Выбрать главу
Я — людзей і зорак спадарожнік: Міма, міма — радуга, імжа. Па зямлі іду, і крок мой кожны Ёсць былога й заўтрага мяжа.
Рушыцца і ў гэтае ж імгненне Узнаўляецца, як жыта, свет. Мы з табой — і смерць і нараджэнне, Мы з табой — вякоў гарачы след.
I не засмучайся, што, як нітка, Легла ўжо маршчынка на чало: З намі — маладосць, яна не знікла, З намі, з намі — нашых душ святло.
* * *
Кахаць — гарэць, Жыць без кахання — тлець. Няма кахання — белы дзень цямнее, Няма кахання — і вясной зіма: Душу ні сонца, ні агонь не грэе. Няма кахання — радасці няма.
* * *
Каханне — гэта чысціня, Каханне — гэта вышыня, Каханне — гэта зорны час Душы, што ўгору ўзносіць нас. Яно не ведае ані Нікчэмнай хітрасці, хлусні, Не знае ў сэрцы цёмных плям — Глядзіць адкрыта ў вочы нам. Калі ў каханне ўсё ж мана Цішком пракрадзецца, яна Развее ўміг яго дазвання: Там, дзе мана — няма кахання!
* * *
Зары запозненай каснік Хто ў ціхі час згубіў за пожняй? На момант выслізнуў і знік За хмаркаю, як прывід, поўнік.
Ты не прыйшла... Клён пацямнеў. Зямлі шматфарбнасць гасіць вечар.
I холад нізавы мяне Патроху ўжо бярэ за плечы.
Ты не прыйшла... Мо твой цягнік Сышоў на перагоне з рэек? Ці недзе сон, як чараўнік, Скаваў няўзнак праменні веек?
Ты не прыйшла... Што без цябе Мне гэты свет — яго б не браў я! Што мне на ўзгоркавым гарбе Шалёны водар разнатраўя!
* * *
Згубіў цябе. Куды ж пайсці? Ні адраса, ні тэлефона. Як промень воч тваіх знайсці У горадзе мільённым?
Я без цябе — аглухлы грот, Пусты, без пчолаў, вулей. Ізноў, ізноў — каторы год! — Кірую ў джунглі вуліц.
Мо між людзей твая мільгне Касынка выпадкова? Мо дзе ўзляцяць насустрач мне Дзве ластавачкі броваў?
А за вясной — кіпіць вясна, Не згледзіш — час асенні. Тапчу, тапчу асфальт звідна, Шукаю голку ў сене.
* * *
I дабрата і прыгажосць — Гляджу: такое спалучэнне! А можа, гэта ўсё і ёсць Душы высокае свячэнне?
Прамень твайго святла і я Злавіў вачмі ў паглядзе шыбкім, I адгукнулася мая Душа на промень той, як скрыпка.
Імчала электрычка нас, За шклом мільгалі светафоры I неба немае, дзе — час! — Збіраўся зор высокі форум.
Дзесь ля Ушы, нібы рака, Вагон запоўніла вяселле, I ўжо віхуру гапака Панеслі колы між аселіц.
Нас грэў вясёлы танец той, I падпяваў паціху кожны: Ты — ява казкі залатой, I я — вандроўнік спадарожны.
На развітанне з цеплынёй Ты пасміхнулася мне ветла, I ў чорнай цемені начной Мне раптам стала гэтак светла!
Ішоў я, повен мараў-сноў, Асенняй вуліцаю хліпкай, I пела, пела, пела зноў У сэрцы сонечная скрыпка.
* * *
Цячэ гародамі Гарынь, А у Гарыні — неба сінь, А ў Гарыні — дзень які! — Далека ўнізе ястрабкі. Вас сцежка берагам вяла, Між лозаў петлі вам віла. Пясок, што слаўся ля ракі, Лізалі хваляў языкі. Маўчалі вы абое: там Слоў не хапала ў свеце вам. Ды пра агонь душы ярчэй Казалі позіркі вачэй. Хоць ехаў ты, ды браў навек Бляск гэты ясны з-пад павек, Браў рук цяпло, браў гэты плёс, I гэту сцежку паміж лоз, I стужку чыстую — Гарынь, I у Гарыні — неба сінь, I ў Гарыні — дзень які! — Далёка ўнізе ястрабкі.
* * *
Не крыўдуй на мяне, не крыўдуй, Калі што сказаў бесталкова: Буйных дум маіх чараду Хіба ж проста ўціснуць у слова?