Выбрать главу

Не ў прыклад іншым афіцэрам, Залонскі ўмеў слухаць салдат ветліва, уважліва.

— Чаму гэтага хлапчыну не адсылаюць дадому? Што ад яго яшчэ трэба?

Штабс-капітан задумаўся — нахмурыў бровы, прыжмурыў адно вока, як бы прыцэльваючыся.

— Радавы Галадушка, вы — адукаваны чалавек, а ставіце пытанне так, што я не толькі маю права... я абавязаны... так, абавязаны адказаць проста: «Кру-гом! Шагам арш!» Стоп! Я не раблю гэтага. Я тлумачу: гэты хлапчына чакае ўзнагароды. За свой патрыятычны ўчынак; Жмянькоў прадстаўлены да вышэйшай узнагароды. Hi я, ні нават вы, Галадушка, не пойдзеце ўручаць яму ўзнагароду туды,— з усмешачкай кіўнуў капітан на нямецкія пазіцыі,— Спадзяюся, цяпер вам зразумела...

Не, упарты салдат не хацеў нічога разумець, гэтак жа, як я, прызнацца, мала што зразумеў з ix размовы.

— Высачайшы ўказ будзе надрукаваны?

Капітанаў твар перасмыкнуўся, як бы нехта нябачны сцёр з яго дабрату i лагоднасць.

— Радавы Галадушка, усе мы служым богу, цару, айчыне. Салдат японскай кампаніі Жмянькоў, дзядзька Піліпа, пасылаючы пляменніка, думаў пра нашы вышэйшыя ідэалы... Ён даверыў нам пляменніка, салдацкага сына, i мы паклапоцімся пра яго... Няхай у вас баліць галава па кім іншым. Можаце ісці. А ты, Жмянькоў, астанься.

Вось з таго моманту я стаў салдатам. З таго асенняга адвячорка. Залонскі зрабіў мяне сваім дзеншчыком. I сам умела, цярпліва, не спяшаючыся навучаў быццам бы i не вельмі складаным, але па сутнасці даволі хітрым лакейскім абавязкам, якія ўсталёўваліся стагоддзямі. Панам я да таго не служыў — на сваёй зямлі рабіў. Разы два памагаў бацьку, калі той рабіў у маёнтку на сенажаці ці ў жніво. Але на нашага пана асабліва не скардзіліся, казалі, што плаціць ён лепш за іншых. Праўда, абурэнне супроць паноў я чуў часта, былі ў вёсцы людзі, якія не баяліся сказаць праўду. У нашай жа сям'і бунтароў не было. Наадварот, i бабуля, i маці, i бацька, i асабліва ў школе — настаўнік i поп, вучылі верыць у бога, паважаць старэйшых i багатых, дзялілі людзей хіба толькі на добрых i злых. Адзін толькі дзядзька Ціхан часам кпіў з бога, з цара, але нязлосна, здавалася, абы папалохаць бабулю: тая жагналася i лаяла дзядзьку бязбожнікам, адступнікам, злодзеем. Чаму «злодзеем» — гэтага я ніяк не мог зразумець.

Працаваць я ўмеў. Працаваў дома цяжка, асабліва апошні год. Таму дзяншчыцкая работа здалася амаль забаўкай — падмесці, падаць абед, віно, прышыць падкаўнерык ці гузік, занесці пакет, паклікаць, каго трэба. Кемлівасці ў мяне не бракавала. Адным словам, Залонскаму не спатрэбілася вялікіх намаганняў, каб за які тыдзень, не больш, навучыць мяне прыслужваць яму i іншым панам.

Ласкай пакарыў прыгожы адукаваны афіцэр мае сэрца. I спакоем, уважлівасцю, хітрым уменнем гаварыць як з дарослым, з роўным. Аднак ніколі не дазволіў ні сабе, ні мне пераступіць нейкую вельмі акрэсленую мяжу паміж намі, я кую ён адразу правёў i якую я ўвесь час адчуваў. Але тады мяжа тая здавалася мне зусім натуральнай: хто ён, а хто я! Хіба мог я нават падумаць, што магу калі-небудзь памерацца з ім!

A ўвогуле чалавеку нямнога трэба, нават даросламу, не кажучы ўжо пра хлапчука; даволі, каб вышэйшы, дужэйшы — той, хто над ім, паляпаў па плячы, сказаў цёплае слова, працягнуў пернічак — i чалавек, калі ён не вызваліўся ад забабонаў сацыяльных, рэлігійных, палітычных,— гатовы тут жа ператварыцца ў лакея i аддана служыць свайму дабрадзею.

A Залонскі ўмеў зачараваць не толькі такога смаркача, якім быў я! О, як ён гэта ўмеў! Нават у адносінах з барадатымі салдатамі!

Я не адразу зразумеў, што не ён старшы ў батальёне, што камандзір — падпалкоўнік Шувалаў, а Залонскі начальнік штаба. Але Шувалаў быў глухаваты пасля кантузіі, маўклівы, заўсёды п'яны, i ўсю ўладу ў батальёне трымаў штабс-капітан. Яго не баяліся. Яго любілі. Салдаты любяць дэмакратычных афіцэраў.

Толькі Іван Свірыдавіч сказаў, калі я пахваліўся, што буду дзеншчыком:

— У яго служыць лёгка — друг народу.

Але, здалося мне, сказаў з насмешкай. Хоць я цягнуўся да гэтага салдата — свой чалавек, насмешка яго не падабалася. Між іншым, як разумею цяпер, Залонскі паклапаціўся, каб я не быў пад уплыв ам радавога Галадушкі. На трэці дзень службы мяне перасялілі з салдацкай зямлянкі ў зямлянку каптэнармуса i фельдфебеля. Яны спачатку сустрэлі варожа, але хутка змянілі свае адносіны. Калі я ўбачыў, што i фельдфебель i унтэры пачалі амаль ліслівіць перада мной, то — грэшны, каюся праз пяцьдзесят з нечым гадоў — задраў нос. Пра дамоўку ўспамінаў толькі ўначы, прачынаючыся ад сноў,— тады сціскалася сэрца, агортваў смутак. A ўдзень круціўся, лётаў, як тая вавёрка, па траншэях, на КП, у склад, на кухню, спазнаваў таямніцы службы, спрытна казыраў афіцэрам — i пра іншае забываўся, прываблівала ўся мішура, засмоктвала балота вайны, думалася пра новыя подзвігі. Нават у часе артылерыйскіх налётаў больш так не хаваўся i не дрыжаў. Залонскі заклікаў да смеласці i сам паказваў прыклад. Трэба сказаць праўду — баязліўцам ён не быў.