Выбрать главу
Я — гару! Я — гару! Тры стагоддзі гару — З вамі ўсё гавару...
ДЗЕКАБРЫСТЫ
Вірам — плошча Сенацкая: мы паўсталі — Сцяну векавую маўчання узарвалі.
О як шчыра ляпілі цары (што аж праглі народ ашчаслівіць) гэту сцяну! Як яе мацавалі, сцераглі, пільнавалі, гэту сцяну!
Шабля жандара кроіла крыва краіну — сцяна, Свісталі бізун ды нагайка па спінах — сцяна. Ці ж не даволі праўды шукаць у двары мужыкам — сцяна, Жыць на Русі толькі добра цівунам ды шпікам — сцяна.
Край навылёт пранізалі іх вочы-пікі — сцяна, Шчыліны ўсе абляпілі чуйныя вушы без ліку — сцяна...
О, за гэтай сцяною глухою, людскою бядой мураванаю, Было як у бога за пазухай Дому Раманавых.
Думкамі голаў цары не забівалі у светлым раі: Пра ўсё за іх дбалі іхнія халуі.
Рукамі тых халуёў грэблі яны з душ падданых даніну, Рукамі тых халуёў з дзіцячых ратоў выдзіралі яны хлеба скарыну.
Трэба былі царам з золата толькі палацы, Трэба ж былі царам сабакары ды паяцы.
О як апявалі яны цароў, халуі, О як у ладкі пляскалі з усіх бакоў, халуі
(Вы думаеце, гэта нішто — ладкі? На гэтых ладках, бяздумных ладках, Растуць тыраны, як на аладках). А як таленавіта лікі цароў халуі малявалі — сонцы нібы! Якія ясныя вокал галоў выводзілі німбы!
Як перад тронам падалі на калені, як білі чалом у зале! З якой шчаслівай усмешкай яго вялікасці боты лізалі!
Таго ж, хто не ўмеў боты лізаць, халуі навучыць кляліся, Прысягалі дарам: усіх, як ёсць, закілзаць — ліся, золата, ліся!
Так, і кілзалі, кілзалі, кілзалі, Рукі і ногі «няверным» вязалі, Вучылі шпіцрутэнамі, штыкамі, Лютымі нерчынскімі руднікамі.
Таўклі ў мазгі ўсім — год за годам, Што цары — гэта слугі народа, Хоць было зусім наадварот: Не цары былі для народа, Для іх быў народ.
Спрадвеку раджаліся ўсе і жылі — для цара, На смерць, не думаючы, ішлі — за цара, Малілі, каб бог зберагаў (шмат зім і лет) — цара, Думалі, скончыцца свет — без цара.
Ды падданых сваіх цар ясналікі Нават не бачыў з трона — быў занадта вялікі.
Для яго людзі ўсе — мухі: Якія ў іх могуць быць мукі? Яны толькі пешкі ў царскіх забавах — войнах, Людскіх недарэчнейшых бойнях. Імі, бязмоўнымі мужыкамі, Біцца можна з другімі царамі, Біцца, як бітамі, як шарамі, Біцца галовамі іх, ілбамі.
Усё роўна не скажуць яны ні слова: На тое ж аднята ў іх мова. Можна смела іх кідаць у бой, Гнаіць у акопах... Не!
Хопіць! Гулкім грукам па бруку — боты: На плошчу, на плошчу, паўстанцкія роты! Локаць да локця (духам слабыя, прэч!) Строяцца, строяцца роты ў карэ.
Досыць маўчаць — у бой з пракаветным горам! Мы выйшлі на плошчу, мы сёння гаворым!
Мы кажам: род царскі — тыранскі, пад корань яго, да семя! Каб і ў вяках не было яму уваскрасення!
Хай тыя, што сеюць, што веюць, што жнуць, што аруць, што будуюць, Краінай і доляй уласнай кіруюць. У іх ёсць свой розум — ну, хіба ж яны калекі? Яны ані ў кога не просяць апекі...
Мы на плошчы Сенацкай. За ёю — прасторы, прасторы... Мы доўга маўчалі, мы сёння гаворым!
О як ад той мовы трон скаланула — крывавае катаў крэсла! О як ад той мовы прачулай дробна каленкі ў цара затрэсла!
Апекуна-цара ратаваць выбеглі ўсе лізаблюды (О як ірвуцца яны паказаць сваю адданасць усюды!).
Трымацца, паўстанцы: між здрадніцкіх плеч цар артылерыю коціць! Акружана плошча... і вось карцеч нас косіць, нас косіць, нас косіць.