Выбрать главу

— Дык бацьку ж забралі, як вайна пачалася.

Пабедавалі салдаты, што не могуць памагчы хлопцу.

Хоць рушылася надзея знайсці бацьку, але неяк лягчэй зрабілася ад добрай i шчырай спагады. Ды тут яго паклікалі. Фельдфебель. На салдат ён мацюкнуўся — проста так, для парадку. Але з Піліпком быў добры, лагодны — не такі, як уначы. Павёў па доўгай пакручастай траншэі. Па-ранейшаму там, на лініі акопаў, ляскаталі кулямёты, праўда, не так злосна, як паўгадзіны назад, калі разбудзілі хлопца: цяпер кулямёты быццам дражнілі адзін аднаго. На пясчаным пагорку, дзе траншэя была самая глыбокая, над галавой заціўкалі кулі, шлёпалі ў пясок каля самага бруствера. Піліпку захацелася паглядзець, як кулі прабіваюць зямлю. Але не паспеў ён падумаць, як атрымаў па патыліцы ад фельдфебеля, які ішоў следам.

— Не высоўвайся, дурань! Я за цябе адказваю. А то тут не адзін кулю злавіў.

У лагчыне, дзе працякаў ручай i куды кулі не даляталі, каля паходнай кухні Піліпка накармілі смачным супам. Кухар падліваў яму гушчы разы два, стаяў побач, глядзеў, як хлопец есць, i ўздыхаў. Піліпок здагадаўся: успамінае сваіх дзяцей.

Пасля фельдфебель павёў яго абмундзіроўвацца. Ды тут, у капцёрцы, Піліпкова мара — боты — не ўзрадавалі, а наадварот, засмуцілі i нават абразілі. Боты былі не простыя салдацкія, а хромавыя, бліскучыя, маленькія, на высокіх абцасах. Хлопец адразу сцяміў, што боты жаночыя. Ды i фельдфебель, гледзячы, як Піліпок абувае ix, растлумачыў:

— З сястры міласэрнай сцягнуў.

Піліпок уявіў, як сястра (бачыў ix, калі нашы адступалі), у белай касыначцы, з чырвоным крыжыкам над ілбом, маленькая кволая, не хацела аддаваць боты, i як вусаты фельдфебель паваліў яе i сцягнуў боты. Ад такога ўяўлення зрабілася брыдка, прыкра, крыўдна, траха не да слёз шкада было незнаёмае сястры. Хацеў адмовіцца абуваць гэтыя боты. Ды пра суровасць фельдфебеляў расказваў яшчэ дзядзька, i Піліпок больш, чым афіцэраў, баяўся гэтага вусатага негаваркога чалавека, які можа сцягнуць боты нават з сястры. Нейкая маленькая прыязнасць да яго з'явілася толькі тады, калі фельдфебель сам, умела, спрытна, пачаў падшываць рукавы i полы ў шынялі, які мусіў надзець Піліпок.

Шынель падабаўся. I шапка салдацкая. Во каб з'явіцца гэтак дадому! Дзядзьку пад казырок: «Ваша благароддзе! Радавы Піліп Жменька вярнуўся з баявога задання!» Колькі радасці было б у маці, у бабулі, у малых! Успомніў пра ix — i зноў засмуціўся. Засмактала ў сэрцы: так яны блізка — маці, дзядзька — i так далека. Калі сюды ішоў, усё здавалася прасцей. А цяпер думаў з трывогай — як вярнуцца? Можа салдацкая апратка гэтак аддаліла? I хлопцу стала шкада світкі свае i лапцяў. Не стрымаўся — папоасіў фельдфебеля, каб вопратка не згубілася дзе ў завалах салдацкай амуніцыі.

— Мне ж, дзядзечка, назад ісці, за фронт.

— Калі снарад капцёрку не разнясе — нікуды не дзенецца,— няласкава буркнуў фельдфебель.

Прыемна стаць такім жа салдатам, як бацька недзе. Але ў нязвыклай амуніцыі адчуваў сябе няёмі^а i нязграбна. Даўгі шынель блытаўся ў нагах, вузкія абцасы ботаў угрузалі глыбока ў пясок. Ботаў гэтых Піліпок проста-такі саромеўся. Здавалася, што салдаты, якія стаялі каля кухні, сустракаліся ў траншэі, разглядалі яго з насмешкай. Многія пыталіся:

— Што, папаўненне?

Адны казалі «гаспадзін фельдфебель», другія ж звярталіся проста, па-свойску — «Іваныч».

Але ўсім ён адказваў коратка i непрыветліва:

— Папаўненне.

A Піліпку хацелася кожнаму праўдзіва i далікатна растлумачыць, хто ён i чаму тут.

Адзін салдат, што бег з цэлай вязанкай пустых кацялкоў, пакручаста мацюкнуўся на такі фельдфебеляў адказ, выгукнуў:

— Даваяваліся, маць вашу...

Фельдфебель узлаваўся, сунуў салдату пад нос кулак:

— Ты ў мяне, сукін сын, дакаркаешся да трыбунала!

I хоць пасля гэтага фельдфебель зрабіўся яшчэ больш суровы i пануры, Піліпок зразумеў, што салдаты яго не вельмі баяцца i што, відаць, у сапраўднасці ён не такі ўжо злосны.

У тым жа афіцэрскім бліндажы, куды Піліпка прывялі ўначы, тыя ж афіцэры аглядалі яго ў новай форме. Нехта ўхваліў:

— Харош!

— Чым не салдат?! — заключыў другі.

А прапаршчык Дакука сказаў:

— А па-мойму, дрэнна. Навошта гэты маскарад? Калі вы хочаце паказаць патрыёта, пакажыце яго ў натуральным выглядзе.

Капітан Залонскі нахмурыўся, памаўчаў i раптам згадзіўся:

— Панове, прапаршчык мае рацыю. Фельдфебель! Вярнуць у ранейшы выгляд! Аброць i рагач!

Назад фельдфебель ішоў такі злосны — нікому ні слова ў адказ ні на прывітанне, ні на пытанні! — што Піліпку ажно шкада яго зрабілася. Хлопец адчуваў сябе вінаватым: праз яго гэтулькі турбот чалавеку!