Выбрать главу
Там, за пагоркам лабатым, пад галінастым дубам чакаў у рамонках хмельных яе Сцяпан светлачубы.
Хоць ён бядняк, хоць са зрэб'я у Сцяпана кашуля, ды што ні вечар ляцела ў рукі яго казуля.
А потым па вуліцы вёскі — няўжо ж угледзяць аконцы? — на белых плячах насіла яго пацалункаў сонцы!..
I вось да яго зноў імчала, і ёй — па лытках, па лытках — галоўкамі шлёгалі смолкі, шчаўе ды хвосткая снітка.
I раптам — дзяўчына не знала, як атрымалася гэта,— ледзь яе з ног не збіла праезджага пана карэта.
— Тпру! — нацягнуліся лейцы і з карэты багатай скочыў на дол травяністы пан той, круглы, вусаты.
Штосьці сказаць хацеў ён, ды з паўадкрытым ротам так і застыў на месцы — бы мову яму адняло тут.
Красы такой аніколі нэ бачыў ён і за морам: тварык — як месяц ясны, а вочы яе — азёры.
Апамятаўшыся неяк, загаварыў з Вуллянай, што палахліва глядзела на незнаёмага пана.
— Калі ты і праўда ява, а не сон і не казка, будзь жонкай маёй ад сёння сказаў ён дзяўчыне з ласкай.—
Я — князь, і за мною таксама станеш сама ты княгіняй, у крышталёвых палацах будзеш ты гаспадыняй.
Я ўсё табе дам, ты будзеш жыць без турбот, як галубка. Будзеш віно залатое піць з сярэбраных кубкаў.
Ад ласкавых слоў тых Вулляна уся расцвіла, як вяргіня — якая ж паненка, скажыце, не марыла б стаць княгіняй!
Есці смачныя стравы, у шаўкі апранацца!.. У думках была ўжо Вулляна ў сонечных тых палацах.
Ды ўспомніла тут дзяўчына мілую ўсмешку Сцяпана... Як жа яна прамяняе каханне сваё на пана?
— Не,— аглядзела Вулляна панскі ўбор асцярожна,— я не магу даць згоды, князю яснавяльможны...
Ты мне даруй за гэта і не судзі мяне строга: пайсці б за цябе я рада, ды... я кахаю другога.
— Хто ж ён? Якога звання? — нахмурыўся твар у пана. — Кравец ён, Сцяпанам клічуць,- горда ў адказ Вулляна.
— Што? Ты смяешся з князя? падскочыў пан, як ад джала.— Я не дарую! — I віхрам карэта з тым князем памчала.
Нідзе дасюль і ніколі Не ведаў князь перашкоды: прывык ён, што б ні надумаў, свайго дабівацца заўсёды.
Не думаў і тут адступаць ён, разгневаны не на жарты. — Ты будзеш маёй, ганарліўка! - сказаў сабе князь упарта.
Была падуладна князю не толькі гэта зямля ўся, але і нябёсы: ён нават з самім усявышнім знаўся!
Князь да яго і пастукаў ў нябесныя дзверцы. На чорную справу ўсявышні даў згоду — не меў, пэўна, сэрца.
На крыллях сваіх нябачных памчаў туды, дзе на грудзе сядзеў Сцяпан каля дуба, адзенне шыючы людзям.
Сыпнуў на Сцяпана паганым зеллем з нязнаных гародаў, і хлопец светлавалосы каменем стаў назаўсёды.
Прымчала Вулляна птушкай на стрэчу чаканую з любым, ды замест хлопца сустрэла камень немы пад дубам.
Падбегла туды і з плачам, што трос яе плечы рыўкамі, акамянелага хлопца абхапіла рукамі.
А князь той ужо Вулляну чакаў ля зялёных пагоркаў, ды, не прычакаўшы, пад'ехаў к дзяўчыне, што плакала горка.
— Не плач дарэмна, Вулляна,— крануў яе князь нецярпліва,— пакінь гэты камень — ты станеш у свеце самай шчаслівай.
Ды князя нават і слухаць Вулляна не пажадала — да сэрца тулячы камень, яшчэ мацней зарыдала.
Так плакала несуцешна, што ад слёз яе горкіх між незабудак і братак пабег ручаёк з пагорка.
А потым у полі зялёным пад зарою калянай сама слязамі сышла ўся і стала ракою Вулляна.