Выбрать главу

Тым не менш, і нават хутчэй за ўсё, у іх неўзабаве адбылося б нешта больш сур’ёзнае за пацалункі, усё ішло да таго, яна ўжо снілася яму ў снах, пра якія так соладка і сорамна ўспамінаць, як раптам яна сапраўды з’ехала, і сапраўды на Каўказ. На развітанне ў апошні вечар урачыста ўзяла з яго слова не траціць сувязі ніколі. Калі ўсё скончылася, ён уздыхнуў з палёгкай. Хоць яна падабалася яму, у душы ён быў рад, што пазбавіўся ад гэтай сімпатычнай зануды.

Гісторыя, аднак, тым не скончылася, а мела працяг, прычым яшчэ больш кіношны (лёс упарта прывязваў яго да кіно). Здарылася гэта праз год, калі Лагун ужо вучыўся ў апошнім класе. І зноў гэта было звязана з дворыкам, дзе ён па-ранейшаму ставіў веласіпед. Да таго часу дворык стаў яму ледзь не сваім. Ён усіх ведаў, і яго ведалі. Неяк раніцай – было гэта ў канцы мая, цёплага, душнага – ён заўважыў у кутку двара пад каштанам матацыкл. З нумарамі РФ. Гаспадара нідзе не было. Толькі нейкая надта загарэлая для траўня месяца дзяўчына ў шортах, в’етнамках, педыкюр на пальчыках ног, сядзела каля дзіцячай пляцоўкі на арэлях. Пагойдвалася. Пасля школы карціна ў дворыку амаль не змянілася. Матацыкл стаяў, дзе і стаяў, толькі пад чахлом, дзяўчына па-ранейшаму сядзела на арэлях, як і не ўставала. Пабачыўшы Лагуна, махнула яму рукой. Яна яўна чакала яго. Ён падышоў. Яна паднялася. Кірпатая, з круглым тварыкам, падбародак з ямачкай. Школьнае мілае рабацінне, рассыпанае каля носа і па шчоках. У вачах цікавасць і нейкі дзіўны бляск. Яна загаварыла з ім.

“А я цябе завочна ведаю. Мне пра цябе многа расказвалі”.

Пазнаёміліся. Высветлілася, што гэта стрыечная сястра аднакласніцы-сяброўкі, той самай. Студэнтка-першакурсніца медвучылішча, старэйшая за Лагуна. З братам прыехала з поўдня на канікулы і заадно ў госці.

“Звычайна наадварот едуць”, – сказаў Лагун.

“У мяне ўсё не як у людзей”.

Лагун з ветлівасці спытаў, як там яго былая аднакласніца.

“Толькі цябе і ўспамінае. А ты сапраўды такі, як у яе расказах. Харошы хлопчык. І зусім бяскрыўдны”.

Яна яму таксама спадабалася. Не такая, як мясцовыя. Раскаваная, вясёлая. Калі б яшчэ не гэты бляск у вачах. Нешта небяспечнае зыходзіла ад яе.

“У вас прыгожа тут, сястра расказвала. Пакажы мне, пабудзь экскурсаводам. У нас іншая прырода, – пабачыўшы, што ён завагаўся, яна патлумачыла проста: – З кім іншым пабаялася б. Але ў цябе добры твар. Безаабаронны. Мне здаецца, я даўно цябе ведаю”.

На любімай палянцы цвіў сіні лубін і рассыпаліся белымі плямамі кветкі сунічніку.

“Які мілы. Чырванець умее – гэта ж трэба. Харошы які…”

Ад яе пахла малаком. І згадвалася прымаўка – малако на губах не абсохла. Не трацячы часу, яна моўчкі, дзелавіта і сумленна перадала збянтэжанаму, разгубленаму Лагуну ўсё, што сама ведала і ўмела. Ён толькі запомніў яе загар: аксамітны, пералівісты, атласна-шоўкавы на выгляд і на дотык, акрамя белых слядоў ад трусікаў і станіка, ружовых, як у немаўляці, пятак і белых з унутранага боку далоняў – як у малпачкі.

У канцы, апранаючыся, яна прамовіла:

“Цяпер ты, як сумленны чалавек, павінен жаніцца”.

Ён баязліва на яе паглядзеў, ці не жартуе. Яна была сур’ёзная.

“У кіно пасля такога хлопец вядзе дзяўчыну да сваіх упартых, не­згаворлівых бацькоў. Са словамі: у нас ужо ўсё адбылося. І тыя вымушаны бласлаўляць”.

Гэта было так нечакана, што ў Лагуна ледзь не вырвалася недарэчнае: абяцаць не значыць жаніцца.

“Інакш я пастаўлю ў вядомасць брата. А ён ведаеш які?”

Лагун замармытаў, што яму яшчэ няма васямнаццаці. Яна засмяялася.

“Не бойся. Няўжо ты мог падумаць? Я жартую. Ну, што ў нас будзе за жыццё. Я люблю свабоду, ты… Выбачай, але на ролю мужа, мужчыны – ты падыходзіш менш за ўсё. Бачыш, якая я шчырая? Я магла б выйсці за цябе і потым здраджваць направа і налева. Але я не такая, і ты не такі. Смешны ты, наіўны. Добры такі. Цябе будуць усе любіць. Вось толькі не ведаю, за што? Ад шкадавання, можа?”

І, развітваючыся, прыставіла палец да шчакі:

“Цалуй, пакуль няма чаргі”.

Не верачы яшчэ, што ўсё абышлося, ён падумаў, як яму зноў пашанцавала (першы раз з аднакласніцай), і ўвогуле шанцуе: міжволі паверыш у нейкую сваю абранасць.

На другі дзень, у суботу, ён стаяў на базары за прылаўкам іхняга латка – па выхадных і ў вольны час ён падмяняў Отчыка, памагаў прадаваць садавіну-гародніну, балазе, было што прадаваць – ад маладых гэтага ўраджаю цыбулі і зеляніны да леташняй бульбы. Сам Отчык, нягледзячы на тое, што маніякальна сачыў за сваім каштоўным здароўем, усё ж меў з ім праблемы, перыядычна нападалі на яго прыступы немачы, і ён адлучаўся ў медцэнтр на абследаванне. Абследаванне было платнае. Ён забіраў нагандляваныя грошы і сыходзіў, а Лагун займаў яго месца. Была спакуса падвысіць цану, раз нават так і зрабіў, але ўлоў аказаўся невялікі, ды і небяспечна было: Отчык мог здагадацца. Таксама ў Лагуна праскоквалі такія думкі: раз Отчык хворы, дык можа доўга не працягне, і ўсё само сабою вырашыцца? Аднак Отчык вяртаўся задаволены і на запытальны позірк Лагуна адказваў: