* * *
Мо ў тым і ўсе нашы пралікі,
Уся памылка, можа, ў тым:
Мы часта марым аб вялікім,
Задавальняемся ж малым.
I тое, чым жывём употай,
Што ў сэрцы носім мы здавён,
Усё адкладваем на потым,
Усё чакаем лепшых дзён.
Дні ж лепшыя — адкрыйма вочы!
Нясуцца міма. Назаўжды!
А мы бразгочам, мы бразгочам
Той драбязою праз гады!
Пасля спахопімся, ды — позна:
Ўжо рыбка выслізнула з рук!
Гадоў былых ніякай позвай
Назад не вернеш, мілы друг!
Так па прывычцы губім сілу
Мы зноў на спраў маленькіх рой.
Ну, а вялікае?
Ў магілу
Нясём з сабой, нясём з сабой!
* * *
А можа б, ён і жыў між нас,
Каб мы былі дабрэй на трошкі?
Мо дабраты яму якраз
I не ставала нейкай крошкі?
Хто ведаў з нас, што, франтавік,
Хаваў ён, ціхі, ранаў немач
I што на болю наступ звык
Зубамі толькі скрыгаць нема?
Няпраўда, што мы дбаем больш,
Як кажуць, аб сваёй кашулі.
Ды ўсё ж бяды прадвеснік — боль
Яго
мы ў лёце дзён не ўчулі.
Не ўбераглі, не ўсцераглі...
Магчыма, тут зусім няварта
Нас дакараць — што мы маглі? —
Ды ўсё ж я — нібы вінаваты.
Так апусцела ўсё кругом!..
I думка лезе мне ў самоце:
А як жа будуць без яго
Людзі на балоце?
* * *
Быць дабрэй,
Быць чысцей,
Пра людзей (яны ж усе
бездакорныя па прыродзе!)
Думаць часцей.
Не, гэта — не мода,
Гэта (зноў жа адтуль,
з краіны маленства,
Адкрытай, як неба) —
Душы патрэба.
* * *
Белы верш —
як распрэжаны конь,
што пусцілі на канюшыну.
А можа, ўсё-такі часам —
каб бег куды трэба —
Цуглямі рыфмаў
яго закілзаць?
ДЗЕДАЎ НАКАЗ
Не забыць бы дзедавага
Слова залатога:
Не рабі ліхога,
Не кажы пустога.
* * *
Разбегліся думкі мае,
як мурашкі —
якая куды.
Я хацеў іх сабраць
у клубок —
спакайней бы было,
калі б былі яны ўсе пры мне.
Але паспрабуй ты за імі ўгнацца!
Зловіш адну — другая ўцячэ.
Я лаўлю іх, лаўлю.
Покуль якая - небудзь не зловіць мяне
I не павядзе за сабою.
А астатнія будуць чакаць сваёй чаргі...
СЯБРАМ-ПАЭТАМ «ПРЫЗЫВУ» ПЯЦІДЗЕСЯТЫХ
Вось і прыйшла пара для справаздач.
Ніл Гілевіч
Як непазбежна льецца
Вада жывая — Час!
Яшчэ ж мы ўчора, здэцца
(Не прызнавалі нас?),
Насілі — разам з краем —
Празванне «малады».
А ўжо — глядзі — збіраем
У зборнікі гады.
Як вехі — даты, даты.
Тасую годы, рад,
I вершы, як салдаты,
Выстрайваюцца ў рад.
Байцы святла, любою
Пагодай, першацвет,
Ішлі на поле бою —
На поласы газет.
Няслі з сабой ад стрэхаў
Зямлі трывогі-сны,
Нямоўкнучае рэха
Бяды людской — вайны,
Усё паведаць праглі:
I горкую, без слоў,
Жальбу удоў, і скаргі
Закінутых палёў.
У людзі ў строфах неслі
Пах лесу, дым расы,
Звон жніва, роднай песні
Жывыя галасы.
А з імі, з казкай красак —
Жыцця ў радках стае! —
Няслі й памылкі часу,
А часам — і свае.
Зару зямлі трубілі.
Бывала — неўпапад.
I, як салдат, іх білі,
Любілі, як салдат.
Пазналі, і не скупа,
Яны — не падаць ніц —
I вастрыню і тупасць
Рэдактарскіх нажніц.
Ды хоць смылелі раны
I кліч часамі глух,
А ўсё-ткі ветэраны
Свой захавалі дух.
Дык ці ж у новым часе —
Шумі, жыцця прыбой! —
Ляжаць ім у запасе?
Ізноў — у бой!