Выбрать главу
МАРНАТРАЎСТВА
Так, не пазнаць сёння вёскі: Дзе яе кроснаў лёскат? Не тчэ, не прадзе ўжо: яе Крама цяпер адзяе. Ды прыйдзе зіма ў госці — Няма дзе рук дзець вёсцы. I вось — не смешкі, не жарты — Гуляе вясковец у карты!
Як прыкра: старыя дзядзькі, Былыя майстрыхі — жанкі У воблаках дыму сівога Б'юцца ў падкіднога! Іх і нядзелі і будні Крадуць чырвы ды бубны. Крычу ім: куды гэта варта — Вяскоўцам гуляць у карты!
Спрадвечная працаўніца, I ткалля, і пралля, і жніца, Часам — дзён гэткіх транжырка! Вёска, як пасажырка, Што села на поезд недзе I ўдалеч іншую едзе З Учора свайго ў Заўтра... Хто там гуляе ў карты?
АВЕЧАЯ СПРАВА
Бляялі раз-пораз ды, кідаючыся ў нецярпенні па хляве, глуха грукаліся бакамі аб сцены. А цяпер, выпушчаныя на волю, клубкамі коцяцца па густа запыленай вуліцы — Хутчэй, хутчэй на выган! Там да травы прыпадаюць адразу, пыскамі вострымі шнырачы па купінах — Ні на міг не адрываюцца ад зямлі, За цэлы дзень і на неба не глянуць — што ім воблакаў белыя ветразі, што ім сусвету вечна юная сінь! Адным заняты яны — назбіраюцца травы, каб потым, лежачы ў цёплым хляве, лена зубамі яе перажоўваць, то заплюшчваючы, то зноў прыадплюшчваючы вочы,
у якіх адно: сытая задаволенасць. I так — кожны дзень. Ніякіх клопатаў у галаве — Пра ўсё за іх думае гаспадар: жытло ім ладзіць, выпускае на пашу, сена рыхтуе ім на зіму. Шчаслівыя, знаць не знаюць яны, што іх чакае пасля. Ды што ім тое «пасля» — ім толькі б цяпер пад'есці. Пад'есці! Да ўсяго ж астатняга — якая ім авечая справа!
ДВУЛІКІЯ ЯНУСЫ
Калісьці жыў на зямлі двулікі Янус: На адным твары — два розныя лікі. Сёння (я сам сустракаў) таксама бываюць на свеце двулікія янусы. Толькі свае два розныя лікі хаваюць яны пад маскай адналікасці!
* * *
На падмурку хлусні Ты будуеш дом свайго шчасця? Абклейваеш гэты падмурак паперай, на якой з такім майстэрствам ён намаляваны — на выгляд, і праўда, як з цэглы! Адно: трэба заўсёды яго падмалёўваць і падмалёўваць, бо, не давядзі бог, заўважаць, на чым стаіць дом твайго шчасця. Гэта ж любы можа тады падысці і ткнуць у падмурак пальцам — Рухне вобзем адразу ж дом твайго шчасця.
ПРАЎДА I КРЫЎДА
Калі праганяецца Праўда, Вылазіць на свет Крыўда. О, бойцеся Крыўды — яна — сляпая: Забойцу — міне, бязвіннага — пакарае.
* * *
На тое ж у нас галава на плячах — Каб думаць. На тое ж у нас галава на плячах, Каб разабрацца, дзе золата, дзе гніль блішчыць на карчах. На тое ж у нас на плячах галава, Каб на кручок хлусні не брацца, Каб палічыць хаця б, што два на два — Чатыры, а не дваццаць. На тое ж у нас галава на плячах — Каб — без завалаў, ясны — у Заўтра пракласці шлях.
ЧАС
Час — ён складаецца з нас (і віну за людскія заганы і болькі не ўскладвай на час): час — гэта мы, мы — гэта час.
* * *
Прыстаў да льду каліны ліст — Няўжо былі тут хвалі? Раку пад злы хаўтурны свіст Мяцеліцы хавалі. Маўчала доўга ў берагах Яна глухой парою, Згубіўшы след свой у снягах Пад ледзяной карою.
I хоць не бачыла святла — Ці ходзіць небам поўнік? — Але і ў цемры той жыла, Як і заўсёды, поўна.
Рабіла зноў у схове льду Работу несціхана: Каб не мялеў, сваю ваду Нясла да акіяна.