ПРА СТАРУЮ АДЭЛЮ
На душы ў яе сёння —
нядзеля:
Ладзіць градкі
старая Адэля.
Пускае ў разорку з пальцаў,
як жывое, насенне —
Буракоў ды гуркоў
сем'і.
А казала ж мне ўвосень
(сядзела з кійком яна каля хаткі),
Што не трэба ўжо будуць
ёй градкі.
З усім яна разлічылася
тут, на свеце —
Работу ўсю парабіла,
дарогу дала дзецям.
Цяпер аж самой няёмка —
ад яе ж ніякага толку:
Хлеб пераводзіць
толькі.
Даўно сабралася
ў найдальнюю Адэля дарогу:
Восем дзесяткаў на свеце —
ні мала, ні многа.
У куфры ўсё ўжо да смерці
ў Адэлі падрыхтавана:
I сарочка, і андарак, і хуста,
і грошы на пахаванне.
Толькі смерць затрымалася нешта
за небасхілам —
Зноў не прыйшла па Адэлю,
зноў на яе забыла.
Зноў, нібы падарунак —
вясна ля прыселля...
Ладзіць градкі
старая Адэля.
Раўняе граблямі іх,
разоркі значыць рукою,
Як і гэта зямля,
счарнелай такою.
*
Нідзе не была ў свеце Адэля,
цягніка не бачыла нават —
Тут, у сяле, ішоў яе век:
на тым унь грудку за канавай.
Як дрэва, на месцы адным
расла і старэла
ў дзён завірусе.
Тут, у тумане, ...
усе яе вёсны —
як гусі.
Цэлы век свой Адэля
толькі і знала,
што ў зямлі гэтай корпалася:
садзіла, палола, жала.
Як пчала, шчыравала
ад рання да цёмначы,
рукамі сваімі парэпанымі
хлеб здабывала надзённы.
Так, не была яна ў свеце,
ды толькі хлеб яе гэты,
Як жывы, абышоў
мо паўсвету.
Так, мала хто ведаў Адэлю,
(а сёй-той нават знацца б з ёй грэбаваў),
А вось хлеб яе добра ўсе ведалі,
ніхто яго ад сябе не адгрэбваў.
На хлебе Адэліным тым і
раслі і вышыні свае бралі
мантажнікі і высотнікі,
акадэмікі і адміралы.
Утрымліваліся на ім,
працуючы бесперабойна,
міністэрствы і ведамствы,
фабрыкі і філармоніі.
Хадзілі станкі ўверх-уніз з ляскам —
Адэлін хлеб,
Пісалі ракеты космасу казку —
Адэлін хлеб.
Як пупышка вясной,
На Адэліным хлебе
развівалася —
пад гром авацый —
Цывілізацыя.
Калі, звар'яцеўшы,
круціў пад небам
віхар вайны пякельны,
I тады не сышла з бацькоўскай зямлі
(утрымалася неяк!)
Адэля.
Не, не была партызанкай Адэля,
але без Адэлі
Што б яны, партызаны,
елі?
Усе брыгады, усе злучэнні
(якія пра іх складаюць паданні!)
Былі
на яе ўтрыманні.
А пасля вызвалення
яна
з тых жорсткіх руінаў
Уздымала з усімі
краіну.
Недаядала сама,
ды на хлебе сваім
дзяржала
Адэля
дзяржаву.
*
Жанчыны зямлі нашай!
Краю ўсяго гераіні!
Складаць бы пра кожную з вас
паэмы ды гімны!
Хай ганаровых званняў
не шмат хто з вас удастоены,
Ды ўзнагарод найвысокіх
усе вы дастойныя!
Каб усіх вас, як трэба, адзначыць,
каб выдаць усе, што вы заслужылі,
медалі,
У зямлі б не хапіла, напэўна,
металу!
Толькі нашто вам медалі?
Не думалі вы пра славу:
Рабілі — і ўсё —
сваю будзённую справу.
Найлепшая з узнагарод
для вас
(скажаце ўсе вы пра тое):
Добрае слова
людское.