Выбрать главу
Так рана ў матак лажыліся Каля вачэй кругі! Ды зноў яны рвалі жылы, Упрагаючыся ў плугі.
Ды зноў зляжалыя глыбы Варочалі — плач не плач. Як яны біліся, рыбіны, У сецях тугіх нястач!
А скаргі на ўдовіну долю Дамоў, у падушку няслі — Усё яны пераадолелі, Усё, што трэба, змаглі.
Стаіўшы боль свой глыбінны, На лямках з разрухі ў той час Выцягнулі ўсю краіну I выгадавалі нас.
Мільгаюць дзесь каля Вегі Зорныя караблі. З рук матак нашых, я ведаю, Старт свой яны узялі.
БАЛЛАДА ПРА МАЦІ
Кіёк у руцэ, за спіной хатулёк, Запылена хуста — Прасёлкам, здалёк, Сівая, як голуб, ішла яна. Звінела жаўранкамі вясна. — Куды гэта, бабка, вы, дайце адказ, Што зрушыла з дому, старэнькую, вас? Шасцеў пры канаве зялёны трыснік... — Я, дзеткі, да сына іду, на Палік... — А сам што ж да вас не прыедзе ваш сын? Няўжо так зазнаўся? Які ў яго чын? — Зазнаўся? Ды не, яшчэ змалку ён быў Ласкавым і чулым і матку любіў. Бывала, не дбаў аб гульні, як усе: Цялушку напасвіць і дроў прынясе. Калі ж ён падрос, пачалася вайна, Пазвала яго ў партызаны яна. Пайшоў ён да возера Паліка — Там, кажуць, балоты: чарот, асака. Там вельмі цяжкая блакада была — Ад бомбаў нямецкіх зямля ўся гула. Адтуль не вярнуўся ён — на Паліку
Так і астаўся. У тым унь баку. Адзін у мяне ён, к яму я іду — А можа, дзе-небудзь яго там знайду?.. Кіёк у руцэ, за спіной хатулёк, Запылена хуста,— Прасёлкам, здалёк, Сівая, як голуб, ішла яна. Звінела жаўранкамі вясна.
* * *
Можа, і ў мяне над галавой Ходзіць зорка ўласная, якая Узышла ў дзень нараджэння мой I ў дзень смерці ўпадзе небакраем?
Забабон звычайны? Прызнаю. Ды не зачыняйце ў мару дзверы: Я у тую зорку, у сваю, Як-ніяк, хацеў бы ўсё-ткі верыць!
Мы — не безымянная трава, Не шурупы ў нечай калясніцы. Кожны з нас — хай кружыць галава! Вымпел свой нясе праз бліскавіцы.
Людзі, верце: ёсць у нас свае Зоркі зіхатлівыя ў сусвеце! Хай іх бачыць доля не дае, Ды яны нам свецяць, свецяць, свецяць!
Чыркнула па чорнаму агнём, I няма ўжо знічкі — мы галовы Над труною друга ціха гнём: Адляцеў у вырай вечаровы...
Кажуць, у вайну быў зарапад! У траву, у белыя азёры О як густа сыпаў зораў град! Як яны гарэлі ў небе, зоры!
Хлопцы, што краіну бераглі, Не прыйшлі дамоў з дарог няблізкіх. У палях расквечаных ляглі — Юныя навек — пад абеліскі.
Не, яны й дасюль для нас — не тло, Не бясследны попел з поля бою. Покуль мы жывыя, іх святло Носім, непагаснае, з сабою.
* * *
Янку Сіпакову
Ці ж ведаў хлапчук, на якую раду Тату з мамай пагналі ад ганка прыклады?
Толькі гэтак калола нязвыклае слова — гестапа! ...Двое добрых людзей да нелюдзяў трапілі ў лапы.
О, як іх дапытвалі ўмела — з падмогай навукі! Жалезам хітрым выкручвалі іх сялянскія рукі.
Рукі, што ведалі толькі тронку плуга ды граблі. Што над пасцелькай дзіцячай снавалі, як гралі!..
I вось да сцяны іх паставілі — крычы не крычы пад вачэй гэтых лёдам... I ўпалі яны — бывайце, няспраўджаныя надзеі! У тым лёху, Глухім, голым...
Ды ў свеце застаўся іх голас.
* * *
Не, не кажыце мне — вайна Не пахавана ў сорак пятым, Усё яшчэ курыць яна У свеце, як струна, напятым.
Ад галасоў эфір гудзе, Ляцяць газеты ў свет гайнёю. Не на жыццё, на смерць ідзе Вайна між праўдай і маною.
Памалу топіць лёд вясна, Ды шчэ далёка да парадаў. О як жа часта шчэ мана Усё-ткі верх бярэ над праўдай! Дык ці ж сядзець байцу ўбаку Ад бітваў ярасных стагоддзя? На фронце мы з табой, пакуль Пад сінім небам крыўда ходзіць!