Юрка, прыходзіла з-за Лапіцкіх пагоркаў. Так і тады — ужо колькі дзён дзьмуў у даліну цёплы вецер і нізка кудлаціліся хмары. Час-часом высвечвала сонца, і ад таго ралля мацней чарнела і бліскала ў вочы беллю снегу ў разорах. А на Глінішчы снег быў як бы некрануты; ён ляжыць там заўсёды доўга, нарэшце ўтвараючы маленечкае блакітнае паазер'е з незасыпаных старых ямаў на бульбу, якое высыхала недзе ў першае сенаванне, пакідаючы пасля густую махавіну макрыцы. Далей, за могілкамі і пад Разбойнікам, глеба не вызвалялася — ці мо здавалася гэтак ад далечыні, — вясна заходзіла туды, відаць, потым.

На Доўгім выгане снег, бы развэдзганая смятана, плямамі, усярэдзіне якіх цямнела западзінамі вада, яшчэ добра трымаўся на дарозе, паміж уледзянелымі каляінамі. Там нехта ехаў санямі; конь, быццам разумнае стварэнне, марудна цягнуў, апусціўшы галаву. Чалавек ішоў побач, растапырваючыся на коўзкім.

Вёска не тое што ўперлася ў Лапіцкія пагоркі, але як бы і выходзіла на іх, усё роўна бы баючыся таго глыбокага рову, гуллівага ў веснаходдзе, над якім трываў масток, асабліва самотны ўвечары, у сакавіцкае беспрасвецце.

Юрка, засынаючы, чуў праз вячорную мітусню бацькоў вадаспадзісты шум, які ўдзень, калі стаяць на тым мастку з ненадзейнымі парэнчамі, слухаеш як песню вясны, што ўяўляецца квяцістым анёлам па-над палямі. У другім класе, памятае, намаляваў гэтую паню — ва ўквечанай сукні, з жаўрукамі... Сніліся карабельчыкі. Яны плылі выганскай муццю ў Свіслач, далей — глыбачэзным Нёманам у мора, да сонечнае Францыі, на берагах якой сумны Напалеон нецярпліва чагосьці чакае. Некаторыя з іх гінулі ў бурах ля горскае Грузіі з арліным замкам царыцы Тамары, па-нябеснаму прыгожай, не бабы і, нават, не дзяўчыны, і якую назваць цудоўна прываблівай было б усё яшчэ зневажэннем яе.

Упоранкі спяваў шпак на бярозе, заінелай, у самюткім закутку падворышча, за калодамі з грубай карою, з якое ніяк не ўдаваліся Юрку падводныя лодкі. Тут, у шчыліну, зарослую крапівою, упаў яму добры шаўцоўскі нож, якога адразу не мог, ведама, дастаць назад і з часам забыўся аб ім. У гэтае прадвесне Юрка, шныпарачы па гарышчы, угледзеў у матчыным куфры кніжку са скурападобнымі вокладкамі, якая выдалася яму кавалкам нечага смачнога. З малюнкамі непраўдападобных гораў, высокіх руінаў у жывых туманах, жанчынаў у іконным адзенні і са святымі тварамі. Напісаў яе Лермантаў, панская фатаграфія якога была напачатку, — вусаты, у мундзіры, прапахлым бабулінымі яблыкамі-папяроўкамі, спасаўкамі; вершьі, не вельмі зразумелыя, запамяталіся Юрку сваім незямным настроем. Страшнавата было чытаць іх.