Выбрать главу
Не ехаць бы мне толькі ўлегцы. Свой воз накладвай з верхам, брат! Знай: па набытак нам не ўлегчы З вазамі гэтымі назад.
* * *
Ці так я жыву, ці тое раблю? Вы мне падказалі б, людзі! Праз лес нязнаны сваю цераблю Сцежку — ці гала хоць будзе?
Можа, самому сабе я хлушу, Шлях выбраўшы свой паспешна? Мо дарам сякерай па пні гашу? Мо абысці б яго лепш мне?
Мо за нішто выбіваюся з сіл, Жыццё сваё трачу марна? Мо так і не стрэну ў зары небасхіл? Мо толькі міраж — мая мара?
Мо лепей было б вярнуцца назад, Другой пусціцца дарогай? Але ж па гэтай так пройдзена шмат! Так дзён разменена многа!
Не, трэба, пэўна, перачакаць — Я проста ўтаміўся, мусіць. У сэрца трэба свайго спытаць — Яно памагчы мне мусіць.
Яно падкажа, як далей быць — Вярнуцца ці крочыць уперад. Па ўказу сэрца ўсё трэба рабіць, Яму аднаму трэба верыць.
* * *
Транжыру дні, як мот, Гублю у танцы тайным, У спраў вадаварот Нікчэмных уматаны.
Ад іх, нібы ад мух, Адмахваюся яра, Ды зноў — забойцы муз - Яны плывуць, як хмара.
Дзе ж тая зорка, што Сарваць я з неба меўся? Дарог, як струнаў, сто, Што граюць без мяне ўсё
* * *
Чалавек — гэта свет. З кніг Памёр чалавек — Самкнуліся вейкі... Свет, што ў вачах яго граў і іскрыўся, зачыніўся навекі.
Якія сонцы і сосны, Аазісы і вясёлкі, Якія ружы і руны, Сэрца найтонкія струны былі ў гэтым свеце абжытым! Памёр чалавек і з сабою ў зямлю свет свой панёс, Свет, які так і застаўся нікім не адкрыты...
* * *
Жыву каля рэха. Вечарам, калі за акном леснічоўкі ўлягуцца ў нагах хвой баранчыкі хваляў азёрных, Прыходзяць ка мне ласі ды зоры. Далёка ўбаку (нібы на другой планеце) застаўся свет мой штодзённы, прывычны, які даўно ўкруціў мяне ў свае колы: Я ўцёк ад яго — на цэлы месяц — у гэта зацішша. Думаў, тут адпачну без яго. Ды толькі дарэмна: усе мае паўсядзённыя клонаты, якія я дома пакінуў, Знайшлі і ў пушчы глыбокай мяне, прымчаліся ўсе, як адзін! I вось раяцца ў маёй галаве, варочаюць начамі мяне з боку на бок, кідаюць у сне. Не, тут нішто іх не перапыніць — ні звон трамвая, ні грукат бабы чыгуннай аб непадатны асфальт, ні крык дзіцяці за мембранай-сцяной... Колькі ж змагу я пабыць сам-насам з вечнасцю?
* * *
Мы ўвесь век свой — бывае! — шукаем сябе, Ды, так і не знайшоўшы, не знайшоўшы, выпраўляемся ў той, незваротны, вырай. Як шкада, што адтуль не папытаешся ўжо: — I чаго я прыходзіў сюды, на Зямлю?
* * *
Лодку долі сваёй Смела кіруй па жыцця рацэ. Хай рыпяць і рыпяць Вёслы ў кожнай руцэ.
Ведай: выпусціш з рук Іх, і той жа парой Стане трэскай на хвалі Лодка долі тваёй!
* * *
О дай мне, доля, пастаянства дрэва, О дай мне, доля, цвёрдасць скалы, О дай мне, доля, ураўнаважанасць каменя, О дай мне, доля, гарэнне агню!
Не давай толькі мне пакорлівасць дрэва, Не давай толькі мне раўнадушнасць скалы, Не давай толькі мне чэрствасць каменя, Не давай толькі мне бяздумнасць агню!
* * *
Міг — і ўсё ўжо на зямлі не тое: I агонь, і людзі, і трысцё. Як рака, цячэ жыццё зямное, Як рака, мяняецца жыццё.
Абнаўленне вечнае ў прыродзе! Абнаўленне — вецер ліст сарваў, Гасне зорка дальняя на ўсходзе, Узыходзіць сонца і трава.