Вучыў мяне не толькі дзяншчыцкай службе. Больш. Расказваў пра «устройство Государства Российского» — найвялікшай імперыі, на чале якой стаіць усемагутны i наймудрэйшы з цароў — Мікалай Другі, Самадзержац Усяе Русі, Вялікі Князь польскі, літоўскі, курляндскі, фінляндскі, i гэтак далей, i гэтак далей. Але я ніяк не мог запомніць усіх царскіх тытулаў. Пра цара Залонскі гаварыў з такой жа пашанай, як пра бога. Кніжачкі з салдацкай бібліятэкі даваў чытаць. Цікавыя кніжачкі. Хітрыя. Тоненькія, просценькія. I ўсё пра мудрасць цароў i пра подзвігі салдат — верных служкаў царскіх.
I поп ca мной часта гутарыў. Малітвы паўтаралі — тыя, якія я ведаў. I новыя вучылі. Сэнс малітваў тлумачыў. Адным словам, рыхтавалі мяне да нечага.
Гэта нешта прыйшло тыдні праз два. З газетай прыйшло, якую прывёз веставы штаба дывізіі ў халодную i дажджлівую раніцу. У тую раніцу нават немцы маўчалі — не стралялі. У суседзяў недзе, праўда, бухалі пушкі, а «нашы немцы» мелі бога ў сэрцы: была нядзеля. Афіцэры можа да відна гулялі ў карты i спалі позна. Мы з дзеншчыком камандзіра батальёна цішком, ступаючы на насочкі, прыбіралі ca стала рэшткі ix балявання. Тут у бліндаж, як вецер, уварваўся мокры пасыльны. Мы на яго зашыкалі. Але дывізійныя кур'еры не вельмі баяліся афіцэраў-франтавікоў. Знарок грымнуў так, што разбудзіў i Залонскага i ротмістра. Адзін глухі ІІІувалаў не прачнуўся. Капітан, не вылазячы з-пад коўдры, разарваў тоўсты пакет — у ім былі газеты, некалькі газет. Прабег па адной вачамі i заззяў увесь, закрычаў:
— Панове! Панове! Ягашын! Будзі камандзіра! — падхапіўся, абняў ротмістра, трусіў за плечы соннага камандзіра,— Вадзім Паўлавіч! Вадзім Паўлавіч! Ды прачніцеся вы!
— Што? Трывога? — лыпаў вачамі стары падпалкоўнік.
— Указ! Імператарскі указ. Чытайце. Жмянькоў! Паглядзі! Віншую цябе. Што я вам казаў, панове? Мы маем нацыянальнага героя!
У газеце быў мой здымак — у лапцях, з аброццю цераз плячо. Ці даўно тое было? А здалося, што прайшло немаведама колькі часу. Такі здымак трохі азмрочыў маю радасць; для мяне меў большае значэнне здымак, чым царскі ўказ аб узнагароджанні Георгіеўскім крыжам. Сэнс узнагароды я зразумеў пазней. А вось здымак у газеце — гэта рэч. Во каб дзядзька Ціхан i маці паглядзелі! Шкада, не дойдзе да ix газета. Але бацька... Бацька недзе ў нашым войску і, безумоўна, прачытае. I знойдзе мяне! Праз газету знойдзе.
Стаіўшы дыханне, слухаў я Залонскага, які чытаў пра мой подзвіг. Усё было не так. Не білі дзядзьку немцы. I не казаў ён слоў: «Ідзі, дарагі пляменнік. За цара, за бацьку нашага. За веру праваслаўную... Жыцця не пашкадуй, а перадай нашым, як супастаты германскія катуюць народ. Каюся я, што не паслухаў сваіх, не паехаў у бежанства. Ратуйся хоць ты...» I пра батарэі, пра ўмацаванні нейкія таксама нагароджана было такое, чаго я не бачыў i не казаў. Але гэта толькі першае адчуванне — што не так, а пасля пачало здавацца, што сапраўды ўсё было так, як напісана. Пра мяне — дык яшчэ нічога: усё-такі ў галоўным праўда была. А каму вядома, што казаў дзядзька i што я думаў?! Але ў той жа газеце расказвалася пра подзвіг ротмістра Ягашына: як ён з невялікай групай разведчыкаў вывеў ca строю буйнакаліберную нямецкую батарэю. Паколькі ў допісе гэтым не гаварылася нічога пра мяне — што я вёў групу цераз балота, то, паслухаўшы, я заключыў: расказваецца пра нейкі іншы начны паход ротмістра ў нямецкі тыл. I я глядзеў на Ягашына з захапленнем. Во дзе сапраўдны герой!
I за штабс-капітана радасна было. Безумоўна, усё прыдумаў ён, бо мае разумную галаву. Вось Шувалаву, дык невядома, завошта далі такі ж ордэн: камандзір батальёна абыякавы да ўсяго на свеце, акрамя картаў ды віна. За колькі дзён я слова ад яго не пачуў, быццам не існавала мяне, ці не чалавек я. Хаця б вылаяўся, ці што. Баяўся я батальённага. I не любіў.
Ягашын, які крыклівы i злосны, але i той абняў мяне. жартаўліва пацягнуў за вушы, пратанцаваў вакол стала. А пасля, голячыся, фанабэрыста падкручваў вусы i спяваў. A Шувалаў сядзеў пануры, надзьмуты, як стары індык, быццам не радасць, а бяду прынеслі ў бліндаж. Залонскі паслаў мяне разнесці ў роты газеты (ix было некалькі), каб пачыталі салдатам, а заадно паклікаць ротных i ўзводных камандзіраў. Была ж нядзеля, ішоў дождж, немцы маўчалі, дык чаму не замачыць узнагароды!
Пацягнула мяне, наіўнага дурня, перш за ўсё пахваліцца Івану Свірыдавічу. Ускочыў у ix зямлянку, крыкнуў: