Выбрать главу

Іван Свірыдавіч нахмурыўся, калі я расказаў пра напад на батарэю.

— I многа парэзалі ix, немцаў?

— Не. Хіба аднаго. Ён закрычаў нечалавечым голасам. Чаркесы ўцяклі. Ротмістр лаяў ix. Называў палахліўцамі.

— Мяснік, сукін сын, гэты ротмістр,— у злосці сказаў Іван Свірыдавіч.

Я не разумеў злосці яго.

Успомніўшы ротмістраў наказ i сваю размову з Іванам Свірыдавічам, я пачаў думаць: караюць мяне за тое, што не ўмеў хаваць тайны ваеннай. За гэта могуць доўга не пусціць дадому. Каб правучыць. Могуць зусім не пусціць. Ад думкі такой халадзеў. Маці ж памрэ ад гора. Хто араць будзе, сеяць?

У дадатак да сваіх душэўных пакут, у той дзень аДчУЎ я ўвесь жах вайны. Да таго пры ўсёй цвярозай сялянскай развазе я ўсё яшчэ аставаўся хлапчуком-рамантыкам, якому хацелася подзвігу, славы.

Немцы, напэўна, вырашылі адпомсціць за начную вылазку рускіх, за страх, які перажылі, i якраз жа ў абед, калі салдаты з акопаў пацягнуліся па траншэях да палявых кухняў, зрабілі нечаканы моцны артылерыйскі налёт. Казалі пасля — паўгадзіны стралялі. А мне, гаротнаму, здалося — дзень i ноч: навокал то святлела, то засцілалася цемрай. Малацілі па зямлі, як цапамі.

Я таксама ішоў да кухні, калі разарваўся першы снарад. Мяне, навічка, яшчэ пацягнула глянуць — дзе, як? Але нехта з салдат схапіў за каўнер, зацягнуўу вузкую i глыбокую бакавую траншэю. Траншэя канчалася пакрыццем з бярвенняў у два ці ў тры накаты. Але пакуль мы прыбеглі, у шчыліну тую набілася людзей, як селядцоў. Тады той жа незнаемы салдат штурхнуў мяне ў яму ад снарада — дагэтуль жыве ў арміі перакананне, што снарад ніколі не трапляе ў старую варонку.

Над намі, здавалася, расколвалася неба, пад намі — сутаргава ўздрыгвала i лопалася зямля: пясок, камякі, трэскі, анучкі нейкія, а можа часткі цела чалавечага — ляцелі ўгору i падалі на нас, засыпалі ў яме жывых. Дагэтуль помню, які смяртэльны страх апанаваў мяне. Да таго многа розных страхаў перажыў я, але такі ўпершыню — калі здалося, што гэта канец, што я пахаваны ўжо. Бегчы, уцякаць? Паспрабаваў вылезці з ямы, шкроб пальцамі зямлю, да крыві здзіраючы пазногці. Але блізкі разрыў адкінуў назад, у магілу, i ўсё перавярнулася дагары: унізе — нябесная бездань, а нада мной — зямля, увесь цяжар яе. Зямля забіла вушы, рот, вочы, i я нічога не чуў, нічога не бачыў i... не адчуваў. Нават страх знік, бо, здавалася, ратунку няма, а таму няма чаго трапятацца i кідацца: ляжы ціха, канай i чакай, калі ангелы панясуць цябе на неба — пра такое шчасце расказваў нам у школе айцец Яўстафій. Але, мабыць, бог не хацеў яшчэ пускаць да сябе, i неба, шэрае, асенняе, доўга, бясконца доўга кідала на зямлю маланкі i гром.

Калі раптам сціхла i пачуўся чалавечы голас: «Жывы?» — здалося мне, што гэта пытаюць ужо на небе, бо на зямлі сто гадоў не было такой цішыні. Не адразу паверылася, што я жывы. Падняў мяне на ногі той жа салдат, што цягаў за каўнер па траншэі.

— Маліся богу. Пранесла,— сказаў салдат.

Але бога ў душы маёй пе было, была там пустэча, цёмная i глухая, як бяздонная яма. Аглушаны, душэўна паранены, я хадзіў як цень.

Пад вечар хавалі забітых. На вясковых могілках вярсты за паўтары ад пазіцый. Адпявалі нябожчыкаў два папы ў чорных рызах. Дымілі залатымі кадзіламі, нараспеў чыталі імёны тых, хто ляжаў у дамавінах, не такіх, як рабілі ў вёсцы нашай — з дошак, а як скрынкі — з шалёўчын. Дамавіны стаялі каля даўжэзнай магілы. Я налічыў ix дзевятнаццаць. Нябожчык у адной быў накрыты белай прасціной, пасля казалі —не знайшлі галавы. У другой дамавіне я пазнаў таго фельдфебеля, які ўчора — не верылася, што гэта было ўсяго дзень назад — адзяваў мяне ў вайсковае, а пасля раздзяваў, бо так чамусьці захацелася афіцэрам.

Зрабілася млосна. Я адышоў ад магілы i сеў пад каржакаватай сасной. Усё іншае ўспамінаецца як страшны сон. Не толькі тое, што адбывалася ў той дзень, але i на другі ці можа нават на трэці. Усё пераблыталася ў галаве. Прасвятленне пачалося са слёз. Далібог, не помню — на другі ці на трэці дзень залез я ў вузкую бакавую шчыліну, каб быць далей ад людзей, падумаў пра свой няшчасны лес, успомніў маці, дзядзьку, i зрабілася так шкада сябе, што я захліпаў, як малы.

Там i знайшоў мяне Іван Свірыдавіч.

— Ты чаго?

— Да-до-му хачу.

Пачухаў салдат патыліцу, уздыхнуў.

— Дадому, брат, i я хачу. Але слязьмі не даб'ешся свайго права. Пайшлі.

Прывёў да афіцэрскага бліндажа. На шчасце наша, штабс-капітан Залонскі выйшаў сам. Іван Свірыдавіч руку пад казырок.

— Ваша благароддзе, дазвольце звярнуцца.

— Я слухаю вас, радавы Галадушка.