3
СТАРАДАРОЖСКІ РАЁН
На карце хай загнаны ў рог,
Ды не ўбаку ні трошкі
Ад новых пуцявін-дарог
Раён Старадарожскі!
Ля ўсіх пасёлкаў і шляхоў
Тут пад смыкамі ветру
Пяюць штодня ў руках слупоў
Драты — цымбалы веку.
А колісь пушча скрозь гула,
Калі ішла віхура.
I дзесь Алелькава страла
Тут наганяла тура.
Тут «сакуны» жылі ў лясах
З мядзведзямі сам-насам.
Гаворка й сёння ў нас на «са»:
«Намаяўса», «суняўса».
Матычыў ляды хлебароб,
А трэ было, дык добра
Касіў у сечы — лоб у лоб —
Татар ды обраў орды!
Быў і фашысту ў нас не дом —
Сядзеў, ад страху сівы.
Наш партызанскі грозны гром
Трос прыхадняў, як слівы.
Вёў мсціўцаў па барах старых
Крапак мажны, як шула,
Цудоўны баявы камбрыг
Хірург раённы Шуба.
Змёў час чужынцаў след з зямлі,
Іржа паела каскі.
У лузе чэрвеньскім чмялі
Апанавалі краскі...
А трэба на баравікі
Напасці з кашалямі,
Кіруй адразу пад Ляўкі. —
Ўвесь Мінск там з «Жыгулямі»!
Заўсёды ў працы мой раён,
Работнік цягавіты.
Здаўна славуты ў свеце ён
Ліповым мёдам, жытам,
Ільноў нябеснай сінявой,
Сасною, звонкай, гонкай,
Ну і вядомай за Масквой...
Старадарожскай горкай.
Будуе, косіць, сталь куе,
Арэ — ушыр і ўдоўжкі —
I песню новую пяе
Раён Старадарожскі!
* * *
Палессе...
Рэха правадоў сустрэчных.
Ваюе наш аўтобусік з пяском.
Пад вечар — песня ціхая — Славечна
Дарогу перайшла нам пад мастком.
Куды ляцім, этнографы?
Ля песні
Палатку ўскінем —
Пачакае час!
Тут, пад зарой,
Калі камар не з'есць нас,
Палесся нораў вывучым мы ўраз!
Якая ціш!
Чуваць крынічкі мова —
Хто кінуў нітку срэбную са стром?
А звечарэла —
З чарнаты альховай
На ўсё Палессе —
Салаўіны гром!..
Зялёнакрылы край славян — Славечна...
Дзесь скрыпнуў граб —
Ці мо чумацкі воз?..
Стаю і слухаю самую вечнасць,
Што захавалі
Голлі вербалоз.
ІСЛАЧ
Яшчэ ў жыцці адкрыцце — Іслач:
Як яшчарка, сярод травы
Пад шчырым сном вярбы навіслай
Па камяньках — струмень жывы.
Між двух бароў, паўз сосны-промні
Лужкоў прырэчных дываны.
У калідор шырокі поймы
Заходзяць ранкам туманы.
Праз бор-гусцёр неспадзявана
Малая сцежачка з сяла
У гэта стойбішча туманаў
Мяне таксама прывяла.
Над рэчкаю з вярбой-гарбулькай
Стаю і ў прозалаці дня
Лаўлю, як ласку, ціхі булькат
Пад нізам дзесь, у каранях.
КАМЕННЫЯ БАБЫ
Каменныя бабы...
Язычнікаў ідалы...
I сёння па стэпе яны —
бачыў я —
там-сям параскіданы.
Валяюцца ў пыле яны пад нагамі —
то бокам,
то ўніз тварам грозным.
Спакойненька птушкі садзяцца на іх,
пасуцца побач каровы ды козы.
А некалі ж тут
на люд навакольны
унь які страх яны наганялі!
Да іх, як у Меку,
ішлі з караванамі,
дары перад імі складалі,
Малітвы ім, моцным,
шапталі,
Каменныя ногі іх
цалавалі,
Слязьмі
аблівалі...
О як выдатна тыранам
яны памагалі
Людзей трымаць
на павадку!
ЛЕГЕНДА ПРА ВУЛЛЯНУ
Што чуў, раскажу я. Не знаю —
праўда гэта ці казка.
...Млелі пагоркі пад небам
у белых і жоўтых красках.
А ўверсе кудысь аблачыны
плылі — гарбатыя стругі —
і пчолы ў дарозе да борцяў
званілі ў нябачныя струны.
Па разнатраўі ў сукенцы
ля курганоў, што заснулі,
бегла лёгка Вулляна,
гнуткая, бы казуля.
Даўгая каса Вулляны
нібы з ручаёў была звіта,
сінела ў касе дзявочай
валошка простая з жыта.