Ротмістр зашамацеў паперай, сказаў нешта горцам. Яны схіліліся над ім, загарадзілі з усіх бакоў. Тады ён чыркнуў запалку, каб разгледзець карту. Доўга прымяраў нешта той прыладай са стрэлкай. Паказаў Піліпку рукой:
— Сюды.
Што ж, сюды дык сюды... I хлопец зноў пайшоў першы. Без страху i асаблівай асцярогі. Яму — абы хутчэй скончыць гэтую справу, развітацца i вярнуцца дадому: батарэю можа i не знойдзе, a Ліпуны знойдзе i пасярод ночы. Дойдзе да раўчука, паўз раўчук да дарогі...
Ішлі яны нядоўга. Раптам наперадзе зусім блізка ўгору шуганула белая ракета. Асвяціла наваколле. Піліпок прасачыў за яе палётам, i калі яна, прачарціўшы ў небе дугу, падала ўніз, глянуў на зямлю i...
Ротмістр ірвануў яго за нагу, гнеўна зашаптаў:
— Лажыся! — i выліў цэбар брыдкіх слоў,— Звязаўся я, дурань, з табой!.. Знайшлі правадніка, ідыёты!
— Дзядзечка,— забыўся хлопец на «ваша благароддзе»,— там — батарэя.
— Дзе?
— Вунь тутачка недалёчка пушкі стаяць. Хіба вы не ўбачылі?
Адкуль хлопцу было ведаць (ён жа ішоў наперадзе), што калі ўзвілася ракета, ротмістр i яго славутыя харобрыя коннікі ўраз зарыліся насамі ў зямлю, нюхалі пасохлы палын.
—Ты не памыліўся? — адразу палагоднеў Ягашын.
— Ды не, на свае вочы бачыў, як вас удзень. Там кусты правей. Адна пушка ля самых кустоў, другая вышэй на пагорачку...
— Ша! Ляжы i не пікні! — i сам адпоўз назад. Шамацеў быльнік — спаўзаліся ў адно месца чаркесы.
Ротмістр доўга шаптаўся з імі. Пасля вярнуўся назад да Піліпка, які за гэты час угледзеў там, дзе бачыў пушкі, агеньчык — нехта курыў, напэўна вартавы. Сказаў афіцэру пра агеньчык. Той быццам не паверыў:
— Нешта адзін ты ўсё бачыш.
Гэта пакрыўдзіла хлопца; хіба ж ён сляпы, ці што?
— Вы гутарылі, а я глядзеў.
Ляжалі на астылай зямлі доўга, так доўга, што Піліпок нават заснуў, ці яму здалося так. Ва ўсякім разе, скалануўся ад холаду — «душа прымерзла к целу», як казала маці. Ноч хоць i немарозная, ды восень ёсць восень, a світка яго — ветрам падбітая.
Побач курыў у рукаў ротмістр i зноў чамусьці лаяўся, сам сабе, пад нос.
Піліпок не стрымаўся, далікатна спытаў:
— Ваша благароддзе, чаму мы ляжым?
— Не твая справа! Заткніся! — прашыпеў афіцэр.
Здалося Піліпку, што ротмістра ліхаманіць, цела ажно цялёпаецца, быццам не на зямлі ляжыць, а гойдаецца ў сядле. Нарэшце ротмістр нешта сказаў салдату, што ляжаў побач. Той шэптам, на сваёй мове перадаў каманду іншым. Горцы падняліся і, схіліўшыся ледзь не да самай зямлі, асцярожна ступаючы, пайшлі ў бок батарэі.
Ротмістр сказаў Піліпку:
— Ты аставайся тут, — i гэтак жа асцярожна пайшоў за сваімі падначаленымі.
У хлопца бліснула думка: «А навошта мне мерзнуць тут? Ці не шыбануць у другі бок — дадому? Калі добра пабегчы, нагрэешся i хутка будзеш на печы».
Не адразу ён пачуў, што ззаду, у нагах яго, ляжыць чалавек. Пачуў — уразіўся i спалохаўся. Нічога не баяўся, а тут моцна-такі спалохаўся.
«Вартуюць. Навошта мяне вартуюць?»
Горац падпоўз i лёг побач, на тое месца, дзе ляжаў ротмістр, зацмокаў языком.
— Малчык, зачэм вёл? Зачэм рэзат, нэ понымаю. Мала страляць, мала рубаць шашкай, да? Надо рэзат горла, да?
Толькі тады Шліпок зразумеў, што ротмістр i горцы пайшлі рэзаць нямецкіх салдат. Уявіў, як ix рэжуць, сонных, — жахнуўся. Прыгадаў словы маладога афіцэра з дзіўным прозвішчам — Дакука: «Вам хочацца крыві? Гэта не в айна, гэта — бойня!»
Піліпок упершыню падумаў, што калі яго вартуюць, то, напэўна, не хочуць адпускаць дадому. Вырашыў: «Уцяку. Як; толькі пойдзем назад, у лесе ўцяку».
Начную цішыню паласнуў жудасны крык — там, на батарэі. I адразу ж бухнуў стрэл. Шуганула ўгору ракета, засіпела i патухла ў вышыні. Навокал усчалася страляніна. Недалёка загрукаталі боты аб зямлю — беглі. У святле другой ракеты, дальняй, Піліпок разгледзеў, што бягуць ротмістр i чаркесы, нясуцца, што ёсць сілы, міма ix, да лесу i балота. Хлопца таксама апанаваў страх; ён забыўся пра сваё жаданне ўцячы i кінуўся следам за імі. Горац, што быў пры ім, задыхана клікаў:
— О, алах! О, алах!
Піліпок не чуў раней такога слова i думаў, што той кліча некага са сваіх. Але хіба такі ціхі кліч мог пачуць алах?
Стралялі па ўсім фронце. Напэўна, на нямецкую трывогу адгукнуліся рускія акопы. Усе дальнія стралялі, безумоўна, у белы свет, як у капейку. Але на батарэі, пэўна, пачулі ці ўбачылі, куды пабеглі «начныя госці». Кулі ціўкалі над галавой. Адзін з горцаў упаў i закрычаў амаль такім жа жудасным голасам, як нехта там, на артылерыйскай пазіцыі. Усе, акрамя ротмістра, кінуліся назад, падхапілі раненага таварыша, панеслі.