Піліпок не баяўся чалавека са скрынкай, хоць той i ў вайсковым адзенні, i знарок не вельмі пяўся выконваць яго загады. Нават хацеў на яго абразлівыя мянушкі адказаць:
«Сам ты варона!»
Але стрымаўся: навошта заядацца з чалавекам, якога бачыць, напэўна, першы i апошні раз?
Калі вярталіся назад на пазіцыі, нехта злітаваўся (Піліпок не сумняваўся, што Залонскі — хто ж яшчэ!) — яго каня таксама асядлалі. Праўда, сядло далі аблезлае, падранае, без аднаго стрэмя, але ехаць на ім было лягчэй.
Аднак усё роўна пад вечар хлопец стаміўся так, як не стамляўся выбіраючы цэлы дзень бульбу ці барануючы поле.
Расказаўшы новым салдатам пра сябе (Івана Свірыдавіча ў зямлянцы не было), паслухаўшы ix, Піліпок заснуў непрыкметна, прытуліўшыся спіной да шурпатых бярвенняў сцяны. Ды пасля нехта з салдат падаслаў яму шынель i паклаў на бок: дзіця ёсць дзіця.
А позна ўвечары хлопца разбудзілі i сказалі, што ён павядзе атрад на той бок.
Сказаў чорны, вусаты i суровы з выгляду ротмістр Ягашын. Піліпок чамусьці баяўся гэтага маўклівага чалавека, які, хоць i ездзіў разам у штаб, аднак за ўвесь дзень не сказаў яму ніводнага слова. Але ўсё адно хлопец узрадаваўся — нарэшце, пойдзе дадому!
Атрад чакаў у бярэзніку каля паходных кухняў. Конны. Але коннікі дзіўныя, у цемры яны мелі злавесны выгляд — у чорных бурках i чорных папахах. I гаварылі не па-русску, не як казакі. Піліпку асобнага каня не далі. Яго легка, як зусім малога, падхапіў адзін з коннікаў, пасадзіў перад сабой. Ад буркі пахла аўчынай, але не так, як ад дзядзькавага кажуха. Чужым пахла. Ехалі да вострава. Там, на востраве, было не два вартавыя, як у мінулую ноч, а многа салдат. I капітан Залонскі. Ен сказаў Піліпку па-вайсковаму коратка i рашуча:
— Выведзеш да тае батарэі, што бачыў.
Хлопец хацеў сказаць, што ўначы не так проста выйсці туды, бо гэта няблізка ад балота, а каля балота — немцы, i ў цемры на ix легка наскочыць. Але ніхто яго не слухаў. Капітан даваў загады іншым людзям.
Піліпок адразу як бы пасталеў за якую хвіліну, бо адчуў усю сур'ёзнасць i небяспечнасць таго, што будзе рабіцца ў гэтую ноч. Перад страшнай невядомасцю здалося недарэчным шкадаваць такую рэч, як боты. Цяпер яны — не дарагая ўзнагарода, а так — драбяза, якую сунулі яму, як малому цукерку. Каб боты былі не на нагах, ён, напэўна, легка кінуў бы ix у кусты. Але не было калі пераабувацца, i ён шыбнуў у кусты пакунак з лапцямі.
Ішлі па насціле i па вадзе моўчкі, нават ступаць стараліся так, каб дрыгва не чаўкала. Піліпок — першы, мацаючы рагачом у тых мясцінах, дзе насціл разрываўся. За ім — Ягашын. Ён лічыў крокі — колькі прайшлі, i, калі правальваўся так, што чэрпаў халявамі ваду, шэптам лаяўся брыдкімі словамі, чамусьці ўспамінаючы «турэцкага бога». Следам за імі ланцугом ішлі тыя, у папахах, але без бурак, у адных фрэнчах з кішэнямі для патронаў: буркі пакінулі на востраве. Над балотам узняўся туман, але стаяў яшчэ нізка. На грудках горцы, як прывіды, выходзілі з туману, i Піліпок бачыў, як уздымалі яны галовы к чорнаму небу: маліліся ці шукалі свае зоркі? Ад гэтага рабілася жудасна.
Ротмістр спыніўся, спытаў у Піліпка:
— Далека да берага?
— Не ведаю.
— Па маіх падліках — недалёка. Пойдзеш адзін i разведает, што там.
Такі давер зноў усцешыў i амаль узрадаваў: ротмістр, яго каўказцы баяцца ісці, а вось ён пойдзе i разведае. Дзіўна: адзін ён адчуваў меншы страх, чым з салдатамі. Падумаў: добра было б, каб на беразе чакаў дзядзька Ціхан. Вось ён прывёў бы дакладненька да батарэі, бо помніць тут кожны куст i кожны камень...
На беразе нікога не было — дзядзьку рана, ён сказаў, што чакаць будзе пад раніцу.
Дзіўна, што немцы дагэтуль не выявілі насцілу i не ставяць пост на выспе, як нашы. Але немцы блізка: чуць правей бліскаюць агеньчыкі — пэўна, там акопы i зямлянкі.
Піліпок вярнуўся.
Па лесе ішлі, трымаючыся адзін аднаго. Пад нагамі шамацела лісце —i ротмістр зноў лаяўся. Фыркнулі недалёка коні — i ўсе застылі, прыгнуліся да зямлі. Ягашын зноў паслаў Піліпка: калі наперадзе нікога няма, няхай кугікне па-савінаму.
Піліпок без перашкод выйшаў на ўзлесак i кугікнуў. Атрад доўга не прыходзіў, i ён, баючыся, што яны пайшлі не туды, кугікнуў тройчы. За гэта афіцэр, калі падышоў, упікнуў:
— Раскаркаўся! Загадай дурню богу маліцца. Куды цяпер?
Піліпок прызнаўся, што ён не ведае, куды ісці. Нічога ж не відаць — ноч. Вёў яго сюды дзядзька.
Афіцэр зноў вылаяўся.
— Герой!..
Пасля стаў на калені, выцягнуў з кішэні кругленькую рэч накшталт кішанёвага гадзінніка, але стрэлка ў ім свяцілася жоўта-зялёным водбліскам i дрыжала. Піліпок не ведаў тады, што прылада такая называецца компасам.