Выбрать главу

Два тыдні чыталі пісьмо. Два тыдні жылі надзеяй.

Дзядзька Іван прыехаў увечары, калі ўсе былі дома i Вася толькі што прынёс дровы, выслухаў матчыны папрокі i запальваў «буржуйку», каб трохі нагрэць на ноч пакойчык. За акном злосна скавытаў марозны вецер. Я баялася ветру; калі ён вось так пачынаў галасіць i ляпаць бляхай на суседнім даху, у нас рабілася вельмі холадна, а печка пачынала дыміць, дым еў вочы i раздзіраў грудзі, кашаль аддаваўся болем ва ўсім целе.

Дзядзька нядобра пастукаў у дзверы — загрукаў не як жаданы госць, а як узлаваны сусед. Маці адчыніла i, убачыўшы брата, не кінулася да яго — адступіла i няўцямна глядзела, як на чужога прышэльца. Мы з Васем глядзелі гэтак жа моўчкі, не разумеючы, што адбылося. Дзядзька быў з пустымі рукамі, з адной маленькая торбачкай.

Нейкі момант я чакала, што нехта іншы, як добры казачны чарадзей, з-за дзядзькавай спіны ўкіне ў пакой той мяшок, які сніла я, бачыла ў яве кожны раз, калі думала пра хлеб.

Дзядзька агледзеў наш бедны пакойчык, «буржуйку», якая такі дыміла — дровы, як на бяду, не разгараліся, кінуў позірк на мяне, захутаную, пасінелую ад голаду i холаду, i раптам сарваў з галавы кудлатую авечую шапку, выцер ёй вочы i шыбнуў на падлогу. Прахрыпеў:

— Няма хлеба. Няма. Адабралі. Заграднікі. Прасіў. Маліў. Даведку з воласці паказваў, што свой хлеб, галодным пляменнікам вязу. Куды там! Слухаць не захацелі. Спекулянт, кажуць... Гадаўё! Зладзеі! Галадранцы! Усю Расею разарылі. Да голаду давялі... Каб вам есці — не наесціся ніколі гэтым хлебам!

Пакрыўджаны мужык — страшны ў гневе. За хлеб можа бога i бацьку роднага праклясці. Дзядзька так разышоўся, што лаяўся самымі брыдкімі словамі, не звяртаючы ўвагі на нас, малых.

Маці спачатку слухала, анямелая, ашаломленая, i галавой так ківала, быццам згаджалася i пацвярджала. А потым схамянулася i на дзядзьку закрычала:

— Ты чаго гэта пры дзецях размацюкаўся? Бога пабойся. За пуд хлеба людзей праклінаеш.

— Не пуд, а тры.

— Хіба ж яны, заграднікі, для сябе яго забралі?

— А для каго ж?

— Для бацькі ix,— паказала маці на нас,— каторы буржуяў б'е. Для рабочых галодных...

— Пабачу, як ты накорміш ix тым хлебам. Колькі яны табе дадуць яго...

— Васьмушку дадуць! Васьмушку! — у роспачы, у злосці закрычала маці, падбегла да шафчыка, што вісеў на сцяне, выхапіла з яго пайку на заўтрашні дзень на траіх нас — скібачку з маю далоню.— Во колькі дадуць! Во! Але даюць! A буржуі ды спекулянты, каб сумелі, то даўно б нас голадам задушылі. А вы там... морды наелі, хлеб у зямлю пазакопвалі i казанскімі сіратамі прыкідваецеся. Рабочая ўласць вам не па нутру! Каго ты праклінаеш? Каго? Падумай! Сын жа твой таксама ў Чырвонай Арміі.

— Мой ды твой на фронце, па вагонах мяшкі не трусяць,— агрызнуўся дзядзька, але мякчэй ужо — зразумеў, што глупства нагарадзіў. Шапку падняў з падлогі, на падаконнік паклаў, па-мірнаму сказаў:

— Ды крыўдна ж, сястра. Для галодных дзяцей вёз. Для тваіх жа. Не дзеля нажывы...

— Некаму трэба i мяшкі трэсці,— не сунімалася маці.—Не было б заградатрадаў — хто вазіў бы хлеб у Маскву? Думаеш, рабочы? Спекулянты ўсё захапілі б. А гэта ж буржуі недабітыя. A ў каго хлеб — у таго i ўласць. Дык ты хочаш, каб зноў фабрыканты ды купцы хамут на нас надзелі? Не, не дапусцім. Паслухай ідзі, што рабочыя кажуць. Галадаць будзем, але кланяцца ў ногі пузатаму Калашнікаву не пойдзем!

Ніколі не бачылі мы маці такой — вочы гарэлі, кулак! сціснуты, i ўсю яе ажно трасло. I слоў такіх не чулі.

Ад Васі я чула ix, бо Вася не прапускаў ніводнага мітынгу. Вася нават Леніна слухаў, улетку, да таго яшчэ, як у Леніна стралялі. A маці i на мітынгах не часта затрымлівалася, бо трэба было даглядаць мяне, хворую.

Дзядзька Іван, відаць, таксама ніколі не бачыў сваю сястру такой угневанай i смелай. А каб баба такія вучоныя бальшавіцкія словы гаварыла, то пра гэта ён, мужык, i не сніў, бо ў сяле яшчэ такога не было. Дзядзька апраўдвацца пачаў:

— Ды мы што... проціў уласці хіба?.. Саветы зямлю далі. Але ж хіба парадак гэта — хлеб адбіраць? Хто яго вырасціў? Каму яго вязуць? Ты разбярыся... разбярыся, кажу я, таварыш начальнік. Бо калі ты ад рабочай уласці, то абыходзься са мной як са сваім таварышам, бо што Ленін абвясціў? Саюз рабочых i сялян. А ён мне, заграднік гэты: змоўкні, кажа, контра, спекулянт! Па мордзе, кажа, відна, што сала жарэш кожны дзень. A хіба я вінаваты, што яна чырвоная ў мяне, морда?