Выбрать главу

Дзядзька не прыйшоў. Выпаў снег —i я перастаў чакаць яго. (Праз тры гады даведаўся, што дзядзька не мог прыйсці: неўзабаве немцы выслалі ўсе сем'і далей ад фронту, ажно пад Сувалкі.)

Не варта вам расказваць, што такое акопнае жыццё. Якое жыццё! На вайне людзі не жывуць. Яны дзейнічаюць як механізмы, дэталі, вінцікі адной вялікай i страшнай машыны. Толькі тады, калі чалавек выпадае з гэтае машыны, пачынаецца чалавечае жыццё, нават калі апаноўваюць пакуты не меншыя, маральныя i фізічныя — голад, холад, боль. Але за фронтам, за пазіцыямі, чалавек усё-такі жыве. У акопах жа, ды яшчэ зімой — гэта нейкае пячорнае існаванне, дзе людзей мучыць адна думка: як выжыць — ад варожай кулі, ад снарада, які можа заляцець у любы міг, ад холаду, ад вошай, ад прастуды?

Зіма стаяла суровая. Дровы інтэнданцтва не падвозіла, i ў нашым лясным краі салдаты не проста стылі — мерзлі. Удзень паліць у зямлянках забаранялася, каб не дэмаскаваць пазіцыі. Запальвалі, калі цямнела. А дровы — хоць выкручвай ix; секлі навакольныя хмызы, пакуль разгарацца — паўночы праходзіць. У афіцэрскія бліндажы давалі дровы сушэйшыя — з куханных запасаў. Дзяжурылі мы каля печы па чарзе; адну ноч дзядзька Яўмен, другую я — падкідалі паленні, каб паны афіцэры не змерзлі. Калі не было карцёжнай ігры, то капітан Залонскі (тады ён стаў ужо капітанам) позна чытаў. I мяне прымушаў чытаць салдацкія кніжачкі — пра рускіх цароў ды пра герояў, якія жыццё аддавалі за цароў. Часта сам расказваў рускую гісторыю. Цікава расказваў — заслухаешся. Але выходзіла з яго расказаў, што мудрэйшых, як рускія цары, не было на свеце. Адзін быў неі дурны — Напалеон, ды i таму канец прыйшоў у Расіі. Хітра пан афіцэр даводзіў, што ўсё ў дзяржаве трымаецца на царскім розуме, што, маўляў, без «государя-императора», не вырасла б жыта, не скавалі б плуга, не адлілі б гарматы, i салдаты хадзілі б не як салдаты, а як быдла.

Між іншым, калі я пачаў трохі разбірацца, што да чаго, то прыкмеціў, што ў размовах, у спрэчках у афіцэрскім коле, за выпіўкай, Залонскі зусім не быў такі манархіст (слова гэтае я пачуў ад прапаршчыка Дакукі), як, напрыклад, ротмістр Ягашын. Той кінуўся на Дакуку з рэвальверам, калі прапаршчык выказаўся з насмешкай пра ваенныя здольнасці — не, не цара! — вялікага князя. Чуць разнялі ix, п'яных. Дзіўна, што Залонскі не паварушыўся, калі яны схапіліся за рэвальверы. Мяне спалохаў яго спакой. Я доўга думаў: няўжо капітан так спакойна пыхкаў бы цыгаркай i не зрушыўся б з месца, калі б Ягашын стрэліў у прапаршчыка?

Але нішто не магло пахіснуць мае адданасці каштану, улюбёнасці ў яго. Дабратой прывязаў ён юнага дзеншчыка. Ды i не аднаго мяне. Дзядзька Яўмен таксама любіў начальніка штаба. «Ента — чалавек»,— казаў ён, i я ведаў, што ў маўклівага тамбоўца вышэйшай пахвалы не было. Пра ротмістра ён казаў: «Ента — гаспадзін, ядрона вош, на высокім кані сядзеў бы, каб грашанятак больш меў, зямелькі, значыцца».

I салдаты любілі Залонскага. Іван Свірыдавіч таксама добра выказваўся пра яго яшчэ тады, увосень, калі я толькі перайшоў. Хоць пазней часам пасміхваўся, калі хто хваліў яго благароддзе^

Аднойчы, не помню, з якой нагоды, разгаварыўся я ў салдацкай зямлянцы, захацелася ведамі пахваліцца, i пачаў я «цёмным салдатам» расказваць пра «святое житие» імператараў расійскіх. Безумоўна, блытаў i хлусіў, упэўнены, што ніхто больш за мяне не ведае.

Паслухаў мяне Іван Свірыдавіч, уважліва гэтак паслухаў i пахваліў: «Малайчына, кажа, добрую памяць маеш; каб пайшоў у навуку, падбіў бы панам абцасы». А пасля пачаў сам расказваць пра тое ж — пра тых жа цароў, пра тыя ж паходы i войны. Але вынікала з яго расказу зусім іншае: ні святымі, ні разумнымі цары не былі, не за праўду i веру ваявалі, а дзеля ўзбагачэння свайго i ўсіх паноў. Цары ды паны багацелі, a мужыкі кроў лілі, касцьмі зямлю ўгнойвалі. Моцна гэта мяне ўразіла — што адно i тое ж можна па-рознаму разумець i тлумачыць. У кніжачках i расказах Залонскага было больш прыгажосці, i яна вабіла, гэтая прыгажосць, бо душа юнацкая ўсё яшчэ прагнула незвычайнага. A ў расказах Івана Свірыдавіча — адчуваў я нутром — праўда, тая праўда, якой не хапала людзям; нездарма салдаты слухалі яго, разявіўшы раты, самі выводзілі гэтую праўду. Іван Свірыдавіч тады яшчэ адкрытых высноў не рабіў: маўляў, я расказаў, а вы думайце, калі маеце галовы. Можа старым салдатам лягчэй было, яны паўздыхаюць, памацюкаюцца i — кожны за сваё. A ў маёй юнацкай галаве доўга немаведама што рабілася! Такая блытаніна, такая каламуць, што сам чорт заблудзіўся б у думках маіх i перажываннях, як у лесе. Сэрца мае разрывалася паміж Іванам Свірыдавічам i Залонскім. Між іншым, добра помню: я паверыў амаль адразу, што мінулыя войны пачыналіся з-за тых прычын, пра якія расказваў Іван Свірыдавіч, а вось што да той вайны, якая забрала ў мяне бацьку, родную хату i самога загнала ў акопы, то чамусьці я доўга ніяк не мог пагадзіцца, нібыта пачалася яна з-за таго, што цары, паны ды буржуі ніяк не маглі падзяліць паміж сабой свет — зямлю, моры, пралівы i людзей. Навошта зямля i як яе дзеляць, гэта я, сялянскі сын, ведаў. Але мае ўяўленне аб вялікім свеце было абмежаванае, i я, напрыклад, ніяк не мог уявіць, што людзі могуць забіваць адзін аднаго з-за вады, ды яшчэ салёнай,— са школы я ведаў, што ў моры вада салёная. Юнацкая душа мая пратэставала, што столькі людзей гіне, льецца столькі крыві з-за такіх нізкіх чалавечых пачуццяў. Гэта ж тольKi непісьменныя сяляне могуць пабіцца за разору ў полі ці за пакос на сенажаці. I то дзядзьку Ціхана абуралі такія бойкі; ён спяшаўся развесці суседзяў, сароміў ix, лаяў, мірыў. А каб цары ды генералы ішлі адзін на аднаго вайной з-за салёнай вады — такая прычына здавалася мне несур'ёзнай. Больш да сэрца была тая прычына, якую чуў з самага пачатку вайны,— што ў немцаў іншы бог, што яны здзекаваліся з нашага бога i цара, хочуць захапіць нашы землі, паставіць над рускімі людзьмі свайго кайзера, перавярнуць усіх у сваю веру. З-за гэтага кожны пойдзе на бой. Той жа Галадушка кінуўся ў атаку i закалоў двух немцаў. Хіба ж кінуўся б ён, каб не верыў ні ў бога, нІ ў цара i быў перакананы, што вайна ідзе з-за нейкіх праліваў на краі свету, якіх ніхто з салдат не бачыў i ніколі не ўбачыць?