На фронце параненых бачыш адразу пасля атакі ці артналёту, а пасля ix вывозяць. A ў Гомелі на вакзале я ўбачыў безліч інвалідаў, калек, на мыліцах, перавязаных. Людзі гэтыя, ды i здаровыя салдаты, паводзілі сябе зусім інакш, чым на фронце i ў Мінску,— не выцягваліся так перад афіцэрамі, не казыралі, смела крычалі, лаяліся, многія былі п'яныя, пілі i елі тут жа на лаўках, доле. Невядома з-за чаго тоўсты чыгуначны жандар прычапіўся да маладога салдата i, здаецца, хацеў яго павесці некуды, бо трымаў за локаць. Але ix тут жа абкружылі салдаты. Пачуліся воклічы: «Што яму трэба ад салдата? Медаль хоча зарабіць? На перадавой пакажы свой гераізм, жандарская морда! Адгадаваў ражку!»
Жандар выхапіў свісток, каб узняць трывогу, паклікаць на помач. Але нехта за спіной у яго кляцнуў затворам вінтоўкі, i рука жандарская ca свістком павісла ў паветры. Ён адпусціў салдата i, смешна перакульваючыся, падтрымліваючы шаблю, пабег па зале. «Айда, браток, у эшалон! Там яны не пасмеюць шукаць»,— i ўся група салдат ураз рассыпалася, злілася з натоўпам.
Здарэнне гэтае зрабіла на мяне дзіўнае ўражанне — дваістае, як шмат што іншае. Меў ужо я ў той час даволі моцнае пачуццё салдацкай салідарнасці, а таму не мог не захапіцца смеласцю незнаемых салдат. Але, прывучаны да вайсковага парадку, навучаны павазе да старэйшых па чыне, маючы ўжо грунтоўнае ўяўленне аб тым, што такое армейская дысцыпліна, што ўся сіла войска — у ёй, у дысцыпліне, я спалохаўся: што ж тады можа здарыцца, калі на перадавой салдаты вось так перастануць падпарадкоўвацца афіцэрам? Не стрымаеш жа фронту, i немцы перамогуць нас, заваююць Расію. Разам з тым успомніліся некаторыя словы Івана Свірыдавіча аб тым, як жыве народ, што ён думае пра вайну. Дзіўна: Галадушка нікуды не выязджаў з перадавой, нават у штаб дывізіі яго не пасылалх, а усе ведаў — як жывуць людзі, пра што думаюць.
На прывакзальнай плошчы да мяне нясмела падышлі дзве дзяўчынкі ў лахманах. Старэйшая вяла малую за руку, i тая нясмела папрасіла:
— Дзядзечка, дай капеечку ці сухарык.
Можна было засмяяцца, што мяне, хлапчука, назвалі дзядзькам. Але выгляд дзяўчатак скалануў сэрца. А яшчэ больш кранула i ўсхвалявала, што гаварыла дзяўчынка гэтак жа, як у нашай мясцовасці. Я спытаў — адкуль яны.
— З-пад Слоніма мы, бежанцы. Нас тут многа. Мы ўсю зіму ў палатках жылі. Мерзлі.
За якую мінуту, пакуль мы стаялі, дзяўчынка рас-, казала нямала жахаў, якія выпалі на долю бежанцаў.
Я аддаў ім капейкі, якія меў ад франтавой палучкі, i пануры, з цяжкімі думкамі пацягнуўся ў свой першакласны вагон. На маю радасць ад вясны, ад незвычайнай паездкі, ад палкоўнікавай пахвалы як бы наплыла хмара. Я думаў: добра, што наша сям'я не паехала ў бежанцы. Але тут жа адчуваў сваю віну перад маці, перад малымі. Выходзіла, што я здрадзіў ім, пакінуў адных. Зрабілася сорамна за сваё жыццё. Хоць яно i нялёгкае i небяспечнае — увесь час на перадавой, але ж ніводнага дня я не галадаў так, як гэтыя дзяўчынкі, i апратку ды i абутак добрыя маю. Бач, боты як наглянцаваў.
Пад дзвярамі купэ я пачуў, што паны афіцэры, якія таксама прагульваліся, гавораць пра тое ж — што ўбачылі на вакзале.
— Салдаты разбэшчваюцца ў тыле, пан палкоўнік. На фронце дысцыпліна трымаецца. Блізкасць ворага ўзнімае баявы дух. Я веру ў рускага салдата, — пачуў я словы Залонскага i ўзбадзёрыўся: мой капітан усё-такі лепшы за ўсіх, бо ён заўсёды за салдат.
— Вы аптыміст, Усевалад Аляксандравіч,— адказаў палкоўнік.— А я вам прызнаюся па шчырасці... Я інспекцірую i тылавыя часці i франтавыя. I мне часам робіцца жудасна, што такая маса — мільёны! — мужыкоў атрымала зброю i навучылася нядрэнна страляць. Гэта ж стыхія!
— Стыхію трэба ўмець накіраваць.
— Дарагі капітан, стыхію лёгка накіраваць тады, калі дзейнічае адна сіла, у адным кірунку,— наша сіла. На жаль, гэта не так. Дзейнічаюць розныя сілы. Я вам скажу па сакрэту: у апошні час раскрыты ў часцях арганізацыі сацыял-дэмакратаў, гасудар вымушаны быу зацвердзіць смяротныя прыгаворы. Вы ведаеце, што лідэр самага ваяўнічага крыла рускай сацыял-дэмакратыі — яны называюць сябе бальшавікамі, не ведаю чаму... дык вось, глаўкаверх, кажучы ваеннай мовай, гэтых бальшавікоў Ленін, які знаходзіцца ў Швейцарыі, выступае — за што б вы думалі? — за паражэнне Расіі ў вайне. Вы можаце ўявіць: рускі чалавек выступае за паражэнне! Мне паказвалі яго артыкул. Напісаны, скажу вам, так, што людзей са слабым патрыятычным зарадам можа абяззброіць зусім.
— Не клюне непісьменны рускі мужык на інтэлігенцкую пісаніну.