Выбрать главу

Новая тайна. Хто гэтая жанчына? Няўжо… у бацькі была палюбоўніца? Ён быў здольны на такое? Усё перавярнулася з галавы на ногі. Думкі пайшлі зусім у іншым кірунку. Цяпер тым больш нікому не скажаш. Пры такім раскладзе, пры наяўнасці палюбоўніцы, бацька аказваўся не такой ужо нявіннай ахвярай, і матыў помсты траціў сваю заманлівасць, а галоўнае – адпадаў, выслізгваў з рук Отчык. Невядома, як да яго падступіцца. А ён быў адзіным спадзяваннем Івана. Цяпер не было каму помсціць, адпаведна, не было ад каго тым ці іншым чынам дастаць на вучобу грошы.

6

Неяк у школе, каля настаўніцкай, Лагун выпадкова пачуў, як яго абмяркоўвалі: “сірата, а які мілы…”, “бяскрыўдны зусім. На кінаакцёра падобны”, – наматаў гэта на вус і зрабіў высновы. Ён зразумеў, чаму яго цягнуць і ставяць не самыя горшыя адзнакі, хаця вучыўся ён так сабе, цяп-ляп. Падслуханая размова, а таксама выпадак з сотавай аператаркай, падказалі яму, што яго безаабароннасць, вінаватая ўсмешка, маска сарамлівасці, словам, усё гэтае ўмельства пры разумнай галаве ёсць тавар, і ім можна карыстацца, як нечым матэрыяльным, паставіць сабе на службу. Так ён і зрабіў. Не адразу, а паступова ён навучыўся даволі праўдападобна прыкідвацца, ведаў, як сябе паводзіць, які прыняць выгляд, каб спадабацца людзям. Варта было яму расцягнуць вусны ва ўсмешцы, пачырванець, як ён рабіўся падобны на сімпатычнага бяскрыўднага ідыёта і адначасова крыху на земляка-кінаакцёра Смактуновіча-Смактуноўскага, які напачатку сваёй кінакар’еры карыстаўся такой усмешкай напоўніцу. Спрацоўвала не заўсёды, але ў большасці выпадкаў яго выгляд абяззбройваў. Яму падабалася гэта.

Цікава было правяраць дзейснасць свайго акцёрства. У такія хвіліны яму пачынала здавацца, што ён не столькі жыве, колькі грае ролю, што не рэальнае жыццё вакол, а кіно, якісьці даўжэзны серыял, у якім не адзін ён прыкідваецца, а ўсе без выключэння; не жывуць, а больш-менш паспяхова граюць самахоць узятыя на сябе ролі, прыкідваюцца іншымі, і ўсё з адной мэтай – каб прыхаваць сваё сапраўднае жыццё. А сапраўднае ў большасці шэранькае, нецікавае, а то і злачыннае. Нават бацька, як высвятляецца, быў не той, за каго сябе выдаваў.

Неўзабаве надарыўся выпадак праверыць гэта – ці сапраўды людзі ўсе акцёры – на практыцы. Пасля таго, як Лагун памяняў школу, у яго з’явілася сяброўка-аднакласніца. Яна жыла ў трохпавярхоўцы на ўскраіне горада. Кожную раніцу яна чакала яго. Лагун ставіў у іх двары веласіпед. А потым разам яны ехалі аўтобусам у школу. Аднакласніца нічым асаблівым не вылучалася. Была такая ж ціхая, як і ён. Сціплая, маўклівая. Добрая. Знешнасць – дзве коскі, чысты, без падлеткавых прышчоў твар з фіялетавымі ценямі пад неверагодна прыгожымі вачамі. Белы фартушок, поўныя белыя ногі. Увогуле яна была рослая, з развітымі жаночымі формамі. Не красуня, але калі ўсміхалася, яе як аблівала ўсю сонцам і ўнутраным святлом. Раней Іван асабліва не зважаў на яе. Толькі пасля гісторыі з дэталізацыяй ды пасля званка па незнаёмым нумары ён інакш пачаў глядзець на жанчын увогуле і на сяброўку ў прыватнасці. Яна таксама адчула змену ў ім. Прынамсі, у яго знешнасці. І ў адзін красавіцкі вечар сама напрасілася правесці яго пасля школы далей за двор, да самага возера. І там, на палянцы, упершыню пацалавала – у шчочку. З таго часу яна пачала кожны дзень праводзіць яго пасля школы да палянкі. Яму і прыемна было, і разам з тым страшнавата, бо яна чамусьці адразу ўзяла нейкі меланхалічны, журботны тон, прыняла ролю вопытнай жанчыны, якая ўсяго паспрабавала ў жыцці, і нічым яе не здзівіш. Гэткі Пячорын у спаднічцы.

“Хутка мы расстанемся. Мяне, як Лермантава, ссылаюць на Каўказ”, – сумным голасам паведаміла яна. Ён прапусціў гэта міма вушэй, лічачы чарговай яе выдумкай. Неўзабаве высветлілася, што ўся яна – сумесь інфантыльнасці і нейкай надрыўнай рамантыкі, пяшчоты і какецтва, кіношнай экзальтацыі і капрызаў; акрамя таго ўмела яна і злавацца, – тады бровы ў яе складваліся стрэшкай, як у П’еро, а голас рабіўся высокі і пранізлівы. То яна была жарснай і вешалася яму на шыю, то раптоўна як загаралася, так халадзела, то пачынала гуляць у маленькую дзяўчынку: надзімаць губкі, казаць “я так хоцу”, і яму даводзілася рабіць выгляд, што яго не бянтэжыць гэта. Яна любіла яго цалаваць – толькі ў шчаку, і ўвесь час брала з яго слова:

“Паабяцай, што будзеш мяне ўспамінаць. Што будзеш сумаваць па мне”.

Яна ўсё пытала:

“Як ты будзеш жыць без мяне? – і сама ж упэўнена адказвала: – Ты не выжывеш без мяне. Ты такі безаабаронны. Ты мяне ніколі не забудзеш. Бедны. Я ведаю, што параніла цябе назаўсёды, але гэта жыццё”.