Выбрать главу

«Прайшоў агонь, ваду, медныя трубы». Кажуць, прайсці медныя трубы — гэта прайсці цераз славу, самае цяжкае выпрабаванне. Была ў мяне слава, пазней, у сталыя гады, сапраўдная, заслужаная. Ды ніколі ўжо так не кружылася галава, як закружылася тады, у чатырнаццаць гадоў. Не, не ў той дзень, калі прыйшлі газеты i афіцэры запівалі царскія ўказы. У той дзень на мяне не звярталі ўвагі: павіншавалі — i забыліся. У той дзень у мяне больш смутку было, бо адчуваў я сябе адзінокім, як той прапаршчык Дакука. I раздвоеным: хацелася пайсці да Івана Свірыдавіча, да салдат, але чамусьці было боязна, праўду баяўся пачуць, ці што. Чалавек часам цягнецца да праўды i баіцца яе.

У славу я акунуўся на трэці дзень. I панесла мяне, браткі, за воблакі.

Залонскі зноў павёз у мястэчка, у штаб дывізіі. Там доўга круцілі мяне ажно тры вайсковыя краўцы i да вечара скроілі мундзірчык — парадны, як належыць георгіеўскаму кавалеру. Пасля ўсе разам — Шувалаў, Залонскі, Ягашын, афіцэры ca штаба — паехалі на конях да станцыі, адтуль цягніком — у Мінск. Упершыню ехаў я па чыгунцы, бо ад нас яна далека — вёрст сорак. Ужо ад аднаго гэтага галава кружылася.

А пасля — Мінск з гмахамі, якія вясковаму хлопцу здаліся бог ведае якімі вялікімі, з конкай, з такім мноствам людзей, што ўвесь горад здаўся вялізным кірмашом. Колькі паноў у капелюшах! Колькі паняў i паненак у футрах! I вайскоўцаў — больш, чым на фронце. Здзівіла, помню, мноства міласэрных сясцёр. Усіх жанчын у форме я лічыў тады за сясцёр, пазней даведаўся, што большасць з ix аціраюцца ў розных штабах ды камітэтах.

Крыж Георгіеўскі ўручылі мне ў бялюткай зале, з бліскучай i слізкай падлогай, па ёй боязна было хадзіць. Паўз сцены стаялі афіцэры ў парадных мундзірах i пані ў шыкоўных сукенках. Яны дружна пляскалі ў далоні. Угары, недзе над галавой, іграў ваенны аркестр.

Генерал (пасля я даведаўся — камандуючы фронтам Эверт) гаварыў прамову аб патрыятызме народу i маім подзвігу. Яго часта перапынялі воплескамі.

Спачатку мяне апаноўваў страх, а потым у нейкі міг (бываюць такія пераскокі) я зрабіўся спакойны i ўпэўнены, нават, калі хочаце ведаць, трохі нахабны — гэткая сумесь кароткай лакейскай вывучкі i сялянскай хітрасці: за ўсім назіраў пільным вокам, усё запомніў, каб нічога не прапусціць i выхапіць што-небудзь смешнае, што можна расказаць салдатам; я ўжо ведаў, што салдаты любяць смешнае пра генералаў i паноў. Калі ад'ютант прычапіў мне на грудзі Георгія чацвёртай ступені, а генерал нахіліўся i халоднымі вуснамі чуцьчуць дакрануўся маёй скроні, Залонскі, які стаяў непадалёк, кіўнуў галавой, i я закрычаў звонкім голасам — ажно рэха адбівалася ад узорыстай столі:

— Ваша правасхадзіцельства! Я дзякую гасудару імператару, бацьку нашаму. Дзякую вам, ваша правасхадзіцельства, i ўсім вам, вашы благароддзі, дамы i паны! За веру, цара i айчыну не пашкадую свайго маладога жыцця!

Прамова мая зрабіла ўражанне. Грымнулі трубы аркестра. Білі ў далоні. Старыя пані прамакалі хусцінкамі вочы.

Нездарма вучыў мяне Залонскі i ў бліндажы, i ў цягніку, i тут, у Мінску, перад уручэннем узнагароды. Вучань я быў кемлівы, настаўніка не пасароміў. Дваранства, афіцэры, чыноўнікі царскія, ix жонкі i дочкі, ачмурэлыя ад патрыятычнага чаду, напалоханыя нядаўнім нямецкім наступленнем, на адзін вечар пусцілі ў вышэйшы свет сялянскага хлопца. Я стаў кумірчыкам старых паняў. Яны кармілі мяне ў буфеце цукеркамі, шакаладкамі, паілі, як каня, усялякімі напіткамі. За ўсё жыццё я не з'еў столькі салодкага, як у той вечар. У мяне распытвалі пра подзвіг. I я, просты, ціхмяны хлапчына, які дома лічыў за вялікі грэх зманіць каму-небудзь старэйшаму,— там, каб падабацца паням, бессаромна хлусіў, заліваў, як кажуць, так, што ў самога вушы вялі. Праўда, большасць гэтай хлусні не сам я выдумаў — узяў з газеты ды з таго, што расказвалі Залонскі i Ягашын карэспандэнтам. I пра нямецкія зверствы там, у тыле (яны былі, зверствы, але ж я ix не бачыў). I пра тое, як дзядзька сказаў: «Ідзі, пляменнік, за веру нашу праваслаўную, за цара». I як я поўз між нямецкіх дазораў. (Чорт ix бачыў, гэтыя дазоры!)

— Філіпка! А каб злавіў цябе немец?

— А рагач навошта?

— Рогач? Цо то рогач? — прапішчала нейкая полечка.

— Рагач — гэта вілы.

— Даў бы ў грудзі — не пікнуў бы. Вінтоўку — з рук.

— Ах, які малайчына! Во дзе сіла народная!

— А каб ix многа было, немцаў?

— Што вы, мілая, прычапіліся да хлопца? Вам трэба, каб на дзіця наваліўся цэлы полк?

— Філіпка! А дзе ты будзеш цяпер?

— На фронце.

— Кім?

— Дзеншчыком капітана Залонскага. Калі падрасту — стану унтэр-афіцэрам.