Цяжкі гэта быў роздум, пакутлівы. Хацелася пагаварыць яшчэ з кім-небудзь, хто мог бы ўсё прасвятліць. Але хоць Іван Свірыдавіч i не папярэджваў, я даходзіў сваім розумам, што лепш, каб паны афіцэры пра такія размовы не ведалі. Магчыма, што я нават трохі спалохаўся i разгубіўся на нейкі час. Пачаў слухаць Івана Свірыдавіча з недаверам i нават стрымліваўся, каб яшчэ раз заглянуць у салдацкую зямлянку. А цягнула туды ў доўгія зімнія вечары, бо афіцэрскія карцёжныя размовы пра віно, пра жанчын, пра выйгрышы, даваенную службу, якія ў пачатку я слухаў з цікавасцю, пачалі надакучаць — нудна, аднастайна. Толькі i было цікавае — вершы, якія чытаў Дакука.
Залонскі гутарыў ca мной удзень, калі мы аставаліся ўдвух — ён выконваў свае штабныя абавязкі, а я — дзеншчыкоўскія. I ўсё больш зачароўваў. Зусім дарагім чалавекам, як бацька, як дзядзька Ціхан, зрабіўся ён мне пасля аднаго выпадку.
Я дзяжурыў з' бліндажы ў халодную ветраную ноч. Удзень была адліга. Валёнкі намоклі, i мае абавязкі пашырыліся: не толькі паліць печ, каб бліндаж не астыў i паны афіцэры не памерзлі, але i прасушыць ix абутак, шкарпэткі. Але ноч мае сваю сілу — я заснуў. Прачнуўся ад крыкаў:
«Гарым, панове!»
У бліндажы было поўна едкага дыму. Афіцэры ў сподніках выскачылі на двор. А я неі разгубіўся: намацаў вядро з вадой, заліў печку.
Выявілася, што спаліў я фетравыя буркі ротмістра Ягашына. Убачыўшы сваю абнову — падарунак маці — абвугленую, ротмістр даў мне такую аплявуху, што з вачэй маіх пасыпаліся зялёныя іскры. Але тут жа пачуў я гнеўны голас Залонскага:
— Што вы робіце, ротмістр? Як вам не сорамна? Ганьба! Я не дазволю біць салдата! Тым больш такога салдата! Якое дзікунства!
— Пайшоў ты!.. — Ягашын вылаяўся груба, па-салдацку,— Слінявы інтэлігент! Смярдзючы дэмакрат!
Яны моцна схапіліся. Камандзір батальёна ледзь развёў ix. Ягашын у тую ж ноч перабраўся ў ротную афіцэрскую зямлянку, а праз тыдзень перавёўся ў другі полк.
Яны сябравалі — капітан Залонскі i ротмістр. I раптам гэтак пасварыліся! Чуў я пасля ад узводных афіцэраў, што каб гэта не ў акопах, не на вайне, то яны напэўна страляліся б на дуэлі. З-за мяне.