Выбрать главу

— А ну — рукі ўгору! I вылазь на свет божы!

Піліпок спачатку ўзняў рукі, трымаючы вілы, але тут жа ўцяміў, што ў змроку хоць i месячнай, але туманнай ночы нялёгка разгледзець, што за зброя ў яго руках, i кінуў рагач на зямлю.

Двое дазорных у даўгіх шынялях з вінтоўкамі наблізіліся да яго.

Заікаючыся ад хвалявання, хлопец стараўся хутчэй сказаць пра галоўнае:

— Дзядзечкі, там... немцы... цэлы дзень пушкі вазілі... На нашым полі паставілі... ля бярэзніку... i яшчэ павезлі... Дзядзька Ціхан кажа — можа наступленне новае павядуць...

Салдаты слухалі моўчкі, не выказваючы пі радасці, ні ўдзячнасці. Піліпку здалося, што яны не вераць, i ён зноў нагадаў:

— Мой бацька салдат, у нашым войску.

Але i на гэта дазорныя нічога не адказалі.

Толькі калі Піліпок расказаў, як дзядзька Ціхан правёў яго на балота, салдат спытаў:

— А чаго ён сам не пайшоў, дзядзька твой? Малога паслаў...

Доўга прыйшлося тлумачыць, чаму не мог пайсці дзядзька. Toe, што дзядзька ранены на японскай вайне, салдат неяк узварухнула. Пачалі распытваць пра гаспадарку, пра дзяцей. А пра батарэі нямецкія нібы i забыліся. I не спяшаліся нікуды хлопца весці, хоць Піліпок разумеў, ды i дзядзька казаў, што яго павінны прывесці да вышэйшага камандзіра, можа нават да генерала. Дзядзька вучыў, як трымаць сябе перад афіцэрамі, як звяртацца да ix. Хлопец спалохаўся, як бы гэтыя салдаты, такія абыякавыя да таго, галоўнага, з-за чаго ён ішоў, не надумалі адаслаць яго назад. Нясмела спытаў:

— Куды ж мяне, дзядзечкі?

Салдаты, адразу абодва, пачухалі патыліцы.

— Цябе да начальніка каравула трэба,— i адзін спытаў у другога: — Але хто павядзе, Іван? Ты ці я?

Іван доўга маўчаў. Піліпок зразумеў, што нікому з ix не хочацца аставацца тут, пасярод балота, аднаму. Баяцца напэўна, як ён у сенцах. Не дарэмна яго за чорта палічылі. Іван, відаць, быў чалавек добры, ціхі, паслужлівы, бо ўрэшце згадзіўся:

— Вядзі ты. Я адзін пакаравулю. Толькі хутчэй вяртайся.

— Ды куды ўжо вяртацца! Змену прышлюць.

Іван стоена ўздыхнуў. Піліпку зрабілася шкада салдата, якому трэба стыць тут, на балоце, можа да раніцы. Калі тую змену прышлюць?

— Бяры, хлопча, свае вілы. Пайшлі.

У каравульным бліндажы ўсе спалі — салдаты на падлозе, на саломе, афіцэр, перацягнуты партупеямі,— узваліўшыся грудзьмі на самаробны, на козлах, хісткі столік.

Чадзіў ліхтар «лятучая мыш», было душна, смярдзела прэлымі анучамі.

Салдат, які прывёў Піліпка, выцягнуўся перад сонным афіцэрам, узяў пад казырок, сказаў даволі гучна:

— Ваша благароддзе!

Афіцэр не прачнуўся. Спаў ён па-дзіцячы моцна, ажно слінкі цяклі на стол.

Прачнуўся нехта з салдат, параіў:

— Ты ix патрусі добра. Ix благароддзе ведаеш, як спіць.

Салдат нясмела дакрануўся рукой да афіцэрскага пагона, зашаптаў у вуха:

— Ваша благароддзе! Ваша благароддзе!

Афіцэр урэшце падхапіўся, адразу ж нацягнуў на галаву фуражку, якая ляжала на стале, няўцямна залыпаў вачамі i тут жа пачаў лаяцца:

— Чаму гарланіш, дурань, над вухам? Не навучыш вас, скаціну, ніяк!

— Ваша благароддзе! — у адказ выцягнуўся салдат i далажыў на поўны голас: — Пост нумар два затрымаў перабежчыка... Адтуль, з-за фронту...

Афіцэр перавёў сонныя вочы на Піліпка, прыжмурыўся, доўга ўглядаўся ў постаць хлопчыка з аброццю цераз плячо, з рагачом. Здзіўлена перапытаў, як бы не даючы веры:

— Гэ-эты?

— Так точна, ваша благароддзе!

Афіцэр хмыкнуў i зняважліва махнуў рукой, як бы адкінуў ix, i салдата i хлопца, ад сябе.

— На гаўптвахту! Заўтра разбяромся.

Дзядзька расказваў, што такое гаўптвахта, як туды садзілі салдат, i Піліпка спалохала гэтае слова, спалохала, што яго не пусцяць да вышэйшага камандзіра, не дадуць расказаць пра тое, дзеля чаго ён ішоў праз ноч, па балоце, па ледзяной вадзе... А можа здарыцца, што i дадому не адпусцяць.

Ён ступіў да стала і, поўны рашучасці, ледзь не крыкнуў:

— Немцы батарэі ставяць на вас!.. Там, за балотам,— махнуў віламі так, што афіцэр адхіснуўся. I, пэўна, толькі ў той міг адляцеў ад яго сон.

Падхапіўся, паправіў партупею, пісталет на баку, як перад вышэйшым камандзірам.

— Батарэі? Якія батарэі? Чакай. А ну, пайшлі ca мной!

Вось у такім выглядзе — у мокрых штанах i лапцях, у саматканай світцы, з рагачом у руцэ i з аброццю цераз плячо Піліп Жменька апынуўся ў афіцэрскім бліндажы.

Бліндаж быў вялікі, як добрая хата. Гарэлі ажно дзве яркія лямпы. «Во не шкадуюць газы»,— падумаў сялянскі хлопец. Сцены абшыты новымі шалёўкамі, столь — з бярвенняў, ад ix прыемна пахла смалой. У нос яшчэ ўдарыла добрым тытунём i духамі.