Выбрать главу
Мы плывём, мы плывём, бясконцым такім акіянам сусвету — Ці ты бачыш, сусвет, нашу зорачку светлую?
О якія на ёй узыходы і поўдні! Як гуляюць у рэках яе акуні ды промні.
Шчасце — жыць на зямлі! Ды, нікчэмныя, сваркі Разрываюць па сёння яе, як аўчаркі.
ІНТЭРНАТ
Нашто нам сваркі, людзі! На планеце Народ народу — друг, таварыш, брат. Хай свеціцца між зорак у сусвеце Зямля — людскі наш інтэрнат.
ДАРОГІ
Я слаўлю дарогі. Яны прыйшлі на зямлю з чалавекам: дарог у звяроў няма. Ад дыма да дыма, ад дзядзінца і да дзядзінца пратоптвалі нястрымныя ногі людскія дарогі. Вялі заўсёды дарогі туды, дзе дабрыня вачэй, усмешак сонцы, гаворкі людской пералівы — ці ж чалавек без гэтага быў бы шчаслівы? (Гэта ж воўк толькі можа сядзець у сваім лагве ды выць у зоры.) Валіла людзей бясхлебіца (як страшна закатваліся ў іх вочы, гледзячы ў свет бялкамі!), але, як жывая вада, зноў ставілі іх на ногі дарогі. Яны развейвалі ў момант бяду, прыносячы людзям жытняга хлеба скарынкі, парад людскіх падарункі найдаражэйшыя, песні ды сэрцаў шчодрых іскрынкі.
(Не віна дарог, што на іх выпаўзала так часта страшыдла з пашчаю крыважэрнай — вайна.) Дарогі — найвыдатнейшыя помнікі чалавецтва. Але на іх не трэба вешаць таблічкі са словамі: «Ахоўваецца дзяржавай» дарогі будуць датуль, пакуль будуць людзі.
* * *
Ідзём мы проста ў свой час світальны. Не збіцца б толькі — 0 век асляпляльны! Нас слепіць сонца, нас слепяць горы, Сляпні нас слепяць І слепіць гора. Ідзём, ідзём мы праз рыфы, рыфмы, Нас слепяць міфы, нас слепяць німфы. I пот нас слепіць — нам жыць бы лепей! Нас думка аб хлебе маланкаю слепіць. Ды я не жадаю быць асляплёным. З вачэй здзіраю святла заслону. Хай наша зорка зіхціць выразна. Нам трэба зоркасць, нам трэба яснасць!
* * *
Як ні абдумваў я шлях свой — на ім, як тычак, памылак! Па марах юнацкіх, што ў сны мае заляталі, я столькі справіў памінак!
Можа, глядзеў на свет зялёнымі вачыма? Цвярозым быць, Прадбачліва жыць памылкі мяне вучылі.
I я абдумваць пачаў кожны крок: перш, чым ступаць на дарогу, Перад ёю (хаця б скіраваць туды, куды трэба!) маячыў доўга.
А калі праходзіў уперад, часам ізноўку бачыў, Што мне і зараз пайсці трэба б было іначай...
* * *
Чым звівацца вужакаю, лепш Развітацца з зямлёй назаўсёды. Як вада, як паветра, як хлеб, Чалавеку патрэбна свабода.
Без свабоды ён — птушка без крыл, Што ў карчэўі, падбітая, скача: Па блакіце — ці чуеш той крык? — Дзень і ноч душа яе плача.
* * *
Вылузваючыся з бітком набітага тралейбуса (У мяне аж пырснулі гузікі з пінжака), Я раптам стаў ля дзвярэй як укопаны: Над імі — белым па чорнаму — Мне проста ў вочы грозна крычалі словы: «Выйсця няма!» Хацеў я ізноў малаціць па баках локцямі, Каб прабіцца назад I знайсці дзе-небудзь выйсце, Ды бачу: усе спакойненька праходзяць і тут! Я рушыў за ўсімі і яшчэ раз пераканаўся, Што заўсёды можна знайсці выйсце — Нават там, дзе Выйсця няма!
ТАПОР
Ці ў бор яго пусціш, ці ў двор, Ці ў сад, залаты ад пладоў, Усюды наробіць дроў Тупы, хоць і востры, тапор.
Хіба ж пра што думае ён — Усё без разбору ссячэ: Рабінку, у квецені клён Ці галаву з плячэй.
Гатоў ён жыццё загубіць, Скірованы гаспадаром... Аднаго толькі бойся: быць У чужых руках тапаром!