― Расшыфроўка чаго?
― Тэлефонных размоў. Ім там, у органах, патрэбна. І ўяўляеш ― такая праца, такі заробак, і нават не патрабуецца закончаная вышэйшая адукацыя. Якраз для майго Васі.
― Чыіх размоў?
― Не ведаю, якая розніца. Ён шмат чаму навучыцца, гэта ж так цікава. Новыя тэхналогіі, усё сучаснае.
― Вы мяне тут не правакуйце! ― высокім голасам аглушыла кагосьці выкладчыца. Але мы сядзелі далёка і не чулі, пра што ў яе спыталі.
Гутарка змялася.
Наташа, соладка пацягнуўшыся, улеглася на парту.
― Як падумаю, што мой муж будзе ваенным…
Прыгожыя гладкія валасы ўпалі на твар, і яна заплюшчыла вочы, працягваючы летуценна ўсміхацца.
23.
На наступны дзень я нават не паспела пазаймацца голасам ― спазнялася на працу. Спехам апранулася і праз пяць хвілін трэслася ў душнай маршрутцы. Пальцы церабілі тэлефон, рука гатовая да таго, што ў любы момант ён раздражнёна завібруе і высвеціць на экране працоўны нумар.
Заляцела ў рэдакцыю ― планёрка ўжо скончылася. Рэдактара злавіла на кухні.
― Прабачце! Я праспала!
Працягваючы перамешваць цукар у каве, ніколькі не паскорыўшы гэтага працэсу, Улад сказаў:
― У цябе праз сорак хвілін інтэрв’ю. З жонкай Казуліна.
Я звяла ў галаве файлы: Казулін ― былы рэктар майго ўніверсітэта. І былы кандыдат у прэзідэнты. Падчас паслявыбарчых пратэстаў ён, здаецца, павёў шэсце да турмы, дзе сядзелі тады ўсе, нават мае сябры. І за гэта яго самога пасадзілі, толькі не на пятнаццаць сутак, а на пяць гадоў.
― Ты яе ведаеш?
― Не.
― Ірына Казуліна. Яна ўчора публічна сказала, што ў яе рак апошняй ступені. Мы гэта ведалі, але не пісалі. А цяпер, калі яна абвясціла, можна з ёй пагаварыць. Яна робіць нейкую праграму для хворых, трэба пра ўсё гэта даведацца. І пра яе мужа, вядома, таксама распытаць. І нібыта яна кнігу піша.
― Вы… Вы што? Мяне? Трэба ж такія рэчы загадзя казаць! Паглядзіце, як я апранутая. Адпраўце Паленава.
― Нармальна апранутая. Пра гэта не думай.
― Але мне дваццаць гадоў. Я ж… дробязь зялёная для яе.
― Яна вельмі ветлівая, не хвалюйся. Зараз абмяркуем з табой пытанні, інтэрв’ю будзе вялікае, тры блокі.
…І вось таксоўка ўжо выкліканая, чакае мяне ля дома.
― А, забыў! Вось грошы ― купі кветак.
― Якіх яшчэ кветак?
― Якіх-небудзь непампезных, звычайных дзённых кветак.
24.
У самым цэнтры (мінчукі называюць цэнтрам мноства месцаў), у двары дома «Панарама», выявілася ўтульна, прасторна. Прыемнай і бяззбройнай была яго савецкасць. Нягледзячы на тое, што тут жыў Казулін, на лесвічных пляцоўках не ляжалі дываны, як гэта можна было сабе ўявіць, а кнопкі дамафона не былі якімі-небудзь бамбукавымі. Ліфт прыехаў са звыклым грукатам. Я ўжо разумела, што ўсё будзе не так страшна, як мне ўяўлялася, хоць яшчэ хвалявалася, што дваццацігадовая дзяўчына будзе распытваць пра рак бліскучую свецкую даму.
Я патэлефанавала. Худы падлетак з кароткай стрыжкай адчыніў мне дзверы.
― Добры дзень. Я журналіст з радыё.
― Я Ірына.
Яна была ў чорным і праз гэта падавалася нейкай пластычнай, нядаўна вылепленай. Яе слабы хрыплаваты голас гучаў па-радыйнаму сабрана, накіравана. Я ўвайшла.
― Гэта вам.
Кветкі адлюстраваліся здзіўленнем на яе твары. Яна прыняла іх жэстам жанчыны, якая ведае, як гэта робіцца. Тут я заўважыла яе рукі. Яны былі тонкімі і лёгкімі, як ніткі, але рухаліся плаўна, мякка. Калі б глядзець толькі на тое, як рухаюцца гэтыя рукі, можна было б падумаць, што яны царскія. Гэта былі жэсты першай лэдзі, балетныя жэсты, жэсты чалавека, які валодае сваім целам і жыццём. Але скура абцягвала жылы, і кісці былі танюткімі, бязважкімі. Крохкая іх лінія ішла да локця, які здаваўся асобным органам ― настолькі ён быў узбуйнены.
Рукі паставілі кветкі ў вазу: якраз па памеры. «У гэтым доме хапае ваз», ― падумала я. Я села на канапу, дастала дыктафон, мікрафон, нататнік і запасныя батарэйкі. На століку, дзе цяпер стаялі мае кветкі, быў фотаздымак сям’і ў рамачцы. Ірына на ёй была ўжо такой, як цяпер ― з кароткімі хлапечымі валасамі, у чорным. Яна села каля мяне:
― З чаго мы пачнем? ― спытала яна наўпрост.
― З таго, што мы рады, што вы пагадзіліся на інтэрв’ю.
― Дзякуй, ― усмешка.
Я націснула чырвоную кнопку «Маранца» і перайшла на журналісцкі тон.
― Нядаўна вы публічна сказалі пра сваю хваробу. Вы ўдзельнічаеце ў канферэнцыі, у групах дапамогі. Чаму вы вырашылі дапамагаць іншым зараз, калі вам самой патрэбна дапамога?