Выбрать главу

Цяпер, магчыма, цяжка ўявіць, як гэта ўразіла, расчуліла, узрадавала сялянскага хлопца, што яго пан, яго афіцэр гатоў быў страляцца з другім афіцэрам, каб абараніць свайго дзеншчыка.

Я пакляўся сам сабе, што буду адданы капітану да смерці, жыцця не пашкадую за яго. I як пасля стараўся, каб ва ўсім дагадзіць свайму дабрадзею, каб было яму заўсёды цёпла, чыста, утульна! Я гатовы быў у любы момант засланіць яго ад кулі, ад шаблі.

Іван Свірыдавіч не пасміхваўся, як звычайна, калі раніцой я расказваў салдатам пра гэтае здарэнне, а слухаў уважліва, сур'ёзна i распытваў, як хто з афіцэраў лаяўся, якімі словамі, асабліва зацікавіла яго, што Залонскі сказаў: «Мінуў той час, калі салдата білі»,— i яшчэ: «Не забывайце, ротмістр, што вы ў акопах».

Іван Свірыдавіч так адазваўся на гэтыя словы: «Разумеюць паны афіцэры. Глядзі, можа з каторага людзі будуць».

Многа было на фронце падзей розных — баёў, разведак, смерцяў, салдацкай бяды, дасціпных жартаў. Каб пра ўсё расказаць, трэба не дзень, а тыдзень сядзець каля гэтага вогнішча. Я раскажу толькі пра тыя падзеі, што найбольш уразілі мяне, назаўсёды пакінулі след у маёй мяккай тады, як гліна, юнацкай душы, i што былі звязаны з гэтымі двума чалавекамі — Залонскім i Галадушкам, якія па-рознаму ўплывалі на мяне, па-рознаму вучылі.

Вясной шаснаццатага года, пасля нашага няўдалага наступлення, падпалкоўніка Шувалава забралі i камандзірам батальёна прызначылі Залонскага. Мне здалося, што ён не вельмі ўзрадаваўся такому павышэнню, бо на віншаванні афіцэраў адказваў: «Я штабіст, Панове. Штабіст».

Неўзабаве капітан захварэў на экзему.

У тую вайну гэта была вельмі пашыраная хвароба; лекары казалі — ад акопнай сырасці, а прапаршчык Дакука даводзіў, што экзема — нервовае захворванне. Афіцэры гэтаму не хацелі верыць, лічылі, што, маўляў, слабыя нервы — прыкмета баязлівасці. A ў боязі смерці прызнаваўся толькі Дакука. Магчыма, за гэта яго не любілі, што ён часта казаў: «Усе мы дрыжым за сваё жыццё, бо даражэй за яго нічога ў нас няма. А бясстрашных герояў мы іграем. Як акцёры. Адны гэта робяць таленавіта, другія — бяздарна. Я бяздарны акцёр, Панове. Я не ўмею іграць героя».

Асабліва не падабаліся такія размовы Ягашыну.

Той крычаў: «А гасудар-бацюшка? А вера i айчына вам не даражэй за жыццё, прапаршчык?» Дакука бляднеў i адказваў дзіўна: «Я ідэаліст, ротмістр. Для мяне — усё іншае, самае высокае, існуе да таго часу, пакуль існую я. Дарэмна вы мяне лаеце марксістам, марксісты — матэрыялісты. Я — ідэаліст». Ca здзіўляючай здольнасцю запамінаў я тады словы, самыя адмысловыя, вучоныя. Але сэнс многіх афіцэрскіх размоў зразумеў значна пазней, пасля рэвалюцыі, калі вучыўся на курсах чырвоных камандзіраў.

Выкарыстаўшы сваю хваробу, Залонскі папрасіўся ў адпачынак. Паехаў дадому. Лепш, як дома, нідзе франтавік не адпачне, не палечыцца. Дзеншчыка ўзяў з сабой. Не толькі дзеля сябе, каб усюды — у дарозе, дома — мець служку, але i каб узнагародзіць мяне за адданасць.

Сапраўды, паездка была — найвялікшай i самай прыемнай узнагародай. Я атрымліваў магчымасць пабачыць свет, іншае жыццё. Бо што я дагэтуль бачыў, акрамя вёскі свае ды акопаў, калі не лічыць кароткай, як сон, паездкі ў Мінск па Георгія?

Праўда, дарога была недалёкая — у Харкаўскую губерню, пад Сумы.

Ад Мінска капітан ехаў у вагоне першага класа, у шыкоўным купэ, дзе ручкі зіхацелі, як; залатыя. Мяне прымасціў у гэтым жа вагоне, у цесным правадніковым катуху. Між іншым, сусед Залонскага па купэ, сівы палкоўнік, таксама вёз свайго дзеншчыка, але яго служка, гэтакі ж, як сам палкоўнік, стары вусаты дзядзька, ехаў у салдацкім вагоне i прыходзіў выконваць даручэнні на вялікіх супынках. Я ж увесь час быў пад рукой. Падавай панам афіцэрам на столік — выставіў пляшку каньяку, добрую закусь, якую капітан купіў у Мінску. Шчодрасць капітанава была даспадобы старому палкоўніку. Мабыць, Залонскі расказваў яму пра мяне, бо, калі я ўвайшоў у купэ, палкоўнік сказаў: «Вы знайшлі скарб, каштан. А ты, хлопча, у асобе Усевалада Аляксандравіча маеш бацьку роднага. Шануй яго. Гэта залаты чалавек, гонар арміі рускай».— Каньяк зрабіў палкоўніка шчодрым на пахвалы. «Рады старацца, ваша благароддзе,!» — крыкнуў я на ўвесь вагон i гатовы быў ca скуры выскачыць, каб дагадзіць панам афіцэрам.

У Гомелі цягнік стаяў каля гадзіны. Я атрымаў дазвол пагуляць па вакзале і... упершыню ўбачыў вайну з іншага боку — як больш шырокае народнае гора.

На мінскім вакзале панавала армія дзеючая, баявая, i ўвесь лад нагадваў там прыфрантавую абстаноўку — як, напрыклад, у штабе дывізіі, у мястэчку, куды я часам ездзіў з рознымі даручэннямі.