Выбрать главу

Ротмістр лаяўся, падганяў:

— Быстра! Вы! Жалкія трусы!

У лесе пайшлі павольней. Спыняліся. Насцярожана ўслухоўваліся ў блізкую i далёкую страляніну, якая паступова затухала. Слухалі кожны шолах. Палохаліся ўласных крокаў. Выбіліся ў густы алешнік i там грузлі траха не па пояс ў балоце. Чапляліс.я за купіны, за карэнне. Падалі. Паранены стагнаў.

Ротмістр кіпеў — чуваць было па яго сапенні, але маўчаў — не лаяўся, баяўся ўзвысіць голас. Накінуўся быў на Піліпка злосным шэптам:

— Ты куды нас завёў, Сусанін?

— A хіба я вёў? Вы самі беглі,— на гэты раз смела запярэчыў хлапчына.

— Ды беглі,— памаўчаўшы, згадзіўся ротмістр.— Як зайцы. Як апошнія баязліўцы. Цьфу! Славутыя лазутчыкі! «Языка» i таго не змаглі ўзяць. Ды я ca сваімі казакамі...

Горцы, якія спыніліся адпачыць, загаманілі на сваёй мове. Адзін сказаў:

— Зачэм, ваша благароддзе, ругаць? Зачэм не брал казак? Наш лазіл балота, да? Наш ходзіл горы! Как его браць, «языка», когда он кричал, как баран?

Ротмістр сурова асек:

— Разгаворы!

Выйшлі з алешніку на голае балота, над якім вісеў белы туман. Спыніліся на сухім грудку, не ведаючы, куды ісці далей. Дзе ён, той плёс чыстай вады, пад якой хаваўся насціл,— направа ці налева?

Піліпок быў упэўнены, што адхіліліся яны направа, ён з вопыту, з блуканняў на папасе ведаў, што ўначы чамусьці заўсёды адхіляешся ўправа. Пайшлі налева. I сапраўды хутка знайшлі знаёмы плёс.

Калі вярнуліся да атрада, хлопец палічыў, што ён сваю справу зрабіў, сумленна, да канца i нават больш, чым думаў сам i чым меркаваў дзядзька Ціхан, а таму трохі нясмела, хвалюючыся, забыўшыся на вайсковы тытул, сказаў афіцэру:

— Дзядзечка, мне ж дадому трэба. Я пайду...

Ротмістр не адразу нават зразумеў.

— Да якога дому?

— Да сваіх. Да маткі... У Аіпуны.

— Ты што — ашалеў? Чуў, якога шуму нарабілі? Акрамя таго, я маю загад даставіць цябе ў полк жывога ці мёртвага.

Гэтае «ці мёртвага» страшэнна ўразіла хлопца. «Навошта я ім, ды яшчэ мёртвы?»

Спалоханы, ён больш i не падумаў, каб уцячы. Паслухмяна пайшоў цераз балота. Зноў наперадзе.

— Вось так тутэйшы хлапчына Піліпок Жменька стаў радавым 117 Кацярынаслаўскага пяхотнага палка 2-й арміі Піліпам Жмяньковым,— перапыняючы расказ, заключыў генерал з сумнай усмешкай.

Я зразумеў: тая далёкая кастрычніцкая ноч была мяжой, ад якой пачыналася зусім іншая біяграфія, іншы лёс, ды i сам чалавек зрабіўся другі.

Пра сваё лапцюжнае маленства генерал расказваў з замілаваннем, прачуласцю, падрабязна, дэталёва, але трохі як бы адасоблена: пэўна, не толькі нам, слухачам, але i самому яму здавалася, што расказвае ён не пра сябе, а пра некага іншага. Не дарэмна, відаць, i форму расказу выбраў такую — ад трэцяй асобы: герой — не я, а ён — той далёкі хлопец.

Даўно астылі рэшткі нашага грыбнога супу, засохлі на газеце скібкі хлеба. Згарэла галлё, якога мы з Міхасём нацягалі, чакаючы генерала. Невысокае вераснёўскае сонца, якое апоўдні выглянула з-за хмар i добра яшчэ прыпякала, пачало хавацца за маладыя сосны, што абступалі прасеку, на якой мы так утульна асталяваліся.

— То можа час i дадому, — сказаў генерал, глянуўшы спярша на сонца, пасля на гадзіннік.— Па дарозе даскажу.

— Ды не, Піліп Рыгоравіч, дарогі, здаецца, будзе мала. Даскажыце тут. У лесе лепш слухаецца. Пэўна ж самае цікавае ў вас наперадзе.

— Можа не самае цікавае, але былі яшчэ прыгоды. Што ж, калі маеце такое жаданне, то давайце нарыхтуем дровы, каб агеньчык трашчаў. А заадно разамнёмся трохі. А то памлелі мае старыя ногі.

Аднак падняўся ён з зямлі больш спрытна, чым мы, маладзейшыя. Узброіўся сякерай.

Прыцягнулі цэлую гару галля.

Весела палыхнула полымя кастра...

— Праўда, салдатам зрабілі мяне не адразу. Дзён колькі я быў ніхто, прыблудны хлопчык у салдацкай зямлянцы. На мяне як бы забыліся. Паны афіцэры забыліся.

На другі дзень пасля начнога паходу я чакаў, што штабс-капітан Залонскі пакліча i зноў скажа словы, якія ўзбадзёраць,— скажа, калі я вярнуся дадому. Але ніхто не клікаў. Самому ісці ў афіцэрскі бліндаж было боязна. Блукаў па траншэях у надзеі спаткаць Залонскага, ды той быццам знік з батальёна.

Ротмістр Ягашын сказаў на балоце: «Ведаеш, што такое ваенная тайна? Трымай язык за зубамі пра тое, што адбылося ў гэтую ноч,— нікому ні слова».

Але я не вытрымаў. Раніцой Іван Свірыдавіч спытаў:

— Куды цябе цягалі на ўсю ноч?

I я расказаў праўду. Я ўвогуле не ўмеў маніць. A схлусіць такому чалавеку — усё роўна што дзядзьку Ціхану. A хіба ж дзядзьку не расказаў бы я ўсё, няхай бы хоць пеклам пагражаў вусаты ротмістр?