Выбрать главу
*
Дажываюць свой век жанчыны нялёгкае долі, Даручыўшы работу сваю трактарам ды камбайнам у полі. Самі ж на градках капаюцца ці — да пенсіі сціплай даробак — Падмятаюць вуліцы ў горадзе, выстойваюць у гардэробах. Убачыш іх — пакланіся, з павагаю распытай пра вялікі іх шлях за плячыма, што супадаў са шляхам цэлага краю Яны — гісторыя наша жывая.
* * *
Зграбаем сена. Па купінах бегаюць граблі, Збіраюць — у копы, у копы — Чэрвень чмяліны між грабамі.
Вал зялёнага сушава Качаем па галіне колкай (Эх, лезуць за шыю сяніны, Шчыкочуць пад ліпкай саколкай!).
Між частай асочкі-кусачкі Мільгаюць дзятлавіны галоўкі, Бліскае сподам ліста падбел, Маркоўнік выпнуўся ломкі.
I ўсё гэта — граблямі, граблямі — У пераборы (Ну ж і дзякаваць будзе зімою — за лета падараванае — Падласка ў аборы!).
Што? Сонца за гай завярнула? Не, хай пачакаюць смажэнікі ў печы! Даграбём! Чым на дажджах мокнуць сену, Лепш яшчэ памакрэюць хай плечы!
РЫЖКІ
Я ўжо знайсці іх і не марыў: За дзень бадзяння па гаях З дзесятак бабак і свінарак
У кошык свой і ўкінуў я.
I вось пад елачкамі — не руш: Яны, рыжманыя кружкі! I тут і там — вачам не веру — Па травяным лужку — рыжкі!
На крохкіх ножках-карацельках Няйначай, зверанят сям'я — У зелянавых жылках ценькіх Застылі ў страху між куп'я.
Я не спяшаў іх рэзаць, рыжых, Хадзіў ля іх, паўз той лужок. А калі браў, падоўгу слізгаў У пальцах, як жывы, рыжок.
ВАСІЛЬКІ
Я зноў пра вас спяваю, васількі — Як хораша сінееце вы ў жыце! Над вамі спраку веку жаўрукі Высока заліваюцца ў блакіце.
З блакітам, з неба яснай сінявой Я вашы параўноўваю пялёсткі. Параздавалі шчодра колер свой Вы дзетвары белагаловай вёскі.
На тое ж, што ад вашай сінявы Пазбавіліся б сейбіты ахвоча, Бо як-ніяк, а пустазелле вы,— Чамусьці зноў заплюшчваю я вочы.
* * *
Дома ў нас — не за колькі зямель на лужку ці не бачыў ты дзіва: з веку ў век, з лета ў лета рупліва пералічвае краскі чмель.
* * *
Хто месяца жарыну У надбор'е запусціў? 0 як ён азярыну Начную асвяціў!
Паслаў — каму пад ножку? — Жывую, з серабра Нябесную дарожку Па хвалях і вірах!
Пайшла яна — успышкамі — Па беразе ў расе, Па голках хвой, па шышках, Па верасе.
Хто месяца жарыну У надбор'е запусціў? І чый там, у ажынніку, Гарачы шэпт: «Пусці!»
НАШАМУ ЛЕСУ
Годны лес! Над табой, разгайданым, За стагоддзем стагоддзе пяе. Разбіваліся ўшчэнт ураганы Аб зялёныя грудзі твае.
Непахісна, як волат замглёны, Ты стаіш: у зямлі — карані. У ліхія гады ад палону Край увесь ты сабой бараніў.
Еду дзень, а паўз шлях зноў, узнёслыя, Сосны, сосны — камель пры камлі. Вечна ж грайце пад хмаркамі, сосны,— Варта верная роднай зямлі!
* * *
Туманам зацягнула дні — Зноў свету не відаць. У парнай белай цішыні, Застыўшы, ліпы спяць.
Год новы побач, за сцяной, I на табе — туман: Зноў над прымоўклаю зямлёй Варожыць, як шаман.
Шляхі і сцежкі — мокры глей, Раскіслі — не вылазь. Ледзь ступіш — чэпіцца, як клей, Да чаравіка гразь.
I сніцца, сніцца ўсім адно: Ідзе-гудзе сама, Шлейф белы кінуўшы ў акно, Завейная зіма.