Выбрать главу
* * *
Трасе, трасе планету праз гады, I ходзім мы па ёй, як па плытах. Трывожна ў сэрцы: можа, сапраўды Трымаецца зямля на трох кітах?
Кіты, кіты, я знаю, цяжка вам: Ад складаў бомб трашчыць наш шар зямны. О як бы памагчы мне тым кітам, Кіты — хаця б не падвялі яны!
* * * Жыць без трывог? Не злавацца? Не лаяцца? Не кіпець? Не гневацца? Не абурацца? Крыўду і здзекі — цярпець?
Адно берагчы свае нервы — Сябе б надалей захаваць? На ўсё ж астатняе, што пад небам, Пляваць?
Б'е чалавека кіем П'яная хеўра — хай? Мары хавае людскія У стол-труну бюракрат — чхай? Хай, што нейкі праныра Уладу — няма саладзей! — Недзе за морам-вірам, Як торбу, украў у людзей?
Радуецца: як з воска, Усё цяпер з іх ляпі — Гаці гаці, у войска Стрыжы ўсіх — стойце, слупы!
Рот жа адкрыеш, пярэчачы, Рукамі вашымі ж вас (Чакаць ад яго чалавечнасці?), Як мух, перагубіць ураз. Край стрыножыўшы страхам, Душ валадар, Дзесь бомбай ужо размахвае, Са светам гуляе ў пажар.
Не згледзіш — пагоніць вецер Іскры далей, без дарог... Жыць без трывог у свеце, Поўным трывог?
* * *
Жыцця нястрымны ход! Не згледзеў: бы пірога, Яшчэ адзін во год Адчаліў ад парога.
Ён толькі ж што званіў, Нібы званамі, днямі, А ўжо — глядзі — з агнямі Паплыў, паплыў, паплыў. Не павярнуць назад Яго ніякай сілай: Уміг яго ў свой спрат Гісторыя ўмясціла.
Падлічваю, чым год, Мне дадзены, я поўніў: Ці мо не варт таго, Каб я яго запомніў?
Не, год змаганцам той Усё ж быў: зацяжную З адвечнай цемнатой Упарта вёў вайну ён.
Пабач: з эпох сляпых Дайшоўшы нейкім шляхам, Сядзяць шчэ, як струпы, Ў людзей на шыях шахі.
Ды цёмныя з вякоў Народы уваскрэслі: Хапуг-гвалтаўнікоў Страсаюць з тронаў-крэслаў.
Світае на зямлі. Ды ўсход такі чырвоны: Хто ж без крыві калі Зрываў з сябе карону?
Свет кабалы — на злом! Мацнее рэха боя: У барацьбе са злом Хай не ржавее зброя!
З няпраўдаю вайна Кіпіць у нас у кожным: Ці ж быць у свеце нам Староннімі ў ёй можна?
Ты што, скажы, зрабіў, Каб час прыблізіць зорны? Ці дарам пратрубіў Год, гэткі непаўторны?
* * *
А ўсё-такі Розум — наш, не электронны — Айсбергі догмаў у свеце тараніць, I падаюць — чую — з наседжаных тронаў, Як пераспелыя грушы, тыраны.
А гэтак жа шчыра, а гэтак жа чэпка За троны трымаліся — рук не расчэпіш! Тыраны над тронамі трэсліся трасцай — Не адарваў бы ад тронаў іх трактар!
А як жа старанна — з розумам, з толкам — Сябе ўцэментоўвалі — утрымацца б толькі! У кожным скверы маленькім, бонзы, Свой лік адлівалі ў бетон ды ў бронзу!
У зубы гісторыі ўкладвалі цуглі, На мову людскую вешалі пломбы — Хадзілі ля іх толькі еўнухі цугам, Фіміям ім курылі паэтаў плоймы!..
Званчэюць у свеце свабоды бомы, Маўчанне людское ўзрываецца бомбай, I падаюць з тронаў (каму патуралі), Як пераспелыя грушы, тыраны.
* * *
Мы — людзі, зямляне. Званы яднання, званіце! Звязаны ўсе між сабой мы нябачнымі ніцямі.
Белы ці чорны, грэк ці панамец — Усе мы зямляне: такая радня мы!
Мы — экіпаж аднаго карабля, Імя якому — Зямля.